Адзін з найбольш папулярных фантанаў Гродна, фантан па вул. Маставой каля Гродзенскага драмтэатра, збіраюцца абследаваць. Папярэдні спіс праблем нямалы: палова свяцільнікаў падсвятлення негерметычныя, пачала разбурацца гранітная чаша фантана, а сістэма ачысткі вады не працуе.
На абследаванне фантана хочуць выдаткаваць каля 8 тысяч рублёў з гарадскога бюджэту. Выканаўцаў работ шукала Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка. З абследаваннем тэхнічнага стану фантана павінны справіцца за 5 каляндарных дзён.
Што здарылася з фантанам
У фантане збіліся налады кіравання аўтаматызаваным электраабсталяваннем, стала некарэктна працаваць праграма кіравання самім фантанам, састарэў кампутар. Праз гэта выйшлі з ладу 4 магнітныя пускальнікі, не працуе пераўтваральнік частаты і рухавік на пагружную помпу.
Свяцільнікі падсвятлення не падлягаюць рамонту: у іх парушаная герметычнасць і згнілі платы. З 124 свяцільнікаў страцілі герметычнасць і заліты вадой 50%. У чашы фантана ад вады часткова разбурылася гранітнае пакрыццё.
Гісторыя тэатральнага фантана
Усяго ў Гродне сем вулічных фантанаў, даступных ўсім: на плошчы Савецкай, каля драмтэатра, каля філармоніі, фантан «Сяброўства народаў» каля Беларускага інстытута правазнаўства, фантан на Паповіча каля кінатэатра «Кастрычнік» і два фантаны ў парку Жылібера. Іх абслугоўвае ГКПП «Гарсвятло», а ваду пастаўляе ГУКПП «Гроднаводаканал».
Каскадны фантан каля абласнога драматычнага тэатра з’явіўся у 1984 годзе адначасова з завяршэннем будаўніцтва тэатра. Фантан быў абліцаваны мармурам, з дэкаратыўным падсвятленнем. Абнаўлялі яго ў 2008 годзе падчас рамонту тэатра. Чашу для фантана вырабіў Гродзенскі каменаапрацоўчы завод. Там жа рабілі фантан на Савецкай плошчы і для парка Жылібера.
UPD 25 кастрычніка. У фантане па вул. Маставой прадыягнастуюць шчыт кіравання.
У яго:
- Збіліся налады кіравання аўтаматызаваным электраабсталяваннем фантана,
- Некарэктна працуе кампутарная праграма кіравання фантанам,
- З-за збою кампутарнай праграмы няспраўныя магнітныя пускателі,
- Не працуе пераўтваральнік частаты,
- Не працуе рухавік на пагружной помпе,
- Састарэў кампутар,
- Не падлягаюць рамонту падсвятленне (парушаная герметычнасць і згнілі платы),
- З 124 ліхтарыкаў падсвятлення 50% заліты вадой, з-за чаго падсвятленне не працуе.
- У чашы фантана ад уздзеяння вады часткова разбурыўся гранітнае пакрыццё.
- Не працуе сістэма ачысткі вады.
На гэта выдаткуюць 3 840 рублёў. Працы скончаць да 2 лістапада. Па выніках працы створаць дэфектны акт і рэкамендацыі.
Чытайце таксама: