Абследаванне моста пачалі 15 верасня. Зараз працы ідуць на праезнай частцы. Першапачаткова рух транспарту праз мост абмежавалі з 20 верасня да 17:00 23 верасня. Але ўсё будзе залежаць ад надвор’я, удакладніў пазней начальнік аддзела добраўпарадкавання ЖКГ Гродна Дзяніс Конан. Пакуль для руху даступна па адной (левай) паласе ў кожны бок.
Для абследавання і вызначэння стану на мосце ўскрылі пераднапружаную арматуру, расказаў Дзяніс Конан на «Гродна Плюс». Праектна-каштарысную дакументацыю па капітальным рамонце збудавання рыхтуе «Белгіпрадор». Цяпер пашкоджанні на мосце відаць і няўзброеным вокам, ёсць дзіркі на ходніку.
Якія работы плануюцца на мосце
Раней капітальны рамонт моста на Паповіча збіраліся пачаць у верасні 2022 года, а індывідуальны праект і праектна-пошукавыя працы падрыхтаваць да кастрычніка. Летам гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка праводзіла дзяржзакупку на выкананне праектна-пошукавых работ.
Паводле дакументаў, на мосце планавалі замяніць разразные бэлькі, перабудаваць існуючую статычную схему збудаванні на рамкава-бэлечную неразразную з дэфармацыйнымі швамі ў пачатку і канцы моста. Адрамантаваць і ўзмацніць пралётную будову, адрамантаваць апоры, лесвіцы і конусы, перабудаваць маставое палатно і адрамантаваць асфальтабетоннае пакрыццё на падыходах. Ахоўны пласт гідраізаляцыі павінны выканаць з асфальтабетону. Таксама ў планах быў рамонт сістэмы водаадводу з моста для адпаведнасці колькасці і даўжыні водаадводных і дрэнажных трубак нарматывам. Для моста хацелі распрацаваць каляровае рашэнне і падсвятленне, перабудаваць суднавую сігналізацыю. Тады дзяржзакупку прызналі не здзейсненай.
Колькі будзе каштаваць рамонт
З усіх мастоў, якія збіраюцца адрамантаваць у Беларусі да 2025 года, праект рэканструкцыі Новага моста на Паповіча — самы дарагі. Згодна з пастановай Саўміна ад 29 красавіка 2022 года № 272, на яго капрамонт павінны вылучыць прыкладна 65 млн рублёў з мясцовага бюджэту. Тэрміны рамонту, названыя ў дакуменце — 2023−2024 гады.
Мост здалі ў эксплуатацыю ў 1971 годзе. Капітальнага рамонту з тых часоў не праводзілі. Даўжыня моста складае крыху больш за 300 метраў. Меркаваны тэрмін эксплуатацыі моста пасля рамонту — не менш за 25 гадоў.
Чытайце таксама: