Новы мікрараён размесціцца ў межах вуліц Вясенняя, Каліноўскага, Санфіравай і Паркавая. Грамадскае абмеркаванне плану забудовы пройдзе з 23 верасня да 17 кастрычніка, паведаміў канал Urban Hrodna.
Агульная плошча мікрараёна складзе 47,45 га. Грамадскія цэнтры раённага значэння створаць на скрыжаваннях вуліцы Вясенняй і праспекта Будаўнікоў, вуліцы Каліноўскага і праспекта Будаўнікоў, вуліцы Вясенняй і вуліцы Каліноўскага, а таксама на скрыжаваннях асноўных пешаходных сувязяў унутры квартала.
Вышынныя акцэнты раёна — дамы ў 19 паверхаў - прадугледжаны ў яго цэнтральнай частцы. Яны мусяць сфармаваць горадабудаўнічы сілуэт ва ўвязцы з існуючай шматпавярховай забудовай і гістарычным цэнтрам горада.
Змяшаная жылая шматкватэрная забудова ў 5−10 паверхаў у асноўным фармуецца па перыметры жылога квартала і ўздоўж магістральных вуліц. На першых паверхах дамоў убудуюць аб’екты сацыяльна-бытавога абслугоўвання.
Алея ўнутры раёна і паркінгі па перыметры
Унутры квартала запраектавана азелянённая пешаходная алея з дзіцячымі і спартыўнымі пляцоўкамі і пляцоўкамі адпачынку. Уздоўж яе прадугледжаны аб’екты сацыяльнага і культурна-асветнага прызначэння.
Паркоўкі і паркінгі размесцяць па перыметры квартала па-за межамі двароў. У дварах прадугледжаны праезды для эпізадычнага абслугоўвання будынкаў і захоўвання аўтамабіляў людзей з інваліднасцю. Праектанты прадугледзелі 1 машына-месца на 1 кватэру і дадаткова 180 машынамесцаў для аб’ектаў сацыяльнага, культурнага і бытавога прызначэння з улікам сумеснага выкарыстання.
Куды плануюць размяшчаць дзяцей
У мікрараёне збудуюць дзіцячы садок на 180 месцаў, сумешчаны з пачатковай школай на 200 месцаў. Таксама рэканструююць санаторны яслі-сад № 34 на 180 месцаў. Яшчэ 570 дзяцей хочуць размясціць у перспектыўнай школе, спраектаванай на скрыжаванні праспекта Будаўнікоў - вуліцы Вясенняй або ва ўжо існуючых школах паблізу: рэзерв гімназіі № 2 складае 482 месцы, рэзерв школы № 23 — 90 месцаў.
Можна паўдзельнічаць у грамадскім абмеркаванні
Заўвагі і прапановы (з пазнакай «грамадскае абмеркаванне») з 23 верасня да 17 кастрычніка прымае:
— Гродзенскі гарвыканкам (пл. Леніна, 2/1, 230 023, Гродна / [email protected] / «Электронныя звароты» на grodno.gov.by);
— Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і градабудаўніцтва (пл. А.Тызенгаўза, 3, 230 023, Гродна / [email protected]).
Паглядзець праект самастойна можна будзе з 23 верасня да 7 кастрычніка (
Прэзентацыя праекта пройдзе 5 кастрычніка ў 15.00 у каб. 1 (1 паверх) будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і градабудаўніцтва гарвыканкама.
Чытайце таксама:
На Фолюшы пачалі будаваць першыя дамы новага мікрараёна. Цана за квадрат — амаль 700 долараў
Катэджы, панэлькі і спальныя раёны. Разбіраемся з гарадской забудовай у падкасце «Утульны горад»