Абвінавачанага па справе Аўтуховіча Антона Мельхера перавялі пад хатні арышт. На судзе Мельхер папрасіўся назад пад варту праз умовы ўтрымання. Пра гэта распавяла дачка Мікалая Аўтуховіча ў Instagram.
«Тэрмін утрымання пад вартай выйшаў, таму яго пасялілі ў інтэрнаце без дзвярэй, насупраць жывуць амапаўцы… Антону Мельхеру знялі абвінавачванне ў тэрарызме ў 2021 годзе і пакінулі фігурантам «справы карагодаў», — напісала 2 верасня дачка Мікалая Аўтуховіча.
28-гадовага Антона Мельхера абвінавачваюць паводле арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Яго затрымалі 8 снежня 2020 разам з маці Ірынай Мельхер. Першапачаткова яму інкрымінавалі арт. 289 КК «Акт тэрарызму», але яго знялі.
Мельхер падаў у судзе хадайніцтва па змяненні меры стрымання, паколькі ў камеры ўмовы былі лепшымі, чым у інтэрнаце. «Там няма дзвярэй у пакоі, насупраць за ім назіраюць супрацоўнікі органаў. Вокны нельга адкрываць у памяшканняў, няма пасцельных бялізны і посуду», — напісала дачка Аўтуховіча.
Суддзя адхіліў хадайніцтва і прапанаваў Антону купіць сабе неабходныя бытавыя рэчы.
Фігуранты справы Ірына Мельхер, Уладзімір Гундар і Мікалай Аўтуховіч пракаментавалі рашэнне суддзі — іх выдалілі з залы пасяджэнняў.
Чытайце таксама: Збіццё, агаворы, катаванні і ціск. 10 фактаў пра справу Аўтуховіча, якія мы даведаліся толькі ў залі суда