З 1 жніўня праводзіць мерапрыемствы могуць толькі ўключаныя ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Чатыры гродзенскія ІП і арганізацыі, звязаныя з індустрыяй, ужо з’явіліся ў ім. Некаторыя ўстановы горада паспрабавалі ўступіць у рэестр — вось што ў іх атрымалася.
У чым справа?
Рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў вырашылі стварыць пастановай Савета Міністраў ад 22 чэрвеня.
Цяпер арганізоўваць культурна-відовішчныя мерапрыемствы могуць толькі ўключаныя ў яго арганізатары. У рэестр ўключаць ІП, юр асоб і замежныя або міжнародныя арганізацыі. Вядзе яго Міністэрства культуры. Выключэнне ёсць для дзяржаўных органаў і мерапрыемстваў.
Каго ўжо ўключылі ў рэестр?
З Гродна ў рэестр ўключылі чатырох індывідуальных прадпрымальнікаў. Двое з іх займаюцца культурна-відовішчнымі мерапрыемствамі, адзін — дзейнасцю ў сферы выканальніцкіх мастацтваў і яшчэ адзін — арэндай і лізінгам будаўнічых машын і абсталявання.
Напрыклад, у рэестр ўключылі канцэртнае агенцтва M-AGENCY. Яно займаецца арганізацыяй канцэртаў, фестываляў, падборам і пастаўкай артыстаў, тэхнічным забеспячэннем, рэалізацыяй білетаў і прасоўваннем. Таксама ў рэестры з’явіўся вядучы вяселляў Аляксандр Лахнюк.
У рэестр уключылі «Con moto» — міжнародны праект дыстанцыйных конкурсаў і алімпіяд, дзе дашкольнікі, навучэнцы і настаўнікі могуць прыняць удзел у конкурсах выканальніцкага і педагагічнага майстэрства.
Яшчэ пяць — індывідуальныя прадпрымальнікі, арганізацыі, аграсядзібы Гродзенскай вобласці.
Усяго ўключана 130 арганізатараў. Крыху больш за тыдзень таму іх было 85.
Як быць з канцэртамі?
У Гродне за месяц прайшоў шэраг канцэртаў. Ці пакараюць іх арганізатараў, калі яны яшчэ не ўключаны ў рэестр?
У адным з бараў адзначылі, што праводзяць не канцэрты, бо гэта патрабуе ўзгаднення, а «жывыя выступы». Уладальнікі бара толькі збіраюцца ўступіць у рэестр. Паводле іх інфармацыі, працэдура ўступлення досыць простая. Раней яны ёй не займаліся, паколькі сітуацыя «не кранула рэгіёнаў».
У бары «Podval» дакументы для ўступлення ў рэестр адправілі 15 жніўня. У Мінкульце ім паведамілі, што пасля адпраўкі дакументаў на рэгістрацыю ў рэестр можна праводзіць мерапрыемствы.
«Але без збірання платы і толькі артысты з Беларусі. Таксама можна рабіць ва установе музычнае суправаджэнне без платнага ўваходу, маючы ў штаце дыджэя, напрыклад. І ўжо вечарыны з платным уваходам я ставіў пасля 16 жніўня», — распавялі ў бары Hrodna.life.
Яшчэ некалькі бараў адмовіліся ад каментароў альбо не адказалі на паведамленне Hrodna.life. Аб пакараннях за правядзенне мерапрыемстваў без уключэння ў рэестр пакуль невядома.
Што будзе за парушэнне?
Для ўключэння ў рэестр арганізатар накіроўвае ў Мінкультуры заяву і шэраг дакументаў — у тым ліку выпіску аб правапарушэннях у дачыненні да ІП ці кіраўніка арганізацыі. Інфармацыю Мінкультуры праверыць у АУС і іншых дзяржорганах. Акрамя таго, Рэспубліканская экспертная камісія прааналізуе мастацкі ўзровень культурна-відовішчных мерапрыемстваў, праведзеных арганізатарам.
Адмовіць могуць у выпадках нізкага мастацкага ўзроўню мерапрыемстваў, неаднаразовай адмены мерапрыемстваў без паважных прычын, нявыплаты кампенсацыі па квітках і правядзення мерапрыемстваў з парушэннем заканадаўства.
Дакумент уступіў у сілу з 1 жніўня 2022 года.
Калі кампанія, якая не знаходзіцца ў рэестры, правядзе мерапрыемства, наступіць адказнасць па п. 3 арт. 13. 3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, патлумачылі на marketing.by. Такім арганізатарам пагражае штраф у сотні базавых велічынь.