Рамонт моста праз Нёман на вуліцы Паповіча плануюць пачаць у снежні 2022 года. Рэканструкцыя можа заняць каля васьмі месяцаў. Пра гэта паведаміў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, перадаў тэлеканал «Гродна Плюс».
Колькі грошай пойдзе на рамонт Новага моста
На рамонт моста на вуліцы Паповіча плануюць выдаткаваць 65 млн рублёў. Грошы возьмуць з мясцовага бюджэту.
Ён апынуўся самы дарагім у спісе мастоў, якія плануюць рэканструяваць або адрамантаваць да 2025 года па ўсёй краіне. На рамонт Румлёўскага моста, згодна з тым жа дакументам, з мясцовага бюджэту вылучалі 13,6 млн рублёў.
Для параўнання, папярэдні кошт праекта рэканструкцыі Усходняга моста ў 2019 годзе складаў каля 70 млн рублёў. «Мы збіралі грошы з усёй краіны, каб яго аднавіць», — сказаў пазней Аляксандр Лукашэнка на яго адкрыцці.
Што плануюць рабіць на Новым мосце
Мост на вуліцы Паповіча абследавалі спецыялісты «БелдарНДІ» яшчэ ў 2019. Яны выявілі шэраг праблем, якія трэба ліквідаваць. Мост увайшоў у спіс 16 мастоў, якія трэба рэканструяваць за кошт рэспубліканскага бюджэту.
«Гэта будзе карэнная рэканструкцыя моста. Адпаведна гэта будзе больш працяглы працэс з поўным перакрыццем руху», — казаў у сакавіку 2022 старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік аб планах на Новы мост.
Пры гэтым у чэрвені стала вядома, што мост, магчыма, не будуць закрываць цалкам: у задачы для праекціроўшчыкаў стаяла распрацоўка схемы дарожнага руху на час рамонту.
Мост 50 гадоў не рамантавалі
Мост на Паповіча адкрылі ў 1971 годзе. З таго часу яго ні разу капітальна не рамантавалі. Пасля рэканструкцыі ён павінен праслужыць яшчэ не менш за 25 гадоў.
Дзе яшчэ сёння ідуць рамонты
Рамонтныя працы зараз адбываюцца на вуліцы Акадэмічнай. У хуткім часе рамонт пачнуць на завулку Даватара. Пазней — на Асфальтнай. Мечыслаў Гой назваў яе «самай забітай» вуліцай у горадзе.