Тэксты, верагодна напісаныя рукой Кастуся Каліноўскага, адшукаў у Вільні гісторык Алесь Смалянчук. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.
Дзесцяь гадоў таму гэтыя дакументы знайшлі ў сцяне бернардынскага касцёла падчас рэстаўрацыі. Зараз гэтыя тэксты знайшліся ў фондах Нацыянальнага музея Літвы сярод матэрыялаў Літоўскага правінцыйнага камітэта.
Почырк у некаторых з іх падобны да почырку Каліноўскага. Лічыцца, што яго рукой на адвароце шостага нумару «Мужыцкай праўды» напісана чатырохрадкоўе «Do Ciabie swiaty ojcza…».
Знаходкі надзвычай рэдкія
Па словах гісторыка Алеся Смалянчука, знаходкі падобнага тыпу надзвычай рэдкія, і ў пэўным сэнсе іх можна параўнаць са знаходкай парэшткаў паўстанцаў на Замкавай гары ў Вільні ўзімку 2016 г.
«Знаходка надзвычай важная, бо ў беларускай гістарычнай памяці Каліноўскі мае асаблівае значэнне. Яго тэксты вядомы. Яны вывучаліся і вывучаюцца. Знаходка новых беларускамоўных тэкстаў, якія хутчэй за ўсё былі звязаныя з блізкім колам Каліноўскага або асабіста з ім, можа стаць новым важным крокам у далейшым вывучэнні гэтай постаці і цэлай эпохі, звязанай з паўстаннем і яго наступствамі», — сказаў Hrodna.life гісторык Алесь Смалянчук.
Пра што гэтыя тэксты
Па словах Смалянчука, дакументы яшчэ чакаюць грунтоўнага аналізу і пакуль можна толькі сказаць, што прапаганда паўстанцкай барацьбы сярод беларускага сялянства была адным з найважнейшых накірункаў дзейнасці Каліноўскага.
«У траўні 1863 г. адбыўся пэўны пералом у ходзе паўстання і стала зразумела, што шансаў на перамогу амаль няма. Улады здолелі на свой бок перацягнуць большасць сялянства або прымусіць яго захоўваць нейтралітэт. Якраз у гэты час Каліноўскі вяртаецца да кіравання паўстаннем і выдае Прыказ да народу зямлі літоўскай і беларускай, які напоўнены пагрозамі ў дачыненні да здраднікаў. А сярод знойдзеных матэрыялаў ёсць дакумент („Каімшчына ў Літве і Белай Русі“), у якім сялянам цярліва і зразумела тлумачыць, чаму шляхта не з’яўляецца іх ворагам, і што „маскаль“ іх чарговы раз спрабуе падмануць і г. д.»
«Праз столькі гадоў падрабязнага вывучэння застаецца багатая глеба»
На думку гісторыка Васіля Герасімчыка, аўтара кнігі «Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда», гэта важная знаходка. І тэксты сапраўды могуць належаць Каліноўскаму, «на першы погляд так і выглядае». Але трэба, каб, напрыклад, графолагі яшчэ паглядзелі дакумент.
«Знаходка цікавая, бо паказвае, што нават праз столькі гадоў падрабязнага вывучэння гістарычнай постаці застаецца багатая глеба. У выпадку Каліноўскага невядомай застаецца яго дысертацыя і некалькі запісак, пісаных да Расійскага ўрада, якія зніклі з яго судовай справы, плюс могуць яшчэ „ўсплыць“ чарнавікі „Мужыцкай праўды“, лісты да сяброў і да любай Марыські чарнабрывай, — сказаў Hrodna.life гісторык Васіль Герасімчык. — Думаю, што новыя адкрыцці будуць зробленыя ўжо бліжэйшым часам, бо ў наступным годзе юбілей паўстання. Дзеля гэтага варта надаць належную ўвагу і іншым удзельнікам паўстання, іх успамінам».
«Гісторыя любіць сюрпрызы»
Знаходка кожнага новага беларускамоўнага тэксту XIX ст. вельмі важная для нашай гісторыі, кажа даследчык Алесь Смалянчук. «Яны даволі рэдкія, бо некалькі пакаленняў даследчыкаў займаліся гэтымі пошукамі. Але, як бачым, гісторыя любіць сюрпрызы».
З калекцыяй дакументаў з Нацыянальнага архіва Літвы Алесь Смалянчук толькі пачаў працаваць. На яго думку, там ёсць не менш цікавыя знаходкі.
Чаму асоба Каліноўскага вартая далейшых даследванняў
На думку Алеся Смалянчука, беларускія навукоўцы зрабілі вельмі шмат у вывучэнні асобы Каліноўскага і яго дзейнасці. «У вялікай ступені беларуская гістарыяграфія XIX стагоддзя сканцэнтраваная на постаці Каліноўскага, на вытоках і наступствах паўстання 1863 года».
Гісторык спадзяецца, што інфармацыя пра знаходкі ў Вільні падштурхне беларускіх даследчыкаў да больш грунтоўнага вывучэння ўсяго комплекса дакументаў архіва Літоўскага правінцыйнага камітэта.
«Асоба Каліноўскага вартая далейшых даследаванняў. На Захадзе яго імя невядомае. Хаця масштаб асобы як кіраўніка аднаго з буйнейшых паўстанняў у Еўропе, сацыяльнага рэфарматара і беларускага актывіста вялікі. Варта было б падумаць каб выдаць разам з дыяспарай ўсе вядомыя на сёння нумары „МП“ і ягоныя творы ў перакладзе на англійскую з добрай прадмовай», — напісаў гісторык Андрэй Катлярчук у каментарах пад запісам Алеся Смалянчука пра знаходку.
Алесь Смалянчук — доктар гістарычных навук, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта. Аўтар некалькіх кніг, болей як сотні навуковых публікацыяў, рэдактар гадавіка антрапалагічнай гісторыі «Homo Historycus», альманаха «Горад Святога Губерта», навуковы кіраўнік онлайн-праекта «Беларускі архіў вуснай гісторыі», адзін з кіраўнікоў навуковага праекта па сацыяльнай гісторыі «Гарадзенскі Палімпсест» ды іншых.
Чытайце таксама: «Беларусы нібыта стралялі ва ўласную будучыню». Чаму варта вярнуць у гісторыю Рамана Скірмунта