Займаўся ўкідамі, збіраў інфармацыю пра сілавікоў, меў куратара ў СБУ – гэта толькі частка абінавачанняў, якія агучылі супраць журналіста Дзяніса Івашына дзяржаўныя прапагандысты. Івашына пачалі судзіць у Гродзенскім абласным судзе 15 жніўня.

Агент, шпіён, завербавалі ў 2017-м: што казалі пра Дзяніса Івашына прапагандысты ў першы дзень суда
Дзяніса Івашына вядуць у залю суда. Крыніца: sb.by

Пасяджэнне зрабілі закрытым з-за “дзяржаўных таямніц”

Івашына абвінавачаюць па арт.356 КК (Здрада дзяржаве), яму пагражае да 15 гадоў зняволення. На пасяджэнне ён прыйшоў у цішотцы “JAŚKA HASPADAR 1863”, а ўваходзячы ў залу сказаў: “Слава Украіне!”.

Пасяджэнне адразу зрабілі закрытым, бо там, нібыта, будуць разглядаць дзяржаўныя таямніцы.

На суд прыехалі дыпламаты Еўрасаюзу, Чэхіі, Брытаніі і Аўстрыі. Да маці  Івашына звярнулася журналістка з дзяржаўнага тэлеканала. “Навошта вы сюды прыйшлі?” – спытала яна. “Каб паслаць усіх услед за рускім караблём”, – адказала жанчына. 

Івашына лічаць “завербаваным” замежнымі спецслужбамі

Па версіі абвінавачання, замежныя спецслужбы завербавалі Івашына ў 2017 годзе. Па замове агентаў з Кіева і пад іх кіраваннем журналіст, нібыта, займаўся інфармацыйнымі ўкідамі, а таксама збіраў інфармацыю аб дзейнасці вайсковых баз МУС, МНС, КДБ, органаў кіравання.

“Пра агентурную сетку, якая працуе пад прыкрыццём украінскага пасольства ў Мінску, стала вядома вясной. Кадравыя афіцэры стварылі рэзідэнтуру. Больш за палову кадравага складу пасольства – разведчыкі. Больш за ўсё цікавіліся ваеннай інфраструктурай. Ажно да ўстаноўкі камер назірання і фотапастак у месцах руху ваеннай тэхнікі. Усталёўвалі кантакты з людзьмі, тэлефанавалі грамадзянам Украіны, якія калі-небудзь звярталіся ў амбасаду”, – сказаў карэспандэнт тэлеканала АНТ.

Збіраў інфармацыю аб байцах украінскага “Беркута”

Дзейнасць Івашына і рэзідэнтуры нібыта курыраваў цэнтр інфармацыйна-псіхалагічных аперацый Мінабароны Украіны. Там жа стварылі інфармацыйны рэсурс “InformNapalm”. Івашын збіраў інфармацыю аб байцах украінскага падраздзялення «Беркут», вёў тэматычную рубрыку на рэсурсе «Міратворац».

Суправаджаў Івашына куратар па лініі СБУ. У перыяд і пасля выбарчай кампаніі 2020 года ён нібыта просіць Івашына актывізавацца, максімальна ўжыць рэсурс InformNapalm для “процідзеяння афіцыйным беларускім СМІ, праўладнай прапагандзе”. Ён адзін з тых, хто раскручваў тэмы “вагнераўцаў”, “магчымай страты Беларуссю суверэнітэту”, “гвалтоўнага далучэння дзяржавы да Расеі”  і інш.

“Прамая пагроза нашай нацыянальнай бяспецы”

“Абвінавачаны – журналіст Дзяніс Івашын, які працаваў на спецслужбы Украіны. А тыя, як вядома, дзейнічаючы пад патранатам заходніх куратараў, актыўна выкарыстоўвае не толькі арсенал і вопыт сваіх, але і спецслужбаў Захаду, у тым ліку ў сферы інфармацыйнай вайны. Супраць Беларусі і Расіі. Гэта прамая пагроза нашай нацыянальнай бяспецы”, – напісала “СБ-Беларусь Сегодня”.

Паводле жонкі Дзяніса, Вольгі Івашынай, муж рабіў журналісцкія раследванні па інфармацыі з адкрытых крыніцаў, дасяжных усім.

Як даўно Івашын знаходзіцца за кратамі

Журналіста Дзяніса Івашына затрымалі увечары 12 сакавіка. З таго часу ён знаходзіцца пад вартай. У яго дома, на лецішчы, а таксама ў бацькоў супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы. Раней было вядома, што Дзяніс праходзіць падазраваным паводле арт.365 КК — Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Яго прызналі палітвязнем. Ён не стаў пісаць ліст Лукашэнку аб памілаванні.

Чуткі пра Івашына ходзяць па ўсёй турме

Чуткі пра Івашына, як пра нязломнага і ідэйнага, ходзяць ці па ўсёй турме. “Яго не пераносяць (супрацоўнікі турмы). Яму помсцяць, як могуць. Прыкладам, ладзяць “верталёты” — перакідваюць з камеры ў камеру з усімі рэчамі кожныя некалькі гадзін. Гэта ж цяжка — прыстасоўвацца да новага калектыву. Дык толькі ён пазнаёміцца і крыху прывыкне, як яго зноў “кілішуюць” (перасяляюць у іншую камэру)”, — распавёў былы вязень гродзенскай турмы, які зняходзіўся ў адной камеры з Івашыным “Ра**ё Св***да”.

Чытайце таксама:Вольга Івашына аб шлюбе праз краты: «Ён шкадуе, што шмат працаваў, а я перастала на тое злавацца»