Займаўся ўкідамі, збіраў інфармацыю пра сілавікоў, меў куратара ў СБУ — гэта толькі частка абінавачанняў, якія агучылі супраць журналіста Дзяніса Івашына дзяржаўныя прапагандысты. Івашына пачалі судзіць у Гродзенскім абласным судзе 15 жніўня.
Пасяджэнне зрабілі закрытым з-за «дзяржаўных таямніц»
Івашына абвінавачаюць па арт.356 КК (Здрада дзяржаве), яму пагражае да 15 гадоў зняволення. На пасяджэнне ён прыйшоў у цішотцы «JAŚKA HASPADAR 1863», а ўваходзячы ў залу сказаў: «Слава Украіне!».
Пасяджэнне адразу зрабілі закрытым, бо там, нібыта, будуць разглядаць дзяржаўныя таямніцы.
На суд прыехалі дыпламаты Еўрасаюзу, Чэхіі, Брытаніі і Аўстрыі. Да маці Івашына звярнулася журналістка з дзяржаўнага тэлеканала. «Навошта вы сюды прыйшлі?» — спытала яна. «Каб паслаць усіх услед за рускім караблём», — адказала жанчына.
Івашына лічаць «завербаваным» замежнымі спецслужбамі
Па версіі абвінавачання, замежныя спецслужбы завербавалі Івашына ў 2017 годзе. Па замове агентаў з Кіева і пад іх кіраваннем журналіст, нібыта, займаўся інфармацыйнымі ўкідамі, а таксама збіраў інфармацыю аб дзейнасці вайсковых баз МУС, МНС, КДБ, органаў кіравання.
«Пра агентурную сетку, якая працуе пад прыкрыццём украінскага пасольства ў Мінску, стала вядома вясной. Кадравыя афіцэры стварылі рэзідэнтуру. Больш за палову кадравага складу пасольства — разведчыкі. Больш за ўсё цікавіліся ваеннай інфраструктурай. Ажно да ўстаноўкі камер назірання і фотапастак у месцах руху ваеннай тэхнікі. Усталёўвалі кантакты з людзьмі, тэлефанавалі грамадзянам Украіны, якія калі-небудзь звярталіся ў амбасаду», — сказаў карэспандэнт тэлеканала АНТ.
Збіраў інфармацыю аб байцах украінскага «Беркута»
Дзейнасць Івашына і рэзідэнтуры нібыта курыраваў цэнтр інфармацыйна-псіхалагічных аперацый Мінабароны Украіны. Там жа стварылі інфармацыйны рэсурс «InformNapalm». Івашын збіраў інфармацыю аб байцах украінскага падраздзялення «Беркут», вёў тэматычную рубрыку на рэсурсе «Міратворац».
Суправаджаў Івашына куратар па лініі СБУ. У перыяд і пасля выбарчай кампаніі 2020 года ён нібыта просіць Івашына актывізавацца, максімальна ўжыць рэсурс InformNapalm для «процідзеяння афіцыйным беларускім СМІ, праўладнай прапагандзе». Ён адзін з тых, хто раскручваў тэмы «вагнераўцаў», «магчымай страты Беларуссю суверэнітэту», «гвалтоўнага далучэння дзяржавы да Расеі» і інш.
«Прамая пагроза нашай нацыянальнай бяспецы»
«Абвінавачаны — журналіст Дзяніс Івашын, які працаваў на спецслужбы Украіны. А тыя, як вядома, дзейнічаючы пад патранатам заходніх куратараў, актыўна выкарыстоўвае не толькі арсенал і вопыт сваіх, але і спецслужбаў Захаду, у тым ліку ў сферы інфармацыйнай вайны. Супраць Беларусі і Расіі. Гэта прамая пагроза нашай нацыянальнай бяспецы», — напісала «СБ-Беларусь Сегодня».
Паводле жонкі Дзяніса, Вольгі Івашынай, муж рабіў журналісцкія раследванні па інфармацыі з адкрытых крыніцаў, дасяжных усім.
Як даўно Івашын знаходзіцца за кратамі
Журналіста Дзяніса Івашына затрымалі увечары 12 сакавіка. З таго часу ён знаходзіцца пад вартай. У яго дома, на лецішчы, а таксама ў бацькоў супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы. Раней было вядома, што Дзяніс праходзіць падазраваным паводле арт.365 КК — Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Яго прызналі палітвязнем. Ён не стаў пісаць ліст Лукашэнку аб памілаванні.
Чуткі пра Івашына ходзяць па ўсёй турме
Чуткі пра Івашына, як пра нязломнага і ідэйнага, ходзяць ці па ўсёй турме. «Яго не пераносяць (супрацоўнікі турмы). Яму помсцяць, як могуць. Прыкладам, ладзяць „верталёты“ — перакідваюць з камеры ў камеру з усімі рэчамі кожныя некалькі гадзін. Гэта ж цяжка — прыстасоўвацца да новага калектыву. Дык толькі ён пазнаёміцца і крыху прывыкне, як яго зноў „кілішуюць“ (перасяляюць у іншую камэру)», — распавёў былы вязень гродзенскай турмы, які зняходзіўся ў адной камеры з Івашыным «Ра**ё Св***да».
Чытайце таксама:Вольга Івашына аб шлюбе праз краты: «Ён шкадуе, што шмат працаваў, а я перастала на тое злавацца»