Па факце падзення самалёта ў Слонімскім раёне распачалі крымінальную справу. Эксперты праводзяць судова-медычную і хімічную экспертызы, паведаміў Следчы камітэт Беларусі.
Справу распачалі па ч.3 арт.314 (парушэнне правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарта, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці двух асобаў).
Сярод прызначаных экспертыз — хімічная экспертыза нафтапрадуктаў (авіяцыйнага паліва). Акрамя гэтага, праверку праводзіць дэпартамент па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый. Вынікі праверкі плануюць далучыць да матэрыялаў крымінальнай справы.
Хто загінуў падчас здарэння
Лёгкаматорны самалёт Aeroprakt A22LS Foxbat, які базаваўся на аэрадроме Ліпкі пад Мінскам, разбіўся ў Слоніме 13 жніўня. У гэты дзень там святкавали 770-годдзе Слоніма, самалёт быў на свяце.
Здарэнне адбылося недалёка ад вёскі Разанаўшчына каля 20:00. У авіякатастрофе загінулі два супрацоўнікі прыватнай фірмы Сяргей Доўгаль і Уладзімір Філон.
Доўгаль быў дырэктарам лётнай школы VRP Avia і працаваў у авіацыі з 1984 года. Ён меў налёт больш за 3200 гадзінаў, а таксама займаўся дабрачыннасцю. Філон адказваў за бяспеку палётаў і навігацыю, паведаміла Zer***o.
Паводле відавочца здарэння, аэраплан паляцеў уніз пад прамым кутом — як страла. Ніякага выбуху не было. Проста разляцеліся аскепкі, паведаміла Zer***o.