Літоўская школа ў Пелясе. Крыніца: voranava.blogspot.com
Літоўскую школу ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёна закрыюць. Афіцыйная прычына — парушэнні, якія ствараюць пагрозу жыццю і здароўю навучэнцаў і педагогаў, паведаміла «Гродзенская праўда». Раней гэтую школу хацелі русіфікаваць у межах ліквідацыі школьніцтва на мовах нацыянальных меншасцяў.
UPD. Судовае паседжанне і разгляд справы аб закрыцці Літоўскай школы ў вёсцы Пеляса адбудзеца 31 жніўня 2022 года ў Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці.
Перад пачаткам навучальнага года інспекцыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях праверыла школу. У час праверкі яна выявіла шэраг парушэнняў. Дырэктару школы накіравалі прапанову аб прыпыненні дзейнасці школы да ліквідацыі выяўленых заўваг.
«Не гарантаваная бяспечная і бесперашкодная эвакуацыя дзяцей і педагогаў з памяшкання школы ў выпадку надзвычайнай сітуацыі, не забяспечана належная супрацьдымная абарона і абарона ад распаўсюджвання агню. Акрамя таго, праведзена перапрафіляванне памяшканняў па функцыянальным прызначэнні. Склады перапрафіляваны пад вучэбныя класы і майстэрні», — распавяла афіцыйны прадстаўнік абласнога ўпраўлення МНС Вольга Адзіева.
40 навучэнцаў з Лідскага раёна і 74 з Воранаўскага перавядуць у школы па месцы жыхарства. 24 педагогам, 10 з якіх грамадзяне Літвы, прапануюць месца працы ў Воранаўскім раёне. Таксама абяцаюць працаўладкаваць тэхперсанал. Пра гэта сказаў кіраўнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык.
Пра русіфікацыю дзвюх існуючых у вобласці школаў з літоўскай мовай навучання стала вядома ў красавіку 2022 года. Літоўская мова застанецца толькі адным з прадметаў. Літоўскія чыноўнікі палічылі такое рашэнне непрымальным і хацелі дамагчыся хаця б пераходнага перыяду.
«МЗС апавясціла беларускі бок аб непрымальнасці такога рашэння, бо яно парушае двухбаковыя дамоўленасці і абмяжоўвае права беларускіх літоўцаў на навучанне на роднай мове», — сказаў тады намеснік міністра замежных спраў Літвы Эгідыюс Мейлунас.
Школа ў Пелясе — першая літоўскамоўная ў Беларусі. Яе адкрылі ў 1992 годзе. У навучальным годзе 2021/2022 там навучаліся 120 дзяцей, працавалі 23 педагога, 11 з якіх былі грамадзянамі Літвы. Школу фінансуе Міністэрства адукацыі Літвы, але ў красавіку 2022 года, калі стала вядома аб намерах скасаваць навучанне на літоўскай мове, міністэрства папярэдзіла аб магчымасці спыніць фінансаванне, калі рашэнне не адменяць.
Крама “Власть кофе” абяцае шырокі асартымент абсмажанай кавы з розных куткоў свету - Лацінскай Амерыкі,…
У рэстаране “Бекон” будуць спалучаць амерыканскую і паназіяцкую кухню. Там будзе адкрытая кухня - можна…
Малюнак гродзенскага каралеўскага палаца, які быццам бы стварыў невядомы аўтар у XVIII стагоддзі, набыў вялікую…
У сярэдзіне сакавіка на Замкавай, 11 адкрылася фотастудыя Retreat. У студыі ёсць некалькі працоўных зон…
Гатэль «Кронон Парк Гатэль», размешчаны ў лесапарку Пышкі ў Гродне, атрымаў прэмію Travel Time Awards…
У 2024 годзе бацькоўскіх правоў у Беларусі былі пазбаўлены бацькі 3 955 дзяцей. Гэта найбольшая колькасць…