Праект “Санвіно” – рэстаран у летняй тэрасе на БЛК – спыняе працу 31 жніўня. Тэраса застанецца, але пяройдзе да “Залатога цяляці”. Міжземнаморская кухня ў гродзенскім спальніку не вытрывала пандэміі і канкурэнцыі з ўстановамі ў цэнтры горада, распавялі ў рэстаране.
У аснове канцэпцыі “Санвіно” ляжыць міжземнаморская кухня і, натуральна ж, віно. Там падаюць рызота, крэветкі і мідыі. Установа працуе з 2019 года ў фармаце летняй тэрасы. Яна размешчана на бульвары Ленінскага камсамола, 29А – у адным будынку з рэстаранам “Залатое цяля”. Інтэр’ер тэрасы таксама аформлены ў стылі Міжземнамор’я.
Чаму вустрыц на БЛК больш не будзе
На закрыццё паўплывалі “знешнія фактары” і пандэмія, піша S13. Для падтрымання якасці страваў праект закупляе імпартныя прадукты. У апошні час яны пастаўляюцца з перабоямі, таксама моцна вырас іх кошт, распавялі ва ўстанове. Праз гэта прыйшлося падняць кошты, пастаянных гасцей стала менш. Гэтак жа нязручным паказала сябе размяшчэнне: папулярныя ўстановы і месцы прыцягнення людзей зараз сканцэнтраваныя ў цэнтры.
Апошнія тэматычныя вечары
Да закрыцця ўстанова абяцае правесці некалькі тэматычных вечароў і ладзіць штодзённыя акцыі. 12 жніўня запланавана вячэра за 50 рублёў. У яе ўваходзіць сэвіча з тунца, качыная грудка магрэ з ягадным соусам і келіх чырвонага віна на выбар. 19 жніўня за тую ж суму прапануюць салату з васьміногам і гароднінай, паэлью з морапрадуктамі і келіх белага віна. 26 жніўня ў “Санвіна” пройдзе вустрычны вечар.
Да канца жніўня па серадах усе пасты і рызота будуць каштаваць 17 рублёў, па чацвяргах стравы з грабеньчыка і васьмінога – 29 і 39 рублёў адпаведна. Па выхадных дзейнічае зніжка 20% на сняданкі.
Тэраса захаваецца
Праект “Санвіно” належыць Паўлу Гардону і Аляксею Гардону, уладальнікам “Залатога цяля”. Пасля закрыцця праекта тэраса стане часткай рэстарана “Залатое цяля”. Атмасферу на ёй збіраюцца захаваць.
Чытайце таксама:




