На наступных выхадных, 13 жніўня, гродзенцы змогуць выбраць мерапрыемства для невялікага падарожжа. У аграгарадку Капцёўка пройдзе «Свята вяндліны». Там гасцей абяцаюць накарміць і навучыць вэнджанню рыбы і мяса. У той жа дзень на Аўгустоўскім канале чакаюць заплывы на чым заўгодна, балотны футбол і пенная вечарынка на «Свяце мора».
«Свята вяндліны» ў Капцёўцы
У Капцёўцы «Свята вяндліны» зладзяць на падворку прыдуманага персанажа свята — Копціча. Там будуць вучыць майстэрству вэнджання рыбы і мяса, раскажуць пра гісторыю і культуру аграгарадка і пачастуюць традыцыйнымі прысмакамі. У час урачыстага адкрыцця адбудзецца ўшанаванне заслужаных жыхароў Капцёўскага сельсавета.
У праграме свята запланаваны канцэрт калектываў аматарскай творчасці з клубаў Гродзенскага раёна, майстар-класы, анімацыйныя і гульнявыя праграмы для дзяцей і дарослых, выстава-продаж харчовых тавараў і сувеніраў. Свята ў Капцёўцы ладзяць ужо шмат гадоў.
Аграгарадок знаходзіцца ў 14 км ад Гродна ў бок Індуры. Дабрацца можна аўтобусам з гродзенскага аўтавакзала ці ўласным аўто. Акрамя свята, там можна паглядзець Успенскую царкву 1865 года пабудовы, касцёл Узнясення Дзевы Марыі 1936−39 гг. і капліцу пры ім.
«Свята мора» на Аўгустоўскім канале
«Свята мора» 13 жніўня зладзяць на шлюзе Дамброўка, піша «Перспектыва». Там абяцаюць мноства лакацый з конкурсамі, квэст-гульнямі, гульнявымі і інтэрактыўнымі праграмамі.
Усе ахвотныя змогуць паўдзельнічаць у чэмпіянаце па балотным футболе і «Плаванні на чым заўгодна». Апошняе называюць абласным спартыўным святам.
На галоўнай сцэне выступяць артысты Гродзенскага раёна, а ўвечары чакае танцавальна-забаўляльная праграма і пенная вечарынка.
Падчас свята будзе працаваць зона фудкорта. Таксама можна будзе наведаць музей гісторыі Аўгустоўскага канала або пакатацца на цеплаходзе.
Абедзьве імпрэзы ўваходзяць у спіс брэндавых імпрэзаў Гродзенскага раёна.
Чытайце таксама: