Прысваенне Астравецкай раённай бібліятэцы імя Адама Мальдзіса прыпынілі. Такое рашэнне ў канцы ліпеня прыняло Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама пасля звароту праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай.

Адпаведны адказ Вользе прыйшоў ад начальніка Галоўнага ўпраўлення Ігара Булаўка. Актывістка размясціла яго ў Telegram.

Храналогія

У чэрвені 2022 года ў Астравецкі райвыканкам паступіў зварот членаў грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд культуры» аб ўвекавечанні памяці літаратуразнаўца і гісторыка Адама Мальдзіса, які нарадзіўся ў Астравецкім раёне. 24 чэрвеня 2022 года выйшла рашэнне Астравецкага райвыканкама № 461 «Аб перайменаванні дзяржаўнай установы культуры «Астравецкая раённая бібліятэка».

У ліпені Вольга Бондарава звярнулася ў Гродзенскі аблвыканкам з гэтай нагоды. Спачатку ў ім паведамілі, што адмяняць рашэнне аб перайменаванні не плануюць. Але пазней аргументы Вольгі пра «прапольскага дзеяча» і «махровага нацыяналіста» прынялі.