Аб’язную вакол Гродна хочуць падоўжыць да праспекта Касманаўтаў ужо да канца 2022 года. Пра гэта піша «АўтаГродна» са спасылкай на свае крыніцы. Па плане, праз праспект дарога павінна прайсці з дапамогай двухузроўневай развязкі.
Участак аб’язной дарогі ад трасы М6 да Скідзельскай шашы адкрылі ў снежні 2021 года. Пасля гэтага працы па падаўжэнні аб’язной ад Усходняга моста ў бок праспекта Касманаўтаў спынілі і аднавілі толькі цяпер.
Даўжыня новага ўчастка аб’язной дарогі - каля 280 метраў. Усяго за некалькі дзён там выраўнялі грунт і перасадзілі маладыя дрэвы спецыяльнай тэхнікай. Буйныя дарослыя дрэвы спілавалі.
З праспектам Касманаўтаў новая дарога будзе разведзеная ў два ўзроўні і пройдзе пад ім. Паводле новага праекта ў месцы развязкі на праспекце Касманаўтаў пабудуюць кола. Яно будзе ўяўляць з сябе два пуцеправоды. Узровень кола — гэта ўзровень цяперашняга праспекта Касманаўтаў, узроўнем ніжэй пад ім будзе знаходзіцца дарога.
Адхоны будуць утрымлівацца з дапамогай паляў. Першая палянабіўная тэхніка ўжо прыбыла на месца. Працы ідуць з абодвух бакоў праспекта Касманаўтаў. На гэтым участку ўжо абмежавалі хуткасць руху да 40 км/г.
Самым бюджэтным варыянтам быў бы аднаўзроўневае скрыжаванне са святлафорамі ў месцы скрыжавання з праспектам. Такое рашэнне падышло б, калі б плынь транспарту заставалася невялікай. Але пасля дабудоўвання і засялення мікрараёна Грандзічы і пашырэння Альшанкі інтэнсіўнасць руху ў гэтым месцы павялічыцца.
Будаўніцтва аб’язной дарогі працягваюць і каля мікрараёна Грандзічы, яе вядуць міма катэджнага пасёлка Забалаць.
Паводле планаў, пасля трасы М6 і праспекта Касманаўтаў, перасякаючы Скідзельскую шашу, новая кальцавая магістраль праляжа ў раёне вуліцы Карскага і выйдзе на Грандзічы, а адтуль — на аўтадарогу Гродна-Друскенікі міма КСМ. Усе 40 км новай дарогі будуць цалкам асветленыя. Па ёй таксама пракладуць тралейбусныя лініі.
Чытайце таксама: