Сёння мы шмат чуем пра панятак урбаністыкі і нейкіх загадкавых урбаністаў, але наўрад ці ўяўляем, як гэтая навамодная дысцыпліна можа быць карыснай у штодзённым жыцці. У першым выпуску новага падкасту «Утульны горад» аўтарка і яе госць разабраліся, як урбаністычныя вынаходкі могуць палепшыць жыццё гродзенцаў.
Слухайце размову цалкам, або тэзісна і ў вялікім скароце чытайце ніжэй.
Старажытны Гродна і тыповыя праблемы беларускага горада
Нягледзячы на тое, што Гродна здаецца даволі адметным пунктам на мапе Беларусі, урбаніст Віталь Богдзель параўноўвае наш горад з іншымі беларускімі гарадамі і паказвае, што мы маем даволі тыповыя праблемы. Да некаторых з гэтых праблем мы да таго звыклі, што перасталі іх заўважаць. Аднак заторы, благі гарадскі транспарт і дэпрэсіўныя спальныя раёны — гэта не злы лёс, які раптам напаткаў Гродна, а задачы для ўрбаніста.
Адкуль бяруцца заторы?
Віталі Богдзель лічыць, што адна з асноўных праблем сучасных беларускіх гарадоў - залішняя аўтамабілізацыя. Нам інтуітыўна здаецца, што калі кожная сям’я мае аўтамабіль, гэта вельмі добра і зручна, але прысутнасць такой колькасці машын на гарадскіх дарогах вядзе якраз да ўзнікнення затораў, аварый і пагаршэння экалагічнай сітуацыі. У гэта можа быць цяжка паверыць, але камфортны грамадскі транспарт можа быць файнай альтэрнатывай для гараджан і дапаможа разгрузіць гродзенскія дарогі.
Чытайце таксама: Чаму Гродна нельга лічыць маленькім горадам — 6 фактаў
Грамадскія прасторы пачынаюцца з уласнага пад’езда
Для многіх гараджан дагэтуль адчуванне адказнасці за прастору заканчваецца за парогам кватэры. Агульныя месцы — пад’езды, двары, гарадскія вуліцы — традыцыйна лічацца «нічыімі». Таму і спадзеў на акультурванне такіх пляцовак ускладаецца на каго заўгодна, толькі не на нас саміх. Аднак, калі людзі ўсвядомяць сваю адказнасць за агульныя прасторы і пачнуць хаця б з паляпшэння ўласнай лесвічнай пляцоўкі, хутка ў іх з’явіцца матывацыя рабіць нешта далей.
Слухайце таксама: Палякі паедуць, але гэта не будуць турысты. Што пра новы беларускі бязвіз думае эксперт з Беластока
Праз супольнасць жыхароў аднаго дома хутка можна будзе і адрамантаваць дзіцячую пляцоўку, і абсталяваць двор лаўкамі і альтанкамі, і нават зрабіць сапраўдны парк. Калі дасведчаныя актыўныя людзі з розных дамоў пачнуць аб’ядноўвацца, ужо можна будзе казаць пра ўплыў суцэльна на гарадскія прасторы.