Гродзенскі краязнаўца і гісторык Яўген Аснарэўскі прэзентаваў свой рок-альбом «Песні з Гродні». Кампазіцыі ў ім прысвечаны роднаму гораду і не толькі. Містычны гродзенец расказаў, што такое «постмадэрнісцкі рок», як пачаў спяваць і пры чым тут Серж Танкян, паведамляе Telegram-канал «Радыё «Harodnia».
У наборы 10 трэкаў: дзевяць песень і інструментальнае інтра. Працягласць усяго альбома — каля 25 хвілін. Тэксты выключна на беларускай мове.
Пад псеўданімам Яўген Аснарэўскі хаваецца гродзенскі блогер, краязнаўца, аўтар або сааўтар некалькіх папулярных гродзенскіх інтэрнэт-петыцый. Напісаў ужо восемь гістарычных кніг пра Гродна. Акрамя гістарычных матэрыялаў Яўген піша мастацкую прозу. Нягледзячы на спробы высветліць таямніцу яго асобы, Аснарэўскі паспяхова захоўвае ананімнасць.
Чытайце таксама: Евгений Асноревский: 7 фактов о таинственном блогере, который знает о Гродно всё
Постмадэрнісцкі рок і самаіронія
У альбоме дастаткова шырокі дыяпазон вакальных прыёмаў, у тым ліку экстрымальны вакал і тэхнікі бітбокса, расказаў аўтар. Большая частка песень прысвечана Гароднi, у прыватнасці, гэта трэкі «Поп-рок (Гародня)», «Горад халмоў (Эмігранцкая)», «Сівая Каложа».
— Песні даволі незвычайныя, спалучаюць у сабе элементы рок-альтэрнатывы 90-х, року 80-х, павольных электронных стыляў, такіх як трып-хоп і чылаўт, і сучаснага попу. Постмадэрнісцкая канцэпцыя альбома прадугледжвае дэканструкцыю эстрадных песень. Менавіта таму элементы розных стыляў часам эклектычна спалучаюцца ў запiсах, а ў тэкстах шмат іроніі, у тым ліку і самаіроніі аўтара. Гэта дазваляе ўбачыць новыя сэнсы ў сучаснай эстраднай творчасці (прынамсі ў тэорыі), i дае падставу пазначыць жанр альбома як постмадэрнісцкі рок, — напісаў Яўген.
«Песні з Гродні»
Альбом называецца «Песні з Гродні». Аўтар адзначае, што гэта сапраўдная назва, а не памылка друку. «Гродня — гэта адна з рэальных гістарычных назваў горада над Нёманам, амаль невядомая абывацелю, таму я вырашыў яе крышачку папіярыць у тытуле альбома», — расказаў Яўген.
Яўген падкрэслівае, што ў яго не было мэты стварыць поп-хіты з «прыліпаючымі мелодыямі». Яго цiкавiць андэграўндная, умерана эксперыментальная музыка, галоўнае ў якой — свабода і філасофскі канцэпт.
Ад эстрады да дваровага блатняка
Аўтар усіх тэкстаў, вакаліст, кампазітар, аранжыроўшчык, гукарэжысёр і нават дызайнер вокладкі альбома — сам Яўген. Ён пажартаваў, што пачаў спяваць пасля таго, як яго аднакласніца сказала, што аддалася б вакалісту System of a Down Сержу Танкяну.
— У сярэдніх класах школы мы з лепшым сябрам адпраўляліся пешшу, познім вечарам, у цемры, на 13-ы форт Гродзенскай крэпасці. Ішлі праз лес і гарлапанілі ўсякія песні, ад эстрады да дваровага блатняка. Так я заўважыў, што маю некаторыя задаткі для спеваў, хаця на фоне сябра было лёгка вылучыцца, бо ў яго не было не толькі голасу, але нават і музыкальнага слыху. Пасля гэтага я стаў рабіць самае правільнае, што можа рабіць пачатковец - спяваць, — расказаў Яўген у Facebook.
У свой час Яўген спяваў у гурце з дзяўчынкай, якая калісьці выступала на «Славянскім базары», прайшоў кастынг на вакансію дыджэя на буйным радыё і шмат трэніраваўся, паўтараючы за профі.
Таксама Яўген малюе карціны — падпісчыкі жартуюць, што за шматлікасць талентаў яго будуць называюць «гарадзенскім Леанарда».