Прадпрымальнікі, якія раней маглі не плаціць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН), буду гэта рабіць з 2023 года. Закон аб адпаведных зменах падпісаў 18 ліпеня Аляксандр Лукашэнка. Раней іпэшнікі, якія адначасова працавалі недзе па працоўнай дамове або кантракце, маглі не плаціць за сябе ўнёскі.
Што зменіцца для індывідуальных прадпрымальнікаў: каго прымусяць плаціць, а каго не
Да зменаў індывідуальны прадпрымальнік плаціў за сябе ўнёскі ў ФСАН толькі тады, калі гэта была яго адзіная праца. Калі адначасова ён быў наёмным супрацоўнікам па кантракце ці дамове і за яго плаціў унёскі працадаўца, то прадпрымальнік плаціў іх па жаданні. Пры гэтым ён самастойна вызначаў суму, ад якой сплачваў унёсак. У практыцы большасць ІП пры магчымасці не плаціць не плаціла нічога.
З 2023 года індывідуальныя прадпрымальнікі, як і ўсе астатнія фізічныя асобы, будуць абавязаны плаціць ФСАН, нават калі будуць мець асноўнае працоўнае месца па працоўнай дамове.
Не плаціць унёскі ў ФСАН змогуць толькі ІП, якія атрымоўваюць пенсіі, маюць права на дапамогу па даглядзе за дзіцём да трох гадоў, атрымоўваюць агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю ў дзённай форме навучання.
Афіцыйна ўсе гэтыя змены ўводзяцца, каб «павысіць узровень сацыяльнай абароненасці фізічных асоб, якія самастойна аплачваюць страхавыя ўнёскі».
Што зменіцца для фізічных асоб, якія не адкрылі ІП
З пачатку 2023 года для фізічных асоб, дзейнасць якіх не адносіцца да прадпрымальніцкай, увядуць новы прынцып падаткаабкладання. Для іх увядуць падатак на прафесійны прыбытак. Ён будзе ўключаць унёсак у ФСАН.
Новы закон уключае нормы, якія рэгулююць улік унёскаў і іх размеркаванне, а таксама прадастаўленне льготаў, якія вызваляюць ад падатка пенсіянераў.
Што яшчэ змянілася
З 1 кастрычніка 2022 года ўвядуць новы для Беларусі від пенсійнага страхавання. Гэта будзе добраахвотная дапаўняючая накапіцельная пенсія. Гэты від пенсійнага страхавання прадугледжвае ўдзел дзяржавы ў накапленні будучай дадатковай пенсіі для грамадзян.
Чытайце таксама: «Пакуль ішоў да банка — курс вырас, і грошай не хапіла». Як гродзенскі бізнес выжывае ў час вайны і санкцый