Камеры назірання змясцілі на больш чым 1000 гарадскіх аб’ектах, у тым ліку ў месцах масавага збору людзей, піша Telegram-канал Urban Hrodna са спасылкай на «Гродна Плюс». У сярэдзіне 2021 было вядома ўсяго пра 20 камер, усталяваных гарадской ЖКГ.
Зараз камеры ўсталяваныя:
- на стратэгічных аб’ектах,
- месцах масавага збору людзей,
- на дарогах,
- прыкладна ў 150 шматпавярховіках.
На думку праваахоўнікаў, гэта дапамагае зламыснікам перадумаць парушаць закон, а міліцыянтам — шукаць тых, хто не перадумаў. У тым ліку для гэтага міліцыя часам публікуе запісы з камер на сваіх афіцыйных рэсурсах.
Навошта ў Гродне ставяць камеры
У ліпені 2021 года ў Гродне было каля 20 камер, усталяваных гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Яны былі размешчаны пераважна ў цэнтральнай частцы горада. Тады іх колькасць планавалі павялічыць у 6 разоў і ўсталяваць на ўездах у горад, у парках, скверах, на пляжах.
У канцы 2021 года было вядома ўжо пра блізу 800 камер відэаназірання ў горадзе. Тады кіраўніцтва горада хацела павесіць камеры на ўсіх прыпынках і падлучыць іх да адзінага сервера. Такім чынам збіраліся кантраляваць маршрутчыкаў - ці ўсіх пасажыраў яны ўлічваюць.
Раней у 2019 годзе ў Гродне запусцілі сістэму камер, каб адсочваць аўтамабілі, якія праязджаюць на чырвоны сігнал святлафора. Першыя такія камеры з’явіліся на скрыжаванні вуліц Кабяка і Індурскай шашы.
У пачатку 2019 года пракурор Гродна Уладзімір Клішын казаў пра патрэбу ўсталёўваць камеры назірання ў мікрараёнах. Ён патлумачыў яе ростам злачынстваў, напрыклад такіх, як псаванне аўтамабіляў. Праўда, на той час колькасць злачынстваў у Гродне не перавышала 3000, гэта быў самы нізкі паказчык з часоў незалежнасці.
Чытайце таксама: У Гродне мяняюць расклад траспарту. Што яшчэ варта змяніць, каб ім было зручней карыстацца