На стэндзе ў цэнтры Гродна заклеілі сцяг Еўрасаюза і ўзгадку пра фінансаванне ім праекта «Шлях Тызенгаўза». Стэнд з веласіпедным маршрутам, усталяваны ў межах праекта, размяшчаецца каля сквера на месцы Фары Вітаўта.
Акрамя сцяжка цалкам заклеілі надпіс на беларускай і англійскай мовах: «Карта створана пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза ў рамках трансгранічнай праграмы Польшча-Беларусь-Украіна 2014−2020».
У межах праекта Рэспубліканскі турысцка-спартовы саюз (РТСС) атрымаў ад ЕС EUR 1 030 940, Аддзел адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама — EUR 77 304, Гміна Сакулка — EUR 817 084.
Hrodna.life патэлефанаваў кіраўніку праекта «Шлях Тызенгаўза» і прадстаўніку РТСС Сяргею Калядзе. Той не ведае, чаму заклеілі пазнаку.
Тасама, чаму ў цэнтры Гродна зклеілі сцяжок і пазнаку, «Паняцця не маю», — сказаў Hrodna.life кіраўнік аддзела спорта і турызма Гродзенскага гарвыканкама Яўгеній Арадзь.
На стэндзе, які размешчаны паміж Старым і Новым замкам, каля Лесвіцы закаханых, надпіс пакуль не заклеілі. Ці спрабавалі прыхаваць інфармацыю пра ўдзел ЕС на іншых стэндах, напрыклад па дарозе на возера Юбілейнае, невядома.
Крыніцы Hrodna.life таксама паведамілі, што ў былым будынку архіва на плошчы Тызенгаўза знялі герб Рэчы Паспалітай. Яго вырабілі і павесілі ў межах праекта «Шлях Тызенгаўза», калі ішла рэканструкцыя будынка пад залу афіцыйных прыёмаў гарвыканкама.
Калі з’явіўся «Шлях Тызенгаўза»
Веламаршрут «Шлях Тызенгаўза» рэалізавалі ў 2020 годзе, за кошт сродкаў тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза ў рамках трансгранічнага праекта Польшча — Беларусь — Украіна 2014−2020. Агульны бюджэт праекта — 2 139 254 Еўра. Фінансаванне ЕС склала 1 925 329 еўра.
Грошы пайшлі не толькі на веламаршрут. У Гродне ў рамках праекта адрэстаўравалі былы будынак архіва на плошчы Тызенгаўза, у Саколцы — камяніцу на Рынкавай плошчы. Абодва будынкі пабудаваныя ў часы Антонія Тызенгаўза. У Гродне ў адрэстаўраваным будынку павінен быць музычны салон, галерэя, кафэ і зала для афіцыйных прыёмаў, у Саколцы — турыстычны цэнтр. Каля будынкаў усталявалі спецыяльныя лаўкі: у Гродне — «лаву архітэктараў», у Саколцы — «лаву Тызенгаўза».
У сутарэннях былога архіва павінна адкрыцца кавярня: у чэрвені 2022 Гродзенскі цэнтр нерухомасці пачаў шукаць арандатара.
Чытайце таксама: Самы шчаслівы транспарт для «Шляху Тызенгаўза». Пад Гродна адкрылі новы веламаршрут