Навіны

Сухая галадоўка, юбілей за кратамі, прысуд па «справе Зельцара». Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Абвінавачаны па справе Аўтуховіча абвясціў сухую галадоўку. Яго прывялі на пасяджэнне ў трусах. Мікалая Маркевіча асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за перапост у сацсетках «экстрэмісцкіх матэрыялаў» — ён сустрэў юбілей за кратамі. Аксане Каспяровіч 29 чэрвеня вынеслі прысуд па «справе Зельцара» — год і два месяцы пазбаўлення волі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 27 чэрвеня па 3 ліпеня.

Затрыманне

29 чэрваня стала вядома аб затрыманні ў Гродне. У ліпені 2021 года затрыманы нібыта зарэгістраваўся ў «Плане Перамога». У снежні 2020 года ён пакінуў у Telegram-каналах абразы ў адрас міліцыянта і Лукашэнкі. Ён прызнаў віну. «Вясна» сцвярджае, што затрыманы — 38-гадовы хірург бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Гродне Віктар Русін.

Віктар Русін. Скрыншот Hrodna.life

28 чэрвеня дома быў затрыманы Аляксандр Юр’евіч Ваўчок. У яго прайшоў ператрус. Падрабязнасці і прычыны пакуль невядомыя, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Гродзенец быў затрыманы за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, паклёп (367 КК) і абразы (арт. 368 КК) у адрас Аляксандра Лукашэнкі 30 чэрвеня. Ён прызнаў віну.

Чарговага гродзенца затрымалі за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў і рэгістрацыю ў чат-робата «План Перамога». Ён прызнаў віну.

Таксіста з Гродна затрымалі за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Таксама яго абвінавацілі паводле арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», арт. 369 КК «Абраза службовай асобы» і распаўсюджванне нацысцкай сімволікі. Мужчыну заключылі пад варту. Па сцвярджэнні сілавікоў, ён раней судзімы. Затрыманы — 36-гадовы Валерый Віскірскі, паведамляе «Вясна».

Юбілей за кратамі

Мікалая Маркевіча асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за перапост у сацсетках «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Суд адбыўся ў Гродне ў пятніцу 24 чэрвеня, хаця затрымалі яго 21-га, паведамляе «Б**сат». Паводле інфармацыі Hrodna.life, Мікалай выйшаў на волю ў пятніцу, 1 ліпеня.

На музычным фестывалі ў Германіі сабралі сродкі для гурта Irdorath

На фестывалі сярэднявечнай і фолк музыкі Feuertanz, які праходзіў у Абенсбергу (Нямеччына) 24−25 чэрвеня, сабралі сродкі для ўдзельнікаў гурта Irdorath, якія адбываюць тэрмін у калоніі.

Усяго было сабрана € 4000. Усе сродкі пойдуць на «элементарныя патрэбы» артыстаў, паведамляе reform.news са спасылкай на сайт фестывалю.

На музычным фестывалі ў Германіі сабралі сродкі для гурта Irdorath. Фота: reform. by

Прысуд лідчаніну

Уладзімір Гемза. Фота Telegram-канала «Суды, задержания в Лиде»

Жыхар Ліды Уладзімір Аляксеевіч Гемза быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі паводле арт. 130 ч. 1 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы» за каментары ў Telegram.

Прысуд вынеслі ў красавіку, але Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде» паведаміў пра гэта толькі цяпер. Тры месяцы да прысуду Уладзімір правёў у СІЗА турмы № 1 Гродна. 17 чэрвеня 2022 года яго ўнеслі ў пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Новыя палітвязні

Юрыя Грыгера і Максіма Антановіча з Гродна 28 чэрвеня прызналі палітвязнямі.

59-гадовага музыкі і прадпрымальніка Юрыя Грыгера затрымалі за абразу міліцыянта ў 2020 годзе. Паводле арт. 369 КК яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

20-гадовага Максіма Антановіча прысудзілі да года калоніі за каментар пра Лукашэнку амаль двухгадовай даўніны.

Юрый Грыгер. Фота праўладных Telegram-каналаў

Новая крымінальная справа ў палітвязня

Палітвязню Юрыю Кавалёву за тры дні да вызвалення з калоніі прызначылі прымусовае лячэнне па новай крымінальнай справе.

Суд Ваўкавыскага раёна 28 чэрвеня асудзіў палітвязня Юрыя Кавалёва, які павінен выйсці на волю з калоніі 1 ліпеня. Палітвязень адбывае тэрмін у Ваўкавыскай калоніі № 11 за абразу Лукашэнкі. На гэты раз яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі». Справу разглядаў суддзя Мікалай Талашка, паведамляе «Вясна».

Па гэтым артыкуле палітвязню пагражала да яшчэ аднаго года ў зняволенні. Але, як паведамілі сыну Юрыя ў судзе, яму прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

Юрый Кавалёў. Фота: «Вясна»

Новыя «тэрарысты»

Яшчэ 11 жыхароў Гродзенскай вобласці дадалі ў пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Гэта:

  • Курганскі Аляксандр Сяргеевіч (арт. 130 КК),
  • Гарох Уладзімір Уладзіміравіч (арт. 293 КК),
  • Кірэшчанка Дзяніс Аляксандравіч (арт. 293 КК),
  • Герасімлюк Леанід Сяргеевіч (арт. 361 КК),
  • Крылоў Андрэй Максімавіч (арт. 293 КК),
  • Аўсіевіч Андрэй Іванавіч (арт. 361 КК),
  • Панасік Валянцін Валянцінавіч (арт. 130, арт. 293 КК),
  • Мелянчук Дзмітрый Валер’евіч (арт. 130 КК),
  • Садоўнічы Руслан Аляксандравіч (арт. 130 КК),
  • Збароўскі Яўген Аляксеевіч (арт. 130, арт. 293 КК),
  • Дземідовіч Васіль Іванавіч (арт. 293 КК),

Прысуд па «справе Зельцара»

Аксане Каспяровіч 29 чэрвеня вынеслі прысуд па «справе Зельцара» — год і два месяцы пазбаўлення волі. 46-гадовую жыхарку Гродзенскай вобласці судзілі па арт. 130 ч. 1 — Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы. У чэрвені Аксану дадалі ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Аксану затрымалі 30 верасня 2021 года. Паколькі адзін дзень у СІЗА лічыцца за паўтара дня ў калоніі, Каспяровіч выйдзе на волю праз некалькі тыдняў, палічыў Telegram-канал «Суды, задержания в Лиде».

Соф’я Сапега папрасіла аб памілаванні

Соф’я Сапега, якая адбывае шасцігадовы тэрмін у калоніі за адміністраванне Telegram-канала «Черная книга Беларуси», папрасіла Аляксандра Лукашэнку аб памілаванні. Яна 22 чэрвеня перадала хадайніцтва аб памілаванні ў адміністрацыю калоніі ВК-4 У Гомелі, куды яе перавялі з СІЗА тры тыдні таму, распавёў BBC адвакат сям'і асуджанай Антон Гашынскі.

У звароце 24-гадовая Соф’я просіць прэзідэнта Лукашэнкі вызваліць яе ад адбыцця шасцігадовага тэрміну, ці замяніць яго больш мяккім пакараннем. «Я толькі хачу быць побач са сваёй сям’ёй… Я хачу свабодна дыхаць…», — гаворыцца ў хадайніцтве.

Фармальнай праблемай для памілавання расіянкі цяпер застаецца нявыплачаная частка названай у прысудзе сумы. Да хадайніцтва прыкладзены асабістыя паручыцельства. Хто менавіта паручыўся за Сапегу, абарона не раскрывае. У выпадку здзяйснення пасля памілавання новага злачынства з паручыцеля могуць спагнаць да 16 000 рублёў.

Соф’я Сапега ў Гродзенскім абласным судзе 6 траўня 2022 года. Фота: Пул 4 регион

У Гродне праз суд ліквідуюць тры грамадскія арганізацыі

На мінулым тыдні ў Гродзенскім абласным судзе пачалі працэс ліквідацыі трох арганізацый:

  • Гродзенскае грамадскае сямейнае аб’яднанне «Парадыгма»,
  • Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне «Чатыры вятры»,
  • Дзіцяча-юнацкае грамадскае аб’яднанне «Спартыўна творчая студыя ФАЕР».

Ісцец — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.

Гродзенцу Сяргею Рымшы ўзмацнілі рэжым і перавялі ў турму. Яго перыядычна змяшчаюць у ШІЗА

Палітвязень з Гродна Сяргей Рымша напісаў у лісце, што час ад часу адміністрацыя жодзінскай турмы змяшчае яго ў штрафны ізалятар. У лістападзе 2021 яму ўзмацнілі рэжым і перавялі са шклоўскай ПК № 17 у жодзінскую турму № 8, паведамляе «Вясна».

Сяргея асудзілі на 3,5 гады паводле арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) і арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Згодна з матэрыяламі справы, 9 жніўня 2020 года ў таніраваны мікрааўтобус з супрацоўнікамі міліцыі паляцеў камень. За гэта затрымалі Сяргея. Пры затрыманні яго збілі.

Сяргей Рымша 21 студзеня 2021 года ў судзе Ленінскага раёна. Фота: Алена Кавальчук

Новыя медалі

Намеснік начальніка УСК па Гродзенскай вобласці Віктар Фядосенка 27 чэрвеня атрымаў медаль «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку», паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Віктар Фядосенка. Фота: СК

Затрымалі гродзенскага актывіста Дзмітрыя Бандарчука

У Гродне затрымалі палітычнага актывіста Дзмітрыя Бандарчука. Гэта адбылося раніцай 28 чэрвеня. Прычынай стала распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў - улётак. Падчас затрымання актывіста збілі і павезлі на мікрааўтобусе на мінскіх нумарах. У доме правялі ператрус. Блізкія Дзмітрыя даведаліся, што яго даставілі ў аддзяленне міліцыі мікрараёна «Дзевятоўка» на вул. Дубко.

Цяпер Бандарчук на свабодзе ў Гродне. Каментары ён пакуль не дае, пра гэта Hrodna.life сказаў актывіст Вадзім Саранчукоў.

Дзмітрый Бандарчук. Крыніца: Facebook

Абвінавачаны па справе Аўтуховіча абвясціў сухую галадоўку. Яго прывялі на пасяджэнне ў трусах

Уладзімір Гундар, які праходзіць абвінавачаным па справе Аўтуховіча, 29 чэрвеня абвясціў сухую галадоўку. Ён паведаміў, што калі да яго ўжывуць гвалт, ён «ускрыецца». Ён трымае сухую галадоўку ў карцары. Жонка адзначыла, што ў карцар мужа накіравалі, паводле адных звестак, на 10 сутак, паводле іншых — да 11 ліпеня.

27 чэрвеня пачалі допыт супрацоўнікаў Ваўкавыскага РАНС, якія тушылі аўтамабіль міліцыянта пасля выбуху, паведамляе БЕЛТА. Да гэтага дапыталі пяць пацярпелых. Яшчэ два пацярпелыя не змаглі з’явіцца на судовы працэс. У судзе зачыталі іх паказанні.

Уладзімір Гундар. Фота: «Гродзенскай праўды»

У Гродне затрымалі раварыста і мантажніка. Яго збілі падчас пратэстаў

Алега Сягодніка затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Ён прызнаў віну. Алега ўжо затрымлівалі ў 2020-м. Тады яго палічылі каардынатарам акцыі, затрымалі, збілі, паказалі ўдзельнікам праўладнага мітынгу і асудзілі на штраф.

Алег Сягоднік — член «ВелаГродна», прызёр гарадскіх і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Фота героя

Актывістка Бондарава зноў вядзе вайну з кнігамі. На гэты раз — у краме «Green»

Кнігі «Мифы о Беларуси» Вадзіма Дзеружынскага і «Welcome to Belarus» Алеся Гутоўскага знялі з продажу ў гродзенскай краме «Green». Кіраўніцтва гіпермаркета правяло разбіральніцтва пасля звароту актывісткі Вольгі Бондаравай. Адказ загадчыка крамы ад 15 чэрвеня Вольга размясціла ў сваім Telegram-канале.

Нечаканы вынік суда за абразу міліцыянта Казлоўскага

Суд Ляхавіцкага раёна спыніў справу за каментар пад публікацыяй з фота Уладзіміра Казлоўскага — старэйшага лейтэнанта міліцыі Ленінскага РАУС Гродна. Прычына спынення справы ў тым, што дзеянне «не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі», а з моманту напісання каментара мінула ўжо два гады.

Апошнія запісы

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024