«Ганненскі кірмаш» у Зэльве ў 2022 годзе адбудзецца ў тры этапы. Акрамя ўласна кірмашу гэта будзе фестываль гістарычнай рэканструкцыі і духоўны фестываль, паведаміла «Гродзенская праўда».
Лагер з гаспадаркай мінулых гадоў і сучасны фудкорт
Фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Легендарныя эпохі» адбудзецца 16 ліпеня. Месца правядзення — стары млын у Зэльве. Яго правядуць у другі раз. Больш за 100 рэканструктараў плануюць аднавіць чатыры гістарычныя перыяды: прыход вікінгаў, сярэднявечнае рыцарства, супрацьстаянне з войскам Напалеона, а таксама баі Вялікай Айчыннай вайны.
Лакацыю падзеляць на тры часткі. Першая — цэнтральная. Там адбудуцца рэканструкцыі. Другая — паходныя лагеры, у якіх плануюць аднавіць і паказаць гаспадарку мінулых гадоў. Трэцяя — інтэрактыўная зона. Там плануюць арганізаваць лучныя і арбалетныя ціры, сярэднявечныя гульні, горад майстроў-рамеснікаў і сучасны фудкорт.
Увечары адбудзецца музычнае шоў.
На фестываль прыцягнуць каля 300 артыстаў
Сам «Ганненскі кірмаш» адбудзецца 19−20 жніўня 2022 года на беразе Зэльвенскага вадасховішча. Там арганізуюць забаўляльную праграму на вадзе, майстар-клас па водным турызме, гандлёвыя шэрагі і атракцыёны. 20 жніўня кірмаш плануюць адкрыць тэатралізаваным выступам.
Таксама на кірмашы будуць працаваць каля 60 атракцыёнаў для дзяцей. Да забаўляльнай праграмы прыцягнуць каля 300 артыстаў і ўдзельнікаў аматарскай творчасці.
Літургія ў царкве і майстар класы па іканапісе
Трэці этап фестываля адбудзецца 18 верасня ў мястэчку Сынкавічы. Там у царкве святога Архангела Міхаіла арганізуюць фестываль «СынкаВеча». Яго прымяркуюць да 720-годдзя заснавання царквы і 615-годдзя асвячэння храма.
Падчас фестываля адбудзецца літургія, якую ўзначаліць архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній. Акрамя гэтага адбудзееца гістарычная рэканструкцыя эпохі князя Вітаўта. А таксама майстар-класы па іконапісе, разьбе па дрэву, саломапляценні, ганчарстве, пляценні паясоў. Для гасцей арганізуюць пастанову тэатра «Батлейка».
Як даўно праводзяць «Ганненскі кірмаш»
Зэльвенскі кірмаш адбываецца з 1501 года. Тады ўдава былога гаспадара Зэльвы Міхаіла Начовіча Ганна Улініч атрымала прывілей на правядзенне кірамаша ад караля Аляксандра Ягелончыка.
У 1721 годзе кірмаш атрымаў назву «Ганненскі» у гонар святой Ганны. Яго праводзілі з 25 ліпеня па 25 жніўня. У канцы XVIII стагоддзя кірмаш быў дургім па велічыні пасля Лейпцыгскага. Падчас кірмаша ў Зэльве адкрывалі піўныя, кафэ і часовыя тракціры, а таксама працавала каля 200 крамаў.