Супрацоўнікаў гіпермаркета «Карона» на праспекце Купалы ў Гродне нібыта прымушаюць падпісваць заявы, што яны не будуць хадзіць па прадукты ў дыскаўнтар «Маяк», які адкрыўся побач. Пра гэта распавяла блізкая да «Кароны» крыніца.
Супрацоўнікі «Кароны», з якімі ўдалося звязацца рэдакцыі, расказалі, што ніякіх папер падпісваць іх не прымушалі. Але сапраўды вусна папярэдзілі, што закупацца ў «Маяку» нельга. «Калі кагосьці з супрацоўнікаў там убачаць — будуць санкцыі, бо ў канкурэнтаў закупацца нельга», — распавялі Hrodna.life супрацоўнікі «Кароны».
Hrodna.life спрабаваў атрымаць каментар ў кіраўніцтва гіпермаркета «Карона». На электронны ліст, які мы даслалі ў зваротную сувязь, адказ не прыйшоў. Таксама не знялі слухаўку ў аддзеле падбору персаналу ў самім гіпермаркеце на праспекце Янкі Купалы.
Ці былі такія выпадкі раней?
У папярэднія гады кіраўнік гродзенскай «Кароны» звяртаў увагу супрацоўнікаў на тое, што нельга купляць прадукты ў крамах канкурэнтных сетак, кшталту «Еўраопт» і іншых. Пра гэта расказалі Hrodna.life супрацоўнікі крамы. «Маўляў, вы ж працуеце ў „Кароне“, вам трэба працягваць кантракт штогод. Таму трэба падтрымліваць свайго працадаўцу».
Калі адкрылі краму «Маяк»
Краму сеткі «Маяк» адкрылі на вуліцы Перамогі ў канцы траўня 2022 года. Сетка пазіцыянуе сабе як дыскаўнтар — крама з нізкімі цэнамі. «Маяк» на Перамогі - першая крама гэтай сеткі ў Гродне. Усе «Маякі» ў Беларусі належаць ЗАТ «Дабраном», які развівае таксама сеткі «Дабраном» і «Капеечка». Многія лічаць, што «Дабраном» праз пасярэдніцтва іншых кампаній кантралюецца ўласнікамі «Еўраопта», але апошнія гэтага ніколі не пацвярджалі.
Крама «Карона» на праспекце Янкі Купалы працуе з 2014 года.