Побач з вёскай Ёдкавічы Бераставіцкага раёна раскапалі магілу вайскоўца Арміі Краёвай. Надмагільныя пліты перакулілі, а агароджу зламалі. Гэта заўважылі мясоцовыя жыхары вёскі, піша сайт Саюза палякаў у Беларусі.
«Гэта справа рук рытуальшчыкаў (у межах расследавання справы аб генацыдзе беларусаў) — астанкі салдат перапахаваныя на могілках у Эйсмантах [аграгарадок у Бераставіцкім раёне — Hrodna.life]. Сам помнік неўзабаве прыбяруць», — напісалі ў блізкім да ўладаў Telegram-канале.
Хто быў пахаваны ў магіле
Мемарыял быў заснаваны ў жніўні 1989 года на магіле палякаў, якія загінулі падчас польска-савецкай вайны ў 1919−1921 гадах. На адной магільнай пліце было напісана «Абаронцам радзімы 1918−20», на другой — імя вайскоўца Арміі Краёвай Адам Пацэнкі. Ён загінуў 15 ліпеня 1944 года «ад рук ворага».
«Ну і што, што гэта магілы палякаў, а не беларусаў - гэта частка гісторыі. Для беларусаў, што палякі, што рускія, што амерыканцы — іншыя. Але ж сістэмна выціраюць толькі тое, што не рускае і не савецкае», — сказаў «Нашай Ніве» краязнаўца з Гродна, які папрасіў, каб ягонае імя не называлі.
Міністэрства замежных спраў Польшчы: «Рашуча асуджаем»
Апаганьванні месцаў польскай нацыянальнай памяці выклікаюць сур’ёзную заклапочанасць Міністэрства замежных спраў Польшчы.
«Рашуча асуджаем стварэнне мясцовымі ўладамі атмасферы дазволу на такія практыкі. Ім спрыяе паклёпніцкая антыпольская кампанія, якая праводзіцца беларускімі СМІ. Мы звяртаемся да беларускіх уладаў з заклікам неадкладна спыніць акты вандалізму на могілках, выявіць і прыцягнуць да адказнасці вінаватых. Польшча цвёрда патрабуе павагі да магіл і памінання памерлых. Гэтае пытанне, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, павінна быць цалкам выключана з бягучых палітычных спрэчак», — сказаў прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна.
Паводле МЗС Польшчы, пашкоджанні надмагілляў у асноўным датычацца Гродзенскай вобласці. У рэгіёне знаходзіцца каля 550 месцаў спачыну польскіх вайскоўцаў, удзельнікаў нацыянальных паўстанняў і абаронцаў Гродна.
Паводле інфармацыі МЗС, апошнім часам невядомыя апаганілі польскія надмагіллі і помнікі ў Багданах, Бабровічах, Дындылішках, Іўі, Ашмянах, Ёдкевічах.
Армія Краёва — «прычына» затрымання палякаў у Беларусі
У час Другой сусветнай вайны Армія Краёва — канспірацыйнае вайсковае фармаванне, падначаленае польскаму ўраду ў выгнанні ў Брытаніі - ваявала супраць нямецкіх захопнікаў. У студзені 1945 года АК была распушчана, але яе рэшткі працягвалі супраціўляцца Чырвонай Арміі, якая заняла тэрыторыю міжваеннай Польшчы.
У 2021 года ў Беларусі распачалі «справу палякаў». Старшыню непрызнанага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Анжалі затрымалі 23 сакавіка, журналіста і актывіста Саюза палякаў Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка. Затрымлівалі таксама актывістаў у рэгіёнах. Пракуратура распачала крымінальную справу за нібыта ўшанаванне антысавецкіх дзеячаў. З Беларусі выслалі консула ў Брэсце Ежы Цімафеюка і генеральнага консула ў Гродне Яраслава Ксёнжыка.
Абоіх лідараў польскай меншасці абвінавачваюць па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці). Ім пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення. Іх прызналі палітвязнямі.
Трох іншых фігурантак «польскай справы» вывезлі ў Польшу ў канцы траўня 2021 года. Гэта Ганна Панішава і прадстаўніцы грамадскіх польскіх школ у Лідзе і Ваўкавыску Ірэна Бернацкая і Марына Цішкоўская.
У сакавіку 2022 года Анжаліцы Борыс змянілі меру стрымання і выпусцілі з турмы. Цяпер яна пад хатнім арыштам.