IX Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пачаў працу ў Гродне 30 чэрвеня. Ён будзе доўжыцца два дні. На пляцоўках форуму абмяркоўваюць імпартазамяшчэнне, рэалізацыю 28 саюзных праграм і агульны рынак электраэнергіі.
Адной з ключавых тэмаў на ўсіх пляцоўках форуму стала імпартазамяшчэнне. Абмежаванні з боку «несяброўскіх краін» адкрываюць вялізныя магчымасці для імпартазамяшчэння, перакананы першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Юрый Чабатар. Агульны патэнцыял па прамтаварах складае каля $ 60 млрд. Частку можна закрыць за кошт ўзаемных кааперацыйных паставак Беларусі і Расіі. Ужо фармуюцца спіс па крытычным імпарце.
Сярод іншых тэмаў, па якіх працуюць асобныя секцыі: заканадаўства Саюзнай дзяржавы, міжнародная кліматычная павестка, супрацоўніцтва ў аграпрамысловым комплексе і харчовая бяспека, навукова-тэхналагічная прастора, інтэграцыя сістэм вышэйшай адукацыі.
Гандаль: $ 14 млрд за 4 месяцы
Тавараабарот Беларусі і Расіі за I квартал гэтага года склаў каля $ 14 млрд, сказала старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Таццяна Рунец, піша БелТА. У 2021 тавараабарот склаў каля $ 40 млрд. Гэта на 35% больш, чым у 2020. Пры гэтым імпартазамяшчэнне яна назвала тэмай нумар адзін.
Сума камерцыйных кантрактаў, заключаных на форуме, складзе каля 65 млрд расійскіх рублёў ($ 1,28 млрд). Каля 70% з іх-прадукцыя машынабудавання, трактарабудавання, ліфтавае абсталяванне. Харчовая прамысловасць склала каля 20%. Гэта прадукцыя мясакамбінатаў і малочныя прадукты. Ёсць кантракты па лёгкай прамысловасці, дрэваапрацоўцы і нафтахімічнай галіне.
Заканадаўства: збіраюцца стварыць або памяняць 400 законаў
Працэс гарманізацыі заканадаўства можа зацягнуцца, але будзе сталым, упэўнены першы намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Уладзімір Палятаеў.
Для развіцця супрацоўніцтва ў сацыяльным, эканамічным, прамысловым і інфармацыйным кірунках трэба распрацаваць ці перапрацаваць блізу 400 нарматыўна-прававых актаў, распавёў намеснік Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Аляксей Кубрын.
Ён адзначыў вялікую долю імпартнага абсталявання, камплектуючых і тэхналогій у ключавых галінах. Але рашэнні для рэалізацыі ідэй па замяшчэнні прымаюцца вельмі доўга. Кубрын спадзяецца паскорыць тэрмін прыняцця рашэнняў па высокіх тэхналагічных пытаннях у два разы.
Адукацыя: 40 дагавораў паміж ВНУ
У сферы адукацыі Беларусь супрацоўнічае з 73 рэгіёнамі Расіі. Больш за 40 дагавораў збіраюцца падпісаць падчас форуму вну Беларусі і Расіі. За апошнія некалькі гадоў вну Беларусі выконвалі больш за 50 сумесных навуковых праектаў з установамі і арганізацыямі Расійскай Федэрацыі, расказала першая намесніца міністра адукацыі Беларусі Ірына Старавойтава. За больш чым год праведзена звыш 260 сумесных мерапрыемстваў студэнцкіх ініцыятыў з расійскімі ВНУ.
Важным Старавойтава лічыць стварэнне кансорцыумаў універсітэтаў, універсітэцкіх тэхнапаркаў і даследчых цэнтраў для распрацоўкі і рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм, даследаванняў і навукова-тэхналагічных праектаў. «У сучасным лічбавым асяроддзі моладзь асабліва схільная да дэструктыўнага ўплыву», — упэўненая яна. Таму важным яна бачыць «міжкультурнае ўзаемадзеянне ў лічбавым асяроддзі» — сумеснае стварэнне і мадэраванне інтэрнэт-платформаў, парталаў і супольнасцяў сацыяльных ініцыятыў, ідэй і праектаў.
Навука: 60 навуковых праграм і адзіная праграма даследаванняў
Беларусь і Расія рэалізавалі больш за 60 сумесных навуковых праграм, расказала старшыня Камітэта Савета Федэрацыі па навуцы, адукацыі і культуры Лілія Гумерава. На яе думку, зараз пашырэнне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі «набывае асаблівую актуальнасць». Акадэміі навук дзвюх краін працуюць над канцэпцыяй адзінай праграмы фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў.
Развіваць узаемадзеянне ўдзельнікаў інавацыйнай дзейнасці ў рамках Саюзнай дзяржавы важна для «супрацьстаяння спробам звонку абмежаваць свабодны распаўсюд навуковых ведаў», прыводзіць БелТА словы намесніцы старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктаркі сярэдняй школы № 14 Маладзечна Каліны Капуцкай.
Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі прадставіў на Форуме больш за 250 навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацовак. Сярод іх Беларуская касмічная сістэма дыстанцыйнага зандавання Зямлі, сістэма электрамагнітнай абароны касмічных прыбораў, кластарны персанальны суперкампутар, праграмны комплекс для аўтаматызаванай дыягностыкі захворванняў лёгкіх па лічбавых малюнках грудной клеткі, нанаспадарожнік БДУ BSUSat-2 і медыцынская ўстаноўка для лячэння анкалагічных захворванняў унутраных органаў.
Сельская гаспадарка: канкурэнцыі быць не павінна
За 4 месяцы 2022 года беларускі агракомплекс экспартаваў прадукцыю на $ 2,182 млрд. Пастаўкі выраслі на 10,9%, расказаў віцэ-прэм'ер Беларусі Леанід Заяц. Пры гэтым у некаторыя еўрапейскія краіны ўдалося нарасціць пастаўкі на дзясяткі адсоткаў. Паводле яго слоў, за чатыры месяцы Нарвегія, Польшча і краіны Балтыі купілі прадуктаў на $ 196 млн. Прадукцыя пастаўляецца таксама ў краіны Акіяніі і Афрыкі.
Беларусь і Расія ў сферы аграпрамысловага комплексу не павінны канкураваць адзін з адным, лічыць старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Міхаіл Русы. Русы прапануе арыентавацца на рынкі Еўразійскага эканамічнага саюза і СНД. У планах — арганізацыя сумесных селекцыйна-гібрыдных цэнтраў па вытворчасці свініны і выгадоўваю малькоў рыбы.
Запуск сумесных рынкаў электраэнергіі і газу
Ужо падрыхтаваны і ўзгоднены праект міждзяржаўнага дагавора аб фарміраванні аб’яднанага рынку электрычнай энергіі, расказаў намеснік міністра энергетыкі Дзяніс Мароз. Зараз дакумент праходзіць унутрыдзяржаўныя працэдуры ўзгаднення. Праект прадугледжвае адзіныя прынцыпы рэгулявання ў сферы суб’ектаў натуральных манаполій у электраэнергетыцы, прымяненне адзіных тарыфаў на паслугі натуральных манаполій для ўнутраных і агульнага рынку. Плануецца, што аб’яднаны рынак электраэнергіі пачне працаваць 1 студзеня 2024 года.
Распрацаваны і праходзяць узгадненне з расійскім бокам прынцыпы функцыянавання і рэгулявання аб’яднанага рынку газу Саюзнай дзяржавы.
У Гродне — выстава сельгастэхнікі і патрулі
У другі дзень форуму старшыня Савета Рэспублікі Беларусі Наталля Качанава і старшыня Савета Федэрацыі Расіі Валянціна Мацвіенка сустрэнуцца з кіраўнікамі рэгіёнаў Беларусі і суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Таксама пройдзе пленарнае пасяджэнне з удзелам кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, органаў дзяржаўнай улады, прадпрыемстваў, арганізацый і прадстаўнікоў дзелавых колаў Беларусі і Расіі, піша «Гродзенская праўда».
У дні форуму на Савецкай плошчы працуе кірмаш дасягненняў народнай гаспадаркі. Там выставілі сваю тэхніку «Гомсельмаш», «Мінскі трактарны завод», «Бабруйскаграмаш», «Амкадор», «МАЗ», «БЕЛАЗ», Мінскі маторны завод і іншыя.
Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі.