Уладзімір Гундар, які праходзіць абвінавачаным па справе Аўтуховіча, 29 чэрвеня абвясціў сухую галадоўку. Ён паведаміў, што калі да яго ўжывуць гвалт, ён «ускрыецца». Пра гэта ў Facebook са слоў яго жонкі распавяла дачка абвінавачанага Інга Стромская.
UPD 1 ліпеня. Фігурант «справы Аўтуховіча» Уладзімір Гундар трымае сухую галадоўку ў карцары. Жонка адзначыла, што ў карцар мужа накіравалі, паводле адных звестак, на 10 сутак, паводле іншых — да 11 ліпеня.
«Валодзя трымае сухую галадоўку. Я напісала яму ліст, дзе прасіла гэта не рабіць, але ён перадаў усім падзяку за падтрымку, папрасіў прабачэння і пацвердзіў, што будзе галадаць», — паведаміла BPN яго жонка Алена Гундар.
Паводле яе слоў, на момант сустрэчы з адвакатам муж адчуваў сябе няблага, аднак сухая галадоўка вельмі небяспечная для яго: праз гіпертанію трэба рэгулярна прымаць лекі, што немагчыма без вады.
З чаго ўсё пачалося?
Вопратку абвінавачаных па справе Аўтуховіча перад пасяджэннямі прасвечваюць рэнтгенам. Пасля гэтага вопратку людзі адразу апранаюць на сябе. На іх думку, гэта згубна ўплывае на здароўе чалавека. Таму 23 чэрвеня некаторыя абвінавачаныя звярнуліся з заявай спыніць гэтую практыку. Суддзя Максім Філатаў паведаміў, што гэта не ў яго кампетэнцыі. 27 чэрвеня яны паўтарылі зварот — адказ быў тым жа. З той жа просьбай да начальніка турмы звярнулася адвакат Уладзіміра — але безвынікова.
28 чэрвеня Гундар адмовіўся даць вопратку на прасвечванне і сказаў, што, калі без гэтага нельга, то ён гатовы не ісці на пасяджэнне, а заставацца ў камеры. «Тады яго на руках зацягнулі ў залу пасяджэння ў тым, чым быў апрануты, і без абутку», — распавяла яго дачка Інга.
Замест адзення — трусы і кайданкі
29 чэрвеня Уладзімір таксама адмовіўся аддаць вопратку на рэнтген. Пасля гэтага яго даставілі ў залу ў трусах. «Тата стаяў у клетцы ў адных трусах, рукі былі прышпілены кайданкамі да рашоткі ў расцяжцы. Вядома, тата шмат крычаў і вельмі моцна абураўся. Калі ўвайшоў суддзя, адвакат папрасіла даць дазвол трохі аслабіць кайданкі або даць магчымасць таце сесці. Ігнор ад суддзі», — перадала Інга са слоў жонкі Уладзіміра.
Уладзімір заспяваў песню. Суддзя вырашыў выдаліць яго з залы пасяджэння. «Тады тата сказаў, што абвяшчае сухую галадоўку. І калі да яго будуць прыняты нейкія гвалтоўныя меры, сказаў, што ён ўскрыецца», — перадала ноч.
Адвакат Уладзіміра спрабуе атрымаць дазвол на спатканне Уладзіміра і яго жонкі.
Хто такі Уладзімір Гундар?
Уладзімір Гундар — актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасць другой групы (у мужчыны няма адной нагі). Яго затрымалі 30 снежня 2020 года.
Гундару ставіцца ў віну ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 285, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК — стварэнне злачыннай арганізацыі, замах на злачынства і захоп альбо ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Ён адмаўляе віну. На судзе ён заявіў аб збіцці пры затрыманні. «Да мяне ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі КДБ, якія адразу паставіліся да мяне як да тэрарыста, патрабавалі прызнання ў злачынствах. Потым мяне білі людзі ў цывільным. Пасля кожнага адмоўнага адказу на патрабаванне прызнаць сябе паслядоўнікам і саўдзельнікам Аўтуховіча мяне білі па галаве. Пастаянна пыталіся: «Навошта табе марнаваць час, рызыкаваць жыццём сваёй сям'і за нейкага Аўтуховіча, які ўжо даўно дае паказанні?».
Небяспека сухой галадоўкі
Пацыент, які не прымае вадкасць, жыве, згодна з медыцынскай літаратуры, да тыдня, распавядаў Hrodna.life лекар-рэаніматолаг Валерый Лышчык. Дарослы чалавек павінен атрымліваць 1,5−2 літра вадкасці ў суткі. Прыкладна столькі ж вадкасці ў суткі губляецца з мачой, калам, потым і дыханнем.
Вадкасць патрэбна, каб падтрымліваць працу ўсіх органаў. У першую чаргу, без вады павышаецца ўтрыманне натрыю ў крыві, павялічваецца глейкасць крыві, узнікае паліорганная дысфункцыя — параза ўсіх органаў і сістэм з-за водна-электролітнага расстройства, парушэнні глейкасці крыві і мікратрамбозаў, распавёў Hrodna. life медык. У выніку галадання таксама ўзнікае дэфіцыт энергіі, які арганізм кампенсуе распадам уласных бялкоў, тлушчаў і глікагену.
Хто яшчэ галадаў у Беларусі?
16 дзён сухой галадоўкі вытрымаў музыкант з Гродна Ігар Банцэр. Музыкант абвясціў галадоўку, паколькі палічыў сваю справу палітычна матываванай. У свой час аб’яўлялі галадоўку палітвязні Ігар Лосік і Уладзімір Мацкевіч, маці «328». Бестэрміновыя галадоўкі ў Беларусі рэдка прыносілі вынік.
Чытайце таксама: Збіццё, агаворы, катаванні і ціск. 10 фактаў пра справу Аўтуховіча, якія мы даведаліся толькі ў залі суда