Навіны

Затрыманне Маркевіча, прысуд па «справе Зельцара», продаж аўтазакаў. Як прайшлоў тыдзень у Гродне і вобласці

У Гродне па адміністрацыйным артыкуле затрыманы Мікалай Маркевіч. Палітвязня Аляксандра Пятрашка асудзілі на паўтара года калоніі агульнага рэжыму — яго абвінавацілі па «справе Зельцара». Дзяржаўныя ўстановы прадаюць спецтэхніку. Можна набыць аўтазак, УАЗік альбо LADA. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 20 па 26 чэрвеня.

Затрыманне

  • У Лідзе яшчэ 18 траўня быў затрыманы Троцкі Валерый Генадзьевіч, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде». Яго трымаюць у турме № 1 Гродна. Што ставяць у віну, невядома, як мяркуецца — арт.361 КК. Раней ён працаваў у лідскім Дэпартаменце аховы, звольніўся. Апошні час працаваў дальнабойшчыкам.
  • У Лідзе затрымалі байкера Івана Кашко. Прычынай сталі яго публікацыі «ВКонтакте». Лідчаніна даставілі ў ізалятар Гродна. Яго будуць судзіць за:
    • Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў і нацысцкай сімволікі,
    • Абразы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
    • Абразы прадстаўнікоў улады,
    • Здзек з дзяржаўнага сцяга,
    • Заклікі да ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў АУС,
    • Распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы.
  • Жыхара Ваўкавыска затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і абразу супрацоўнікаў АУС і прэзідэнта. Ён прызнаў віну. Паводле інфармацыі сілавікоў, мужчына жыў у Польшчы. Яго затрымалі па вяртанні ў Беларусь.
  • 25 чэрвеня стала вядома пра затрыманне 35-гадовага гродзенца за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і рэгістрацыі ў плане «Перамога». У ім ён пазначыў, што гатовы да актыўных сілавых дзеянняў. Па словах сілавікоў, затрыманы — неанацыст і ўдзельнік фанацкай групоўкі «WildGroup».
  • 26 чэрвеня затрымалі яшчэ аднаго гродзенца — за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 368 КК). Ён прызнаў віну.
Троцкі Валерый Генадзевіч. Фота: Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде»
Іван Кашко. Скрыншот Hrodna.life
Затрыманы ў Ваўкавыску. Скрыншот Hrodna.life
Затрыманы ў Гродне. Скрыншот Hrodna.life
Затрыманы ў Гродне. Скрыншот Hrodna.life

Начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Эдуарду Маліноўскаму прысвоілі званне генерал-маёра юстыцыі

Аляксандр Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ 21 чэрвеня.

Маліноўскі пачаў кіраваць УСК па Гродзенскай вобласці ў снежні 2020 года. Казаў, што няма «палітычных» спраў - ёсць парушэнні закона. Разважаў пра неананімнасць інтэрнэту.

Намесніку пракурора Гродзенскай вобласці Андрэю Скурату аб’явілі падзяку за «шматгадовую плённую працу, высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці па забеспячэнні законнасці, умацаванні правапарадку і барацьбе са злачыннасцю». Ён казаў аб генацыдзе беларусаў. Абяцаў, што інтэрнэт не застанецца без увагі праваахоўных органаў.

Палітвязня Аляксандра Пятрашка асудзілі на 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму

Суддзя Гродзенскага абласнога суда Васіль Скок прызнаў яго вінаватым па арт. 130 КК «Распальванне сацыяльнай варожасці або варажнечы» і арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады». Мужчыну асудзілі за каментар. Вядома, што Аляксандр прызнаў віну, паведамляе «Вясна».

Аляксандр быў затрыманы ў верасні 2021 года ў Гродне па «справе Зельцара». У чэрвені гэтага года КДБ унёс яго ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Аляксандр Пятрашка. Фота: «Вясна»

Палітвязня Аляксея Забірана асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму

Аляксей Забіран. Фота: «Вясна»

У Гродзенскім абласным судзе 23 чэрвеня вынеслі прысуд палітвязню Аляксею Забірану. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») і арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці або варажнечы»).

Таксама мужчына павінен выплаціць 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды пацярпеламу і штраф — 1600 рублёў, паведамляе «Вясна».

Яго затрымалі за абразу супрацоўніка ў ГУБАЗіК Telegram-чаце. Гродзенец прызнаў віну і раскаяўся. Яго ўнеслі ў пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

20-гадовага Максіма Антановіча прысудзілі да года калоніі за каментар у бок Лукашэнкі амаль двухгадовай даўніны

Суддзя Руслан Гурын у судзе Ленінскага раёна Гродна прысудзіў хлопцу год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Для вынясення рашэння яму спатрэбілася шэсць хвілін, піша «Вясна».

Хлопца прызналі вінаватым у тым, што 5 жніўня 2020 года ён пакінуў каментар «Ідыёт тупарылы, гарэць яму ў пекле» ў бок Лукашэнкі. Ён размясціў яго ў Telegram-чаце пад публікацыяй «Лукашэнка падпісаў загад аб прызыве на тэрміновую вайсковую службу ў жніўні-лістападзе». Каментар знайшлі міліцыянты ў 2022 годзе падчас маніторынгу чата.

Паводле тэксту абвінавачвання, хлопец «дзейнічаў з мэтай дыскрэдытацыі ўлады Рэспублікі Беларусі, прычынення шкоды іміджу і разлічваў на далейшае ўспрыманне інфармацыі шырокім колам асоб, а таксама ўсведамляў публічны характар сваіх дзеяння».

Скаргу палітвязня Андрэя Сцепаненкі ў Гродзенскім абласным судзе разгледзелі за чатыры хвіліны

У Гродзенскім абласным судзе 21 чэрвеня разгледзелі апеляцыйную скаргу асуджанага паводле ч. 1 арт. 368 КК на паўтара года калоніі Андрэя Сцепаненкі. Апеляцыю разглядала судовая калегія пад старшынствам суддзі Андрэя ліхача, паведамляе «Вясна».

Сцепаненку асудзілі за каментар у чаце выпускнікоў, дзе было 10 чалавек. Каментар убачыў міліцыянт пры затрыманні і вывучэнні тэлефона.

Пракурор Люцко не ўбачыў падстаў для задавальнення скаргі абвінавачанага, паколькі ён не аспрэчвае сам прысуд, а скардзіцца на празмерна строгі характар вынесенага пакарання. Між тым падстаў для яго змякчэння няма. Таму суд пастанавіў пакінуць скаргу Андрэя Сцепаненкі без задавальнення, а прысуд без зменаў.

Андрэй Сцепаненка. Фота: сацсеткі героя

Яшчэ дзевяць чалавек дадалі ў пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. Сярод іх — жыхар Гродзенскай вобласці

Аляксандр Уладзіміравіч Нагела — жыхар Смаргоні, намеснік дырэктара фірмы па вытворчасці спецтранспарту. 25 жніўня 2021 года яму прысудзілі тры гады калоніі агульнага рэжыму паводле арт. 130 КК.

Паводле абвінавачвання, Аляксандр Нагела пакінуў у Telegram-чаце «Сморгонь-чат» 13 каментароў, у якіх негатыўна выказваўся аб дзеяннях міліцыянтаў падчас акцый пратэсту пасля выбараў, таксама каментары ўтрымлівалі заклікі да гвалту, паведамляе «Вясна».

Адной з гродзенскіх школ зацікавіўся выканкам — свята ў выпускнікоў правёў затрыманы раней шоўмэн Андрэй Ірха

Hrodna.life паведамілі інфармацыю, што выпускнікоў і іх бацькоў адной са школ пасля свята выклікалі ў пракуратуру. Прычына — выпускны ў іх правёў вядучы святаў Андрэй Ірха.

Усё было не зусім так, распавёў Hrodna. life шоўмэн. Выканкам падумаў, што Андрэй вёў выпускны ў школе 10 чэрвеня. На школу «пачалі наязджаць». Але адміністрацыя патлумачыла, што 10 чэрвеня працавалі мясцовыя вядучыя, а Андрэй працаваў 11 чэрвеня, калі выпускны быў па-за школай. Вядучага тады замовілі бацькі. Пасля гэтага увага ўладаў да школы спынілася. Нумар школы і падрабязнасці інцыдэнту Андрэй не раскрыў.

Шоўмена і блогера, вядучага вяселляў і святаў Андрэя Ірху затрымалі на мінулым тыдні. Яго адпусцілі праз некалькі дзён са штрафам 25 базавых велічынь (800 рублёў). У пакаянным відэа ён сказаў, што затрыманы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і абавязваецца іх выдаліць. Вядучага ўжо затрымлівалі ў кастрычніку 2020 года падчас пратэстаў. У канцы 2021 года яго адхілілі ад правядзення святаў.

Андрэй Ірха пасля выхаду з РАУС восенню 2020 года. Фота: Hrodna.life

Купіць аўтазак за 11 000 рублёў, альбо міліцэйскі УАЗік за 6000

Дзяржаўныя ўстановы прадаюць спец-тэхніку. Можна набыць аўтазак, УАЗік альбо LADA. Прычына продажу — кепскі стан альбо ўзрост аўтамабіля. Якую старую тэхніку прадаюць дзяржаўныя ўстановы?

Аўтазак на продаж. Крыніца: bsk. by

Пацярпелы па «справе Аўтуховіча» хоча спагнаць 44 400 рублёў

Міліцыянт з Ваўкавыска, які праходзіць па «справе Аўтуховіча» пацярпелым, падаў іск аб кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды. Ён хоча спагнаць з абвінавачаных больш за 44,4 тыс. рублёў. Ён 40 разоў сведчыў супраць удзельнікаў пратэсту.

Дапыталі пацярпелага супрацоўніка АМАП з Гродна. Ён падаў іск аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды на суму больш за 4,4 тыс. рублёў і маральнага — 20 тыс.рублёў. Згодна з матэрыяламі справы, ноччу 20 лістапада 2020 года Мікалай Аўтуховіч сумесна з удзельнікамі групы Паўлам Савай і Артурам Папком (у вышуку) «здзейснілі акт тэрарызму агульнанебяспечным спосабам». Легкавы аўтамабіль амапаўца ўзарвалі самаробнай выбуховай прыладай магутнасцю не менш за 18,4 г у тратылавым эквіваленце. Інфармацыю пра аўтамабіль нібыта дала Галіна Дзербыш. Выбух Мікалай Аўтуховіч зняў на тэлефон.

Дапыталі супрацоўніка АМАПу з Брэста, супраць якога рыхтаваўся акт тэрарызму. Пацярпелы служыць у органах унутраных спраў з 2004 года, са снежня 2021 года — камандзір узвода АМАПа, да гэтага працаваў камандзірам групы АМАПа. У яго абавязкі ўваходзіла затрыманне пратэстоўцаў. У некалькіх Telegram-каналах была размешчана асабістая інфармацыя пра яго: пашпартныя дадзеныя, нумары тэлефонаў яго, жонкі і бацькі, дадзеныя аб аўтамабілі. Пасля гэтага ў яго адрас сталі паступаць пагрозы аж да лютага 2021 года. Аб тэракце, які рыхтуецца супраць яго і яго сям'і, ён даведаўся ад следчых. Пацярпелы заявіў іск да Мікалая Аўтуховіча за прычыненне маральнай шкоды ў памеры 3 тыс. рублёў.

Пятым пацярпелым быў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Брэсцкага аблвыканкама. Супраць яго, паводле следзтва, рыхтаваўся акт тэрарызму. На гэтай пасадзе пацярпелы працуе са снежня 2020 года, да гэтага мужчына займаў пасаду намесніка начальніка АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста. Ён затрымліваў пратэстоўцаў. Пацярпелы распавёў, што яго асабістыя дадзеныя размясцілі ў Telegram. Разам з імі былі размешчаны «абразы і паклёп», а пасля сталі паступаць пагрозы яму і ягонай сям'і. Пацярпелы заявіў іск аб кампенсацыі маральнай шкоды 6 тыс. рублёў з кожнага абвінавачанага.

22 чэрвеня таксама дапыталі другога пацярпелага — жыхара Ваўкавыска. Аўтамабіль мужчыны стаяў побач з машынай міліцыянта, якую ўзарвалі. Мужчына атрымаў цялесныя пашкоджанні пры выратаванні свайго аўтамабіля. Ці заявіў ён іск, невядома.

Мікалай Аўтуховіч падчас судовага працэсу. Фота: «Гродзенская праўда»

1,5 гады «хатняй хіміі» за абразу міліцыянтак: жанчыну асудзілі за каментар пад пастом Hrodna. life

Прысуд — 1,5 гады абмежавання волі - вынес 58-гадовай Юліі Каваленка суд Ленінскага раёна Гродна. Гэта адбылося 21 чэрвеня 2022 года. Прычына — каментар жанчыны пад запісам на старонцы Hrodna. life у Facebook.

Юлія Каваленка. Фота: «Вясна»

У краме OZ у Triniti прыбралі кнігі пра аднаполае каханне пасля звароту Бондаравай

У краме «OZ книги» ў гандлёва-забаўляльным цэнтры Triniti прыбралі на склад кнігу «Лето в пионерском галстуке». Яна распавядае пра аднаполае каханне ў савецкім піянерлагеры. Пра тое, што кнігу прыбралі, паведаміла сама актывістка. Інфармацыю Hrodna. life пацвердзілі ў дзвюх крамах. Актывістка вяла вайну з кнігамі некалькі тыдняў, звярталася ў Мінінфарм і гарвыканкам.

У Гродне затрыманы Мікалай Маркевіч

Дырэктара фірмы «Клас-Тур» Мікалая Маркевіча затрымалі каля 12.00 21 чэрвеня прама на офісе. Відавочцы затрымання мяркуюць, што працаваў ГУБАЗ — Маркевіча «скруцілі». 22 чэрвеня стала вядома, што Мікалай Маркевіч затрыманы па адміністрацыйнай справе. Па якой менавіта справе, інфармацыі няма.

Мікалай Маркевіч. Фота: HrodnaMediaRoom

Суд у Гродне прызнаў экстрэмісцкімі відэа з Фестывалю нацыянальных культур, выставы шакалада і працэсіі на Божае Цела

Інфармацыйную прадукцыю старонкі Hrodna. life у Instagram прызналі экстрэмісцкай. Экстрэмісцкімі прызналі візуальныя матэрыялы — выявы, лагатып, вадзяны знак. Такое рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна Гродна 13 чэрвеня. Інфармацыя пра гэта з’явілася ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Супраць дырэктаркі Гродзенскага дзіцячага хоспіса завялі новую крымінальную справу — па нядаўна адроджаным артыкуле КК

Супраць дырэктаркі Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольгі Вялічкі распачалі яшчэ адну крымінальную справу. Перад гэтым пракуратура Гродзенскай вобласці «вывучыла інтэрнэт-рэсурсы» паліятыўнага цэнтра і яго рахунак. Ведамства прыйшло да высновы, што ажыццяўляецца дзейнасць ліквідаванай арганізацыі. Акрамя таго творчасць падапечных хоспіса выкарыстоўвалася для «маральнай падтрымкі асоб, асуджаных за ўчыненне наўмысных злачынстваў»

Вольга Вялічка. Фота: Кацярына Гардзеева

Падзяліцца

Апошнія запісы

TikTok: дыскабар з «гарлапанячай музыкай» на Савецкай папсаваў «вайб Гродна»

На вуліцы Савецкай у Гродне на месцы "Дзіцячага свету" адкрылі бар "На Луне". Мяркуючы па…

24 лістапада 2024

У Гродне робяць сувенірную карту для турыстаў. Толькі на рускай мове

"Гродна. Турыстычная карта для гасцей горада" выйдзе накладам 6000 штук. Усе асобнікі будуць толькі на…

23 лістапада 2024

Паміж могілкамі і «Гродна Азот» пабудуюць гандлёва-выставачны цэнтр

На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…

22 лістапада 2024

Google абнавіў спадарожнікавыя здымкі Гродна. Ацэніце маштабы гарадскіх будоўляў

Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…

22 лістапада 2024

«Штосьці з фільмаў жахаў». Топ-3 месцаў у Гродне, якія гараджане абыходзяць за вярсту

Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…

22 лістапада 2024

Нерухомасць тыдня: насупраць Triniti прадаюць кватэру ў мінімалістычным стылі з элементамі скандынаўскага дызайну

Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…

22 лістапада 2024