Фота: ДАІ Гродна
Паласа для руху маршрутных транспартных сродкаў - аўтобусаў, тралейбусаў і маршрутак — з’явілася на вуліцы Перамогі ў бок шклозавода. Рух па ёй іншаму транспарту забаронены.
Такая паласа — першая ў Гродзенскай вобласці, расказалі ў ДАІ. Яна мусіць стварыць магчымасць бесперашкоднага руху грамадскага транспарту і адначасова вызваліць ад яго іншыя палосы. Мяркуючы па разметцы, заязджаць на паласу на Перамогі іншым аўто дазволена толькі для павароту направа, удакладніў Telegram-канал Urban Hrodna.
Паласа з’явілася як эксперыментальная. Другую такую плануюць арганізаваць на Румлёўскім праспекце ад абласной ДАІ да Румлёўскага моста. Калі ў Гродне эксперымент палічаць паспяховым, яго працягнуць. Напрыклад, асобную паласу будуць закладаць ужо пры праектаванні новых вуліц.
Такія прыярытэтныя палосы — звычайная сусветная практыка. Часам іх аддзяляюць канструкцыйна. У Беларусі іх пачалі рабіць у Мінску з 2011 года, паведамляе «Автобизнес». Больш такіх палосаў з’явілася ў 2019 годзе перад Еўрапейскімі гульнямі. Іх падрыхтавалі адмыслова для транспарту спартоўцаў. У Полацку такую паласу нават аддзялялі канструкцыйна — слупкамі. Але, мяркуючы па публікацыях у СМІ, за 11 гадоў беларускія кіроўцы так і не перасталі парушаць правілы руху, звязаныя з наяўнасцю такой паласы.
Зазвычай для маршрутных транспартных сродкаў вылучаюць крайнюю правую паласу. Яна абазначаецца адмысловым знакам і літарай «А» на асфальце. У залежнасці ад разметкі іншым транспартным сродкам або цалкам забаронена на яе заязджаць, або дазволена толькі для пасадкі ці высадкі пасажыраў, калі пры гэтым яны не ствараюць перашкоду грамадскаму транспарту, і для павароту направа.
За язду па вылучанай паласе ў Беларусі караюць штрафам у 1−5 базавых велічынь (32−160 руб.), за паркоўку на ёй штраф у 1 базавую велічыню для легкавых машын і 5 — для грузавікоў і аўтобусаў.
Чытайце таксама: У Гродне стане на 35 маршрутак менш: улады пакараюць перавозчыкаў. Адначасова гарвыканкам шукае новых — не хапае 51 машыны
Зараз праз памежныя пераходы ў Медынінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі) можна…
У Гродне на продаж выставілі начны клуб "Калізей 2000". Ён прадаецца як гатовы бізнес. Паглядзелі,…
Прадаюць камерцыйнае памяшканне ў падвале будынка на вул. Савецкіх Пагранічнікаў, 17. Там дызайнерскі рамонт у…
У Гродне з аўкцыёну прадаюць памяшканне афтальмалагічнага цэнтра "Новое зрение" на вул. Леніна, 13-3. У…
Чарачная “са смакам дзяцінства” DEHDИ адкрылася ў Гродне на вул. 1-й Працоўнай, 8. Уладальнікі абяцаюць,…
У Гродне на Лідскай, 15А адкрыўся "пакой лютасці". Ва ўстанове пад назвай «Дебошь» можна скінуць…