«Какі-малякі» — так стваральнікі назвалі выставу моладзевага авангарднага мастацтва. Карціны і фатаграфіі з’явіліся ў закінутым басейне «Лазурный» непадалёк ад завода карданных валаў. Мяркуючы па афішы, выстава будзе доўжыцца ўсяго два дні.
Сярод карцін — графіка і жывапіс на паперы і палотнах. На тэрыторыю басейна лёгка трапіць, таму не ўсе творы дачакаліся адкрыцця. Яно прайшло 25 чэрвеня.
Басейн «Лазурный» на плошчы Савецкіх пагранічнікаў - першы крыты басейн Гродна. Яго адкрылі ў 1973 годзе для работнікаў завода карданных валаў, карысталіся ім і іншыя гродзенцы. Будынак закрылі ў 2013 годзе з прычыны аварыйнага стану. За гады прастою спартыўны аб’ект агульнай плошчай у 2000 кв.м. пачаў разбурацца.
Камітэт «Гроднааблмаёмасць» некалькі разоў выстаўляў «Лазурный» на аўкцыён, але здолеў прадаць толькі ў 2018 годзе за 1157 рублёў (на той момант — $ 542). На таргі тады падалі ўсяго адну заяўку. Хто стаў новым гаспадаром аб’екта, не паведамлялася. Басейн абяцалі адрамантаваць і адкрыць у 2021 годзе. Але новы ўласнік з задачай не спраўляўся, будаўнічыя працы так і не пачалі. Тэрмін дамовы з уласнікам заканчваецца ў снежні 2022 года.