Фільм «Апошнія сведкі» зняў гродзенскі журналіст Руслан Кулевіч і каманда MOST. Яго гераіні ўзгадваюць свае дзіцячыя гады ў Гродне 1930−40-х гадоў. Чаму фільм прэзентавалі ў Беластоку і ці чакаць новыя фільмы, Hrodna.life даведаўся ў аўтара стужкі.
«Гэты фільм — працяг маёй працы па зборы ўспамінаў, які я пачаў у Гродне ў 2017 годзе. Выйшла дзве кнігі, зараз я працую над трэцяй. І фільм гэта такое прэв’ю да новай кнігі „Апошнія сведкі старога Гродна“», — сказаў Руслан Кулевіч.
Ідэя фільма — паказаць, што гісторыя паўтараецца, кажа Кулевіч. «Зараз адны і тыя ж людзі ва ўладзе, тыя ж самыя камуністы. Якія з дапамогай прапаганды замыльваюць людзям вочы, — тлумачыць Руслан. — Людзі з’язджаюць з Гродна. Тое ж самае было і ў 1939 годзе. Прыйшлі вызваляць, але, як высветлілася, вызвалілі ад добрага жыцця. То бок гэта такая паралель з вайной ва Украіне і тым, што адбывалася з намі ў 2020 і 2021 годзе. Мы былі вымушаны з’ехаць і яны [героі стужкі - Hrodna.life] таксама былі вымушаны з’ехаць».
Фільм здымалі ў трох польскіх гарадах: Шчытне, Лодзі і Беластоку. «Мы не можам вярнуцца дадому, таму я паставіў сабе мэту знайсці ў Польшчы гродзенцаў, якія з’ехалі пасля вайны [Другой сусветнай вайны — Hrodna.life]. Менавіта тых, хто нарадзіўся ў міжваенны перыяд, у 1920−1930-я гады. Такіх людзей засталося вельмі мала, але я паспрабаваў і знайшоў».
Крыстына Мішчук. Нарадзілася ў 1933 годзе, жыве ў Шчытне. З Гродна выехала ў 1946 годзе. Яе бацька быў настаўнікам у школе імя Адама Міцкевіча, а маці працавала сакратаркай на тытунёвай фабрыцы. Крыстына падчас нямецкай акупацыі хадзіла на таемныя заняткі ў падпольную школу. З’ехала з Гродна разам з цёткай. Збірала рэчы самастойна і вывезла цэлы вагон сямейных рэчаў, у тым ліку і навучальныя кнігі бацькі, па якіх ён потым вучыў пасляваенную моладзь у Шчытне.
Станіслава Хацяноўска. Нарадзілася ў 1941 годзе, жыве ў Беластоку. З Гродна выехала ў 1946 годзе. Родны горад яна амаль не памятае, але ў яе захавалася сямейная гісторыя пра добрае жыццё і перасяленне. Бацька Станіславы працаваў у адміністрацыі горада, яго забілі ў 1944 годзе пры дзіўных абставінах. Станіслава разам з мамай выехалі з Гродна праз год пасля заканчэння вайны. Заставацца ў горадзе яны не бачылі сэнсу.
Крыстына Юроўска. Нарадзілася ў 1934 годзе, жыве ў Лодзі. З Гродна выехала ў 1945 годзе. У бацькі гераіні да 1939 года была ўласная крама, але яе нацыяналізавала савецкая ўлада. Некаторых сваякоў Крыстыны вывезлі ў Сібір. Таксама пасля вайны быў вывезены бацька жанчыны, уз’яднаўся з сям’ёй ён толькі ў 1950-я гады. З’язджаць з Гродна сям'і Юроўскіх дапамагаў савецкі афіцэр у знак падзякі, што гродзенцы хавалі яго жонку ад немцаў падчас акупацыі.
Рэліз фільма адбыўся на YouTube, а 22 чэрвеня ў Беластоку адбылася прэзентацыя. «Мы запусцілі гістарычны краязнаўчы клуб „Beer&History“. Для тых, хто цікавіцца гісторыяй. Бо шмат беларусаў з’ехала і шмат рэальна крутых людзей, якія займаліся гісторыяй у сваіх гарадах. Таму і была прэзентацыя ў межах адкрыцця клуба».
Руслан Кулевіч плануе зняць яшчэ адзін фільм. У ім галоўнымі героямі будуць мужчыны, якія памятаюць міжваенны Гродна і таксама пакінулі яго пасля Другой сусветнай вайны.
Калі выйдзе фільм пакуль невядома, бо гэта патрабуе шмат часу. «Трэба ехаць далёка, не ўсё так гладка, як трэба і гэта займае шмат часу», — сказаў Руслан.
У Беластоку Руслан Кулевіч працягвае займацца гісторыяй. Ён нават перавёз туды сваю калекцыю фотаздымкаў.
«Усё, што мы рабілі ў Гродне, робім у Беластоку. Да нас на офіс прыходзіяць людзі і распавядаюць свае гісторыі. Мы сталі кропкай прыцягнення беларусаў, як былі ў Гродне. Толькі зараз у Беластоку, — сказаў Руслан Кулевіч. — Людзі ведаюць, што Кулевіч збірае старыя фотаздымкі з Гродна і носяць іх. Не толькі фотаздымкі, але і распавядаюць гісторыі».
Руслан Кулевіч — гродзенскі журналіст. Пісаў для сайта «Твой стыль», пасля рэбрэндынгу працягнуў супрацоўніцтва з Hrodna.life. Склаў дзве кнігі з успамінамі гродзенцаў пра горад 1930−40-х: «Горад адзін, успаміны розныя» і «Гісторыі з гродзенскіх вуліц». Лаўрэат прэміі Ядкоўскага. У верасні 2020 года з-за пагроз і ціску на яго сям’ю Кулевіч з’ехаў з краіны. Паўгода жыў у Рызе (Латвія), дзе супрацоўнічаў з мясцовымі СМІ і запісваў гісторыі ўцекачоў з Беларусі. У сакавіку 2021 года пераехаў у Беласток (Польшча), дзе вырашыў запусціць свой відэапраект «Мы вернёмся».
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…
Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…