Рэстаран «ШЭРВУД» адкрыўся 21 чэрвеня на Падольнай, 37. Раней тут быў рэстаран «Веранда». Новае месца ўладальнікі пазіцыянуюць як «самы зялёны рэстаран Беларусі».
«Мы хацелі стварыць установу, прасякнутую цудамі высокай кухні і чараўніцтвам уражанняў ад прыемнага баўлення часу. Так і нарадзіўся інтэр'ер напоўнены раслінамі і насычанымі фарбамі, асацыяцыяй з якімі стаў Шэрвудскі лес з яго гісторыяй пра дабро і цуды», — сказалі Hrodna.life у рэстаране «ШЭРВУД».
У інтэр'еры рэстарана выкарысталі цэглу, дрэва, ляпніну, а таксама расліны. Новыя ўладальнікі пакінулі тэрасу з відам на Нёман і чыгуначны мост.
Чытайце таксама: Выпіць каву з відам на Нёман ці знайсці таямнічае месца за Фарай Вітаўта. Топ-9 летніх пляцовак Гродна
Хто стаў шэфам
Шэф-повар новага рэстарана - мінчанін Сяргей Крамянеўскі. Ён працаваў у мінскіх рэстаранах: «Maslow6», «Pinki Bandinsky», «Mona», у латвійскім «Laivas», а таксама ў іспанскіх рэстаранах з мішленаўскімі зоркамі «El celler de can roca» і «MANAIRO».
Сяргей не толькі стварыў меню для рэстарана, але і застаўся ў ім працаваць.
Што па чым
У «Шэрвудзе» падаюць стравы міжземнаморскай кухні. Акрамя зеляніны, гародніны, мяса, у меню ёсць морапрадукты: грабенчыкі і камчацкі краб.
Карпача з крэветак з рукалай і перцам чылі ў рэстаране каштуе 25 рублёў. Стэйк са свінной выразкі з брокалі, спаржай і соўсам — 26 рублёў.
Акрамя звычайнага меню з 12:00 па 16:00 прапануюць ланч-меню. У гэты час халаднік будзе каштаваць 4 рублі, бульбяное пюрэ — 2 рублі, а катлета «Папараць-кветка» — 5,5 рублёў.
На выхадных у рэстаране плануюць праводзіць сямейныя бранчы.