У краме «OZ книги» ў гандлёва-забаўляльным цэнтры Triniti прыбралі на склад кнігу «Лето в пионерском галстуке». Яна распавядае пра аднаполае каханне ў савецкім піянерлагеры. Пра тое, што кнігу прыбралі, паведаміла сама актывістка. Інфармацыю Hrodna. life пацвердзілі ў дзвюх крамах. Актывістка вяла вайну з кнігамі некалькі тыдняў, звярталася ў Мінінфарм і гарвыканкам.
Кніга знікла ў двух крамах OZ — у Triniti і ГЦ «Нёман». Там паведамілі, што выдання больш няма і адмовіліся ад каментароў. На сайце крамы інфармацыя і фотаздымак кнігі адсутнічае. На яе можна пакінуць заяўку.
«Пералік тавараў, прадстаўленых у продажы ў OZ, вызначаецца асартыментнай палітыкай кампаніі. Гэта тычыцца, у прыватнасці, і кніжнай прадукцыі на вітрыне. Так, напрыклад, топ кніг рэгулярна абнаўляецца, а літаратура з нязначным узроўнем попыту альбо яго адсутнасцю можа быць выключаная з асартыменту. На любыя звароты мы адказваем па пісьмовым запыце кліентаў, а характар такіх зваротаў у публічным полі не каментуем» — адказалі ў піяр-аддзеле на зварот Hrodna.life.
Аўтары кнігі - Кацярына Сільванава і Алена Малісава. Кнігу выпусціла выдавецтва Popcorn Books у 2021 годзе. Кніга распавядае пра каханне двух хлопцаў - піянера і важатага. Абмежаванні - 18+. На сайце livelib.ru у кнігі адзнака 4,6 з 5.
Анатацыя: Юра вяртаецца ў піянерскі лагер сваёй маладосьці праз дваццаць гадоў. У руінах мінулага ён спадзяецца адшукаць шлях у цяпер, да чалавека, якога калісьці любіў. Гэтая гісторыя пра тое, што ў СССР не ўсё было гладка, правільна і безаблічна. Што былі перажыванні, страсці, цягі і пачуцці, якія не ўпісваліся ў рамкі маралі на шляху да «светлай будучыні». І што гэта будучыня аказалася не такой ужо і светлай.
У канцы траўня 2022 года пра кнігу «Лето в пионерском галстуке» напісала прапагандыстка «СБ. Беларусь сегодня» Людміла Гладкая. «Як гэты бруд, відавочна небяспечны для падлеткавай псіхікі, аказваецца на кніжных паліцах беларускіх крам?» — задалася пытаннем Гладкая. Пасля гэтага, па паведамленнях праўладных актывістаў, крама кніг Booklover.by прыбрала кнігу.
Напісала скаргу
У Гродне пасля гэтага 1 чэрвеня «цэлы дзень займалася» пошукам кнігі Вольга Бондарава. Яна знайшла яе толькі ў краме OZ. «Разбэшчванне непаўналетніх OZ паставіў на паток і робіць гэта свядома і з асаблівым цынізмам. Я малю праваахоўныя органы і пракуратуру даць прававую ацэнку дзейнасці сеткі крам OZ і ТАА „Приносим радость“ — што па сутнасці адно і тое ж! Дапамажыце на дзяржаўным узроўні абараніць нашых — і вашых жа таксама — дзяцей ад навязвання вычварэнстваў!» — напісала яна ў Telegram-канале. Таксама яе абразіла тое, што з-за кнігі ў людзей можа змяніцца стаўленне да савецкага мінулага.
Таксама Вольга ўбачыла яшчэ дзевяць «кніг з ЛГБТ». Яна пакінула заўвагу у кнізе скаргаў і прапаноў крамы.
Пазіцыя ўладальнікаў
Пералічаныя Вольгай кнігі не забароненыя для рэалізацыі ў Беларусі, напісаў у адказе на зварот 9 чэрвеня дырэктар кампаніі Дзяніс Ткачоў. Ён сцвярджае, што на кнігах пазначана ўзроставае абмежаванне «18+». Іх не прададуць кліентам, малодшым за гэты ўзрост. Кнігі прадстаўлены ў пакаванні, таму азнаёміцца з яе зместам да пакупкі немагчыма.
Таму крама не парушае закон і не павінна здымаць з рэалізацыі кнігі, паведаміў тады Ткачоў.
Дайшло да Мінінфарма
На кнігі Вольга паскардзілася першаму намесніку міністра інфармацыі Андрэю Кунцэвічу. «Пра кнігу пра піянерскі лагер чуў, тэма трымаецца на кантролі, запэўніў Андрэй Міхайлавіч», — паведаміла яна.
10 чэрвеня скаргу на кнігі ад Бондаравай атрымаў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой. 16 чэрвеня Вольга напісала, што кнігі прыбралі. «Па паведамленні прадаўца, паступіла такая просьба», — паведаміла Вольга Бондарава.
Рэпрэсіі супраць ЛГБТ-супольнасці
Пасля пратэстаў-2020 ЛГБТК-людзі сталі адной з рэпрэсаваных груп. Актывіста і блогера спрабавалі зняважыць з дапамогай відэа з аднаполым сэксам. Затрыманы на відэа з «раскаяннем» распавядаў пра аднаполыя сувязі. Адразу некалькіх мужчын у канцы верасня 2021 года вымусілі казаць аб аднаполых сувязях, гэта значыць, здзейсніць аўтынг (публічнае разгалошванне інфармацыі аб сэксуальнай арыентацыі або гендэрнай ідэнтычнасці чалавека без яго згоды — Hrodna. life). Дзяржаўныя журналісты актыўна прымалі ўдзел у дыскрэдытацыі.
У кнізе — пагрозы нацыянальнай бяспецы
UPD 24 чэрвеня. «Указаная кніга па стане
Разам з тым, у кнізе ўгледжваюцца прыкметы пагрозы нацыянальнай бяспецы, выяўленыя ў папулярызацыі і прапагандзе амаральных формаў паводзінаў, якія не адпавядаюць дзяржаўным прыярытэтам і каштоўнасцям, якія фарміруюцца ў адпаведнасці з агульнапрынятымі грамадскімі нормамі, а таксама замацаванымі Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і нарматыўнаправавымі актамі краіны.
У рамках кампетэнцыі па дадзенай кнізе і падобнага роду выданням зацікаўленым дадзены адпаведныя даручэнні".