Інфармацыйную прадукцыю старонкі Hrodna.life у Instagram прызналі экстрэмісцкай. Экстрэмісцкімі прызналі візуальныя матэрыялы — выявы, лагатып, вадзяны знак. Такое рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна Гродна 13 чэрвеня. Інфармацыя пра гэта з’явілася ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Пра якія канкрэтна лагатыпы і выявы ідзе гаворка, рэдакцыя пакуль не ведае. Мы паспрабуем атрымаць рашэнне суда і высветліць дэталі.
Апошнім часам на старонцы ў Instagram публікаваліся кароткія відэа з гарадскіх падзей: працэсіі на каталіцкае свята Божага Цела, Фестывалю нацыянальных культур, адкрыцця выставы шакаладу ў «Triniti», свята вайсковай часткі на Фолюшы, параду дзіцячых вазкоў, свята 9 мая. Суд палічыў, што гэтыя відэа — экстрэмісцкія.
Раней экстрэмісцкім прызнавалі Telegram-канал
У ліпені 2021 года суд Ленінскага раёна прызнаў Telegram-канал Hrodna.life экстрэмісцкім. Прычынай сталі выяўленыя сілавікамі публікацыі, якія эксперты палічылі «накіраванымі на распальванне сацыяльнай і іншай варожасці». Прыкметы экстрэмізму і распальвання варожасці экспертная камісія знайшла у некаторых каментарах чытачоў. Зараз нас новы Telegram-канал.
Чытайце таксама: «Права на справядлівы разгляд было парушана». Аляксей Шота — аб прызнанні Telegram-канала Hrodna. life экстрэмісцкім
У верасні 2021 года рэдакцыя Hrodna.life атрымала пастанову ад пракуратуры Гродзенскай вобласці. У ёй паведамілі пра блакаванне сайта Hrodna.life на тэрыторыі Беларусі. З таго моманту сайт даступны толькі праз VPN.