У падтрымку палітзняволеных музыкаў з гурта Irdorath лідар гурта «Акварыум» Барыс Грабеншчыкоў выстаўляе на дабрачынны аўкцыён сваю камізэльку. У ёй ён выступаў падчас канцэртнага тура 2005−2006 гадоў.

 — Калі людзей садзяць у турму за тое, што яны граюць музыку на вуліцы, гэта значыць, што ў свеце нешта вельмі не так. А гэта значыць: калі можаш хоць чымсьці дапамагчы — дапамажы, — сказаў Барыс з нагоды ўдзелу ў дабрачынным аўкцыёне.

Усе сродкі ад продажу лота будуць скіраваныя на падтрымку палітзняволеных музыкаў з гурта Irdorath.

Камізэлька — брытанскага брэнда Neal & Palmer. Шоўк барвовы з вышыўкай (спераду), чорны (спінка), памер ззаду рэгулюецца раменьчыкам. Даўжыня — 64 см, шырыня — 54 см.

Пакуль стаўка — € 1 067. Аўкцыён будзе доўжыцца два тыдні.


Надзеі і Уладзіміру Калач, лідарам фэнтэзі-фолк гурта Irdorath, 14 снежня 2021 года прысудзілі па два гады калоніі. Іх абвінавацілі паводле ч. 1 і 2 арт. 342 КК «Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» за музычныя выступы на маршах пратэсту ў Мінску. З улікам часу, праведзенага ў СІЗА, тэрмін зняволення складзе 1,5 года. Уладзімір і Надзея — муж і жонка, гродзенцы. Абодва музыкі прызнаныя палітвязнямі. Музыкі Пётр Марчанка, Юлія Марчанка і Антон Шніп з групы Irdorath асуджаны на 1,5 года калоніі агульнага рэжыму.

Надежда и Владимир Калач. Фото: facebook.com/Irdorath.by
Надзея і Уладзімір Калач. Фота: facebook.com/Irdorath.by