Новы медцэнтр на праспекце Янкі Купалы збіраюцца пабудаваць адразу за гарадской клінічнай бальніцай № 4. Праект прадугледжвае пашырэнне медыцынскага цэнтра «Свет здароўя» гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Тытунь». Зараз ён працуе на тэрыторыі тытунёвай фабрыкі. Паводле планаў, будаўніцтва абыдзецца «табачцы» ў 18,5 млн рублёў ($ 7,3 млн).
Будынак новага медцэнтра будзе двухпавярховым, каркаснага тыпу, з падвалам і тэхнічным паверхам. Вонкавыя ненясучыя сцены ўзвядуць з газасілікатных блокаў, унутраныя перагародкі будуць цагляныя, фасады — з пліт керамаграніта і клінкернай цэглы.
Плошча забудовы — 1901,7 кв. м., прадугледжана азеляненне ўчастка.
Плануюць анкалагічнае аддзяленне і аперацыйны блок з палатамі
На першым паверсе ў вестыбюлі размесцяць зону рэцэпцыі, прыёмнае аддзяленне, аптэку. У апісанні праекта пералічаныя таксама аддзяленні ўльтрагукавой дыягностыкі, уралогіі, функцыянальнай дыягностыкі, анкалогіі, стаматалогіі і лор-аддзяленне. На планах паверхаў аддзяленне анкалогіі не адзначана, затое ёсць кабінеты гінеколагаў і педыятраў.
На другім паверсе запланаваны аперацыйны блок з пасляаперацыйнымі палатамі, цэнтральнае стэрылізацыйнае аддзяленне і офісныя памяшканні. У падвале прадугледжваюць санітарна-бытавыя і тэхнічныя памяшканні для абслугоўвання медцэнтра.
На думку замоўцаў будаўніцтва, пералік медпаслуг у новым будынку і іх якасць паспрыяе высокай канкурэнтаздольнасці цэнтра. У медцэнтры абяцаюць арганізаваць прыём высокакваліфікаваных спецыялістаў, паставіць сучаснае абсталяванне і выкарыстоўваць найноўшыя дыягнастычныя і лячэбныя тэхналогіі.
Уезд будзе з паркоўкі суседняй бальніцы
Участак з аднаго боку будзе ўшчыльную прымыкаць да плота 4-й бальніцы. Уезд на тэрыторыю медцэнтра будзе з гасцявой паркоўкі бальніцы. Галоўны фасад новага медцэнтра арыентаваны на праспект Янкі Купалы.
З боку галоўнага ўваходу прадугледжана паркоўка для наведвальнікаў на 27 месцаў, з якіх 4 — для людзей з інваліднасцю. Ля бакавога фасада запланавана паркоўка для супрацоўнікаў на 38 месцаў.
Калі пройдуць грамадскія абмеркаванні
Грамадскае абмеркаванне пройдзе з 25 чэрвеня па 19 ліпеня. Заўвагі і прапановы ўдзельнікаў грамадскага абмеркавання прымаюць з 25 чэрвеня па 9 ліпеня ў пісьмовай або электроннай форме з паметкай «грамадскае абмеркаванне»:
- Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт (пл. Леніна, 2/1, 230 023, г. Гродна; [email protected]);
- Упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама (пл. Тызенгаўза, 3, 230 023, г. Гродна; [email protected])
- праз сэрвіс «Электронныя звароты» на афіцыйным сайце Гродзенскага гарвыканкама.
З праектам можна будзе азнаёміцца з 25 чэрвеня па 9 ліпеня ў вестыбюлі будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва (8.00−13.00, 14.00−17.00, панядзелак — пятніца).
Прэзентацыя праекта пройдзе 6 ліпеня ў 15.30 у кабінеце № 1 (1 паверх) будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама.
Колькі каштуе будаўніцтва
Заснавальнікам ГУП «Тытунь» з’яўляецца Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман». У траўні 2022 года «Тытунь» шукаў падрадчыка на праектаванне новага медцэнтра. Кошт праекта ацэньвалі ў 80 тыс. рублёў, будаўніцтва — у 18,5 млн. рублёў. Прадпрыемства разлічвае выдаткаваць на гэта ўласныя сродкі. Будаўніцтва планавалі пачаць у лістападзе 2022 года. Тэрмін эксплуатацыі будынка разлічаны на 70 гадоў.
Чытайце таксама: Против Гродненской табачной фабрики ввели новые санкции
Паводле планаў, «Свет здароўя» павінен цалкам пераехаць у новы будынак. Зараз ён працуе па вул. Арджанікідзэ, 18/1 на тэрыторыі тытунёвай фабрыкі. Медпаслугі прадастаўляюць супрацоўнікам фабрыкі і звычайным грамадзянам. На новым месцы планавалі дадаць камп’ютарную і магнітна-рэзанансную тамаграфію, але адмовіліся з-за высокага кошту.
Паблізу збудуюць яшчэ адну бальніцу
Непадалёк, каля кальцавой развязкі ля гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti, паміж праспектам Янкі Купалы і вёскай Солы плануюць пабудаваць новую гарадскую клінічную бальніцу. Яна будзе разлічана на 508 ложкаў.
Чытайце таксама: