У падвале былога архіва на плошчы Тызенгаўза можа з’явіцца кавярня. Аддзел спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама даследуе попыт на арэнду гэтага памяшкання. Цана — 15,2 руб. за 1 кв.м. Пра гэта паведаміў Гродзенскі цэнтр нерухомасці.
Дадаткова арандатар павінен будзе аплачваць утрыманне, эксплуатацыю, рамонт памяшкання. Дата аўкцыёна і стартавая цана права арэнды пакуль невядомыя.
Каб азнаёміцца з аб’ектам, патэнцынаму арандатару трэба патэлефанаваць у аддзел спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама — 8(0152) 68−98−05.
У 2018 годзе гарвыканкам прапаноўваў назваць кавярню «Саколка» — у гонар міжнароднага супрацоўніцтва паміж Гроднам і польскім мястэчкам Саколка. Тады ж паказалі і меркаваны выгляд будучай кавярні.
Фота: sokolka.naszemiasto.pl
Пасля рэканструкцыі - зал афіцыйных прыёмаў, галерэя і кавярня
Рэканструкцыю будынка былога архіва пачалі ў 2019 годзе. Гэта адзін з васьмі будынкаў часоў Антонія Тызенгаўза, якія захаваліся да нашых дзён з канца XVIII ст. Паводле тэндара на рэканструкцыю сышло 1,38 млн рублёў. Планавалася, што ў будынку з’явяцца зал афіцыйных прыёмаў гарвыканкама, галерэя, кавярня, музычны салон.
Рэканструкцыя адбывалася ў межах трансгранічнага праекта ў рамках праграмы «Польшча-Беларусь-Украіна 2014−2020». Агульны бюджэт праекта — 2,1 млн еўра. Еўрасаюз вылучыў 90% ад гэтай сумы.
Грошы пайшлі не толькі на рэканструкцыю будынка. У рамках праекта стварылі таксама веламаршрут «Шляхам Тызенгаўза».
Чытайце таксама: Медыцына, экалогія, турызм. На што Беларусь больш не атрымае грошай ад Еўрасаюза
У Саколцы, па польскім баку мяжы, аднавілі будынак на Рынкавай плошчы, там павінен размясціцца турыстычны цэнтр. Каля будынкаў усталявалі спецыяльныя лаўкі: у Гродне — «Лаву архітэктараў», у Саколцы — «Лаву Тызенгаўза».
Чытайце таксама: «Шлях Тызенгаўза» прыйшлі найлепшым турыстычным праектам Падляшша
Што зараз у будынку
На першым паверсе знаходзіцца некалькі залаў для афіцыйных прыёмаў гарвыканкама. У іх ужо прайшла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная эпосе Антонія Тызенгаўза. На другім паверсе размяшчаецца галерэя з працамі беларускіх мастакоў.Частку сценаў распісваў гродзенскі мастак Аляксандр Сільвановіч. Па задуме, роспіс сценаў выкананы ў выглядзе арнамента. Яго ўзялі з паясоў, вытворчасць якіх адбывалася на гродзенскіх мануфактурах.