Польшча здыме часовую забарону на перабыванне ў 183 населеных пунктах на памежнай з Беларуссю тэрыторыі. Гэта адбудзецца 1 ліпеня. Пра гэта паведаміў міністр ўнутранных спраў і адміністрацыі Марыюш Камінскі, піша onet.pl.
Калі і чаму Польшча ўвяла забарону
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў распараджэнне аб неабходнасці ўвесці надзвычайнае становішча на польска-беларускім памежжы 2 верасня 2021 года. Надзвычайнае становішча закранула 183 населеныя пункты (115 у Падляшскім і 68 у Люблінскім ваяводствах). Яны размешчаны ў непасрэднай блізкасці ад мяжы з Беларуссю.
Рашэнне аб надзвычайным становішчы пашырыла паўнамоцтвы праваахоўных органаў, абмяжавала магчымасць праводзіць масавыя мерапрыемствы, а таксама абавязвала жыхароў насіць пры сабе пасведчанні асобы. Людзям, якія не пражываюць на гэтай тэрыторыі, нельга было патрапіць туды без адпаведных дакументаў.
Падставай для гэтага стаў мігранцкі крызіс. З вясны да восені 2021 года тысячы замежнікаў спрабавалі транзітам праз Беларусь трапіць у краіны Еўрасаюза. Яны не мелі візаў краін Шэнгену і спрабавалі прарвацца праз мяжу па-за пунктамі пропуску.
У сувязі з мігранцкім крызісам улады Польшчы закрылі памежны пераход у Кузніцы. Гэта адбылося 9 лістапада 2021 года, пасля спробы штурму пункта пропуску. Пра адкрыццё «Кузніцы» польскія чыноўнікі пакуль нічога не паведамілі.
Польшча будуе агароджу на мяжы
У жніўні 2021 года ўлады Польшчы прынялі рашэнне пабудаваць на мяжы з Беларуссю плот вышынёй 5,5 метраў. Яго пачалі будаваць у студзені 2022 года. Тады гродзенскія навукоўцы заклікалі Польшчу не будаваць плот і падрыхтавалі для гэтага навуковае тлумачэнне.
Ужо ўзведзена 120 км агароджы. Агульная даўжыня павінна скласці 187 км. На будаўніцтва агароджы выдаткавалі $ 400 млн. Дабудаваць плот плануюць у канцы чэрвеня 2022 года.
Чытайце таксама:
У Брузгах не засталося мігрантаў. Дзе яны зараз