Навіны

Блакаванне праўладных Telegram-каналаў, суд па «справе Зельцара», у Мікалая Аўтуховіча — праблемы са здароўем. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Telegram заблакаваў каналы «Желтые Сливы» і «ГУБОП». У Гродне пачалі судзіць зняволенага паводле «справы Зельцара». У Мікалая Аўтуховіча і Сяргея Рэзановіча абвастрыліся праблемы са здароўем падчас суду. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 30 траўня па 5 чэрвеня.

Telegram заблакаваў каналы «Желтые Сливы» і «ГУБОП»

«Желтые Сливы» заблакавалі 4 чэрвеня, ГУБОП — 4 і 5 чэрвеня. Для апошніх гэта ўжо 10-е блакаванне. Абодва каналы публікавалі «пакаянныя відэа» і асабістыя дадзеныя затрыманых па палітычных матывах.

Пазней стала вядома, што да кіраўніцтва Telegram, Apple і Google звярнуўся Беларускі Хельсінкскі Камітэт. Яны прасілі адрэагаваць на факты парушэння правоў дзяцей: у прапагандысцкіх каналах сістэматычна публікавалі «пакаянныя» відэа, удзельнікамі якіх былі непаўналетнія. Дзеці - вельмі ўразлівая група, а на распаўсюджваных відэа было відаць, што падлеткі відавочна напалоханыя. Можна меркаваць, што на іх аказваўся ціск, паведамілі ў БХК.

Журналісту «Б**сат» Алесю Любенчуку прад’яўленае абвінавачванне

Дакладны артыкул Крымінальнага кодэкса невядомы. Адвакат Любенчука знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, паведамляе «Еўрарадыё».

Інфармацыя аб затрыманні Любенчука з’явілася 26 траўня. Па звестках праваабаронцаў, адбылося гэта ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці.

Аляксандр Любянчук. Фота: «Вясна»

Начальнік Гродзенскай памежнай групы атрымаў медаль «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы»

Начальнік Гродзенскай памежнай групы Канстанцін Моластаў атрымаў медаль ад Лукашэнкі «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы». Моластаў адзначыў, што Гродзенская памежная група стала найлепшай у Беларусі паводле вынікаў 2021 года, а памежнікі спынілі 40 спробаў незаконнага перасячэння мяжы. Па паведамленнях жа памежнай службы Польшчы, беларуска-польскую мяжу за той перыяд спрабавалі перасекчы каля 40 000 разоў.

Моластава ўнеслі ў санкцыйныя спісы ў снежні 2021 года як адказнага за арганізацыю міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы.

Начальнік Гродзенскай пагрангрупы Канстанцін Моластаў. Фота: grodnonews.by

Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакавала доступ да сайта MOST

Увечары 30 траўня сайт перастаў адкрывацца ў кліентаў ByFly і МТС. Пазней доступ знік і ў сетках іншых правайдэраў. Пры адкрыцці старонкі ў Беларусі стала з’яўляцца паведамленне, што доступ да рэсурсу абмежаваны. Прычыну блакавання сайта рэдакцыі не паведамілі.

Сайт адкрываецца праз VPN, рэдакцыя рыхтуе люстэрка сайта. Раней інфармацыйную прадукцыю сайта і некаторых сацыяльных сетак MOST прызналі «экстрэмісцкай».

MOST — гэта рэсурс, які стварыла каманда беларускіх журналістаў, якія выехалі ў вымушаную эміграцыю.

Карэспандэнта «Газеты Слонімскай» не пусцілі на школьную лінейку

Карэспандэнт навінавага партала gs. by Ганна Валадашчук 30 траўня не змагла трапіць у школу № 5 у Слоніме на мерапрыемства з нагоды заканчэння навучальнага года, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Начальнік упраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама Святлана Валько сказала, што сёлета былі ўзмоцненыя меры бяспекі, таму ўсе ўдзельнікі і госці на мерапрыемстве былі загадзя ўзгодненыя. Раней з асвятленнем урачыстасцяў у гэтай школе ў карэспандэнтаў газеты і партала праблем не было.

У 2020 годзе журналіста газеты і дырэктара выдавецкага прадпрыемства Яўгена Валадашчука выклікалі на допыт у міліцыю, аштрафавалі, ён правёў суткі за кратамі. У рэдакцыі правялі ператрус і забралі камп’ютары. Пазней друкарня адмовіла газеце ў друку — цяпер працуе толькі сайт.

У Гродне пачалі судзіць зняволенага паводле «справы Зельцара»

29-гадовага Аляксандра Аляксандравіча Гаўрыліка 1 чэрвеня пачалі судзіць паводле арт. 369 КК — Абраза прадстаўніка ўлады і арт.130 ч. 1 КК — Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы. Справу разглядае Віталь Кулеш ў Гродзенскім абласным судзе.

Жыхара Бераставіцы затрымалі ў верасні 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцара. Гаўрылік знаходзіцца ў СІЗА турмы № 1 Гродна. Прызнаны палітвязнем.

Раней па «справе Зельцара» выносілі розныя прысуды: ад 1,5 гадоў «хатняй хіміі» да 3 гадоў калоніі.

Медыкі з Гродна Аляксея Мандзіка пачалі судзіць

1 чэрвеня ў Гродзенскім абласным судзе суддзя Анатоль Заяц пачаў разглядаць справу па шэрагу артыкулаў КК:

  • 309 ч. 1 — Наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць транспартнага сродку або шляхоў паведамлення;
  • 369 — Знявага прадстаўніка ўлады;
  • 293 ч. 1 — Масавыя беспарадкі;
  • 368 ч. 1 — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • 130 ч. 1 — Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы
  • 361 ч. 3 — Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

Аляксей быў работнікам пятай гарадской паліклінікі, загадчыкам аддзялення прафілактыкі, урачом-тэрапеўтам.

Пра яго затрыманне стала вядома ў лістападзе 2021 года. Тады яго судзілі па шэрагу адміністрацыйных артыкулаў. З ім запісалі «пакаяльнае відэа». Аляксей не прызнаны палітвязнем, але ёсць у спісе ініцыятывы dissidentby.

Аляксей Мандзік. Фота: Telegram

33-гадовага бухгалтара з Гродна будуць судзіць за абразы і пагрозы сілавікам і чыноўнікам. Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі

Гродзенец з ліпеня 2020 года да лістапада 2021 года размяшчаў у «дэструктыўных Telegram-каналах» паведамленні з абразамі прадстаўнікоў улады і іх блізкіх, у тым ліку вышэйшых службовых асоб. Таксама ён выказваў пагрозы гвалтам у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўнай і судовай сістэмы, прыніжаў іх гонар і годнасць.

У ходзе расследавання выявілі 35 фактаў «злачыннай дзейнасці» фігуранта, а па крымінальнай справе прызнана пацярпелымі 26 чалавек. Абвінавачваны віну прызнаў часткова. Справу перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд. Мужчыну заключылі пад варту.

Яго будуць судзіць па наступных артыкулах КК:

  • 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў і яго блізкіх);
  • 365 (уздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў);
  • 366 (пагроза гвалтам у дачыненні да службовай асобы);
  • 368 (публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
  • 369 (абраза прадстаўніка ўлады і яго блізкіх);
  • 389 (Пагроза забойствам у дачыненні да суддзі);
  • 391 (Абраза суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя).

У Мікалая Аўтуховіча і Сяргея Рэзановіча абвастрыліся праблемы са здароўем падчас суда

У Сяргея Разановіча — цукровы дыябет. Палітвязень ужо некалькі дзён скардзіцца на стан здароўя. У мінулую пятніцу, калі ў судзе перайшлі да допыту Сяргея, ён стаў адчуваць сябе вельмі дрэнна, таму перапынак у судзе абвясцілі раней, чым звычайна — у 16: 00, паведамляе «Вясна».

Таксама паведамляюць, што ў Мікалая Аўтуховіча абвастрыліся праблемы са спінай, і ён пастаянна адчувае моцны боль. Гэта звязана з клеткай-«стаканам», у якім яго штодня ўтрымліваюць амаль тры тыдні. У «стакане» амаль няма месца, а сядзець можна толькі на вузкай лаўцы.

Допыты абвінавачаных працягваюцца.

Мікалай Аўтуховіч на судзе. Фота: БелТА

Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб палітзняволенай Соф'і Сапезе

«Шкада дзяўчынку. Трэба пытанне гэты вырашаць, — сказаў Лукашэнка. — Яна ж расіянка… У нас ёсць практыка. Мы можам расійскага грамадзяніна перадаць у Расію. Няхай яна там адбывае тэрмін. Ці яны што хочуць, там робяць. Думаю, для яе вялікая навука».

Сафію Сапегу 6 траўня 2022 года ў Гродзенскім абласным судзе асудзілі да шасці гадоў калоніі.

Соф’я Сапега ў Гродзенскім абласным судзе 6 траўня. Фота: Пул 4 регион

Пачалі судзіць затрыманага гродзенца

Сяргея Луфярэнку пачалі судзіць 2 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёна Гродна за:

  • 367 ч. 2 КК- Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • 370 КК — Здзек з дзяржаўных сімвалаў;
  • 367 ч. 1 КК — Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • 368 ч. 1 КК — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • 369 КК — Знявага прадстаўніка ўлады.

Яго затрымалі ў сакавіку 2022 года за каментары і нібыта рэгістрацыю ў плане «Перамога».

Сяргей Луфярэнка. Фота: Hrodna.life

ГУБАЗ у Гродзенскай вобласці зноў затрымаў за татуіроўкі

На камеру затрыманы сказаў, што адбываў пакаранне паводле арт. 147 ч. 1 КК «Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання» і 139 ч. 2 КК «Забойства». Раней ён быў футбольным фанатам і набіў сабе татуіроўкі нацысцкай сімволікі. Мужчына абавязаўся звесці іх. З ім «правялі працу» і змясцілі ў ІЧУ.

Затрыманы ў Гродне. Скрыншот Hrodna.life

На Фестывалі нацыянальных культур ГУБАЗ затрымаў гродзенца

Яго затрымалі за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў - у тым ліку на папяровых носьбітах. Мужчыну змясцілі ў ІЧУ. Затрыманне правялі на вачах у спадарожніцы гродзенца — ён паспеў аддаць ёй заплечнік.

Затрыманы ў Гродне. Скрыншот Hrodna.life

Гімн, сцяг, форма і адсутнасць тэлефонаў: што зменіцца ў беларускіх школах

Падрыхтаваны загад, згодна з якім ўрачыстыя лінейкі пройдуць з праслухоўваннем дзяржаўнага гімна, узняццем дзяржаўнага сцяга ў дні дзяржаўных святаў, расказаў sb.by міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Прадугледжаны льготы пры паступленні для выпускнікоў ваенна-патрыятычных класаў. У планах — замацаваць адпаведныя прэферэнцыі для тых, хто навучаецца ў ваенна-патрыятычных клубах. Сумесна з МУС распрацоўваюць навучальныя праграмы. Пасля іх рэалізацыі школьнікі без экзаменаў паступяць у спецыялізаваныя ўстановы — кадэцкія вучылішча, ліцэі МУС, МНС, Сувораўскае вучылішча.

З верасня ў школах Беларусі з’явяцца «10 залатых правілаў педагога». «Настаўнікі павінны пацвярджаць высокі статус адпаведным знешнім выглядам, паводзінамі ў сацсетках, правільна выбудаванай камунікацыяй з бацькамі», — распавёў міністр.

Навучэнцам прыйдзецца пакінуць свае тэлефоны ў спецыяльна абсталяваных месцах. Мабільныя можна будзе выкарыстоўваць толькі ў навучальных мэтах, напрыклад, пры счытванні QR-кодаў.

У кожнай школе і гімназіі адкрыюць музей або музейны пакой.

Распрацаваны новы тыпавы навучальны план — павялічваецца колькасць гадзін на вывучэнне беларускай і рускай моў у 10‑м і 11-м класах на базавым узроўні.

Прапрацоўваецца ўкараненне з 1 верасня наступнага навучальнага года адзіных элементаў школьнага адзення для канкрэтнай установы. Разглядаюць магчымасць увядзення абавязковай школьнай формы з 2023 года.

Лісты ад сына Анджэю Пачобуту не ўручылі - яны не прайшлі цэнзуру

«Рэзка пачалася блакада перапіскі Анджэя Пачобута з дзіцем. Прычына, відавочна, польская мова. Сёння вярнуўся ліст з такой пазнакай: НЕ ПРАЙШЛО ЦЭНЗУРУ, у якім разам з маім быў ліст сына па-польску пра тое, як ён скончыў школьны год… Сёння даведалася, што Анджэю вярнулася тры лісты па-польску для Ярэка…», — напісала жонка палітвязня ў Facebook.

Ліст Анджэю Пачобуту не прайшло цэнзуру. Фота жонкі палітвязня

«Упершыню ў гісторыі»: жыхары Літвы за тры дні сабралі 5 млн еўра на беспілотнік для Украіны

Літоўскі тэлеканал Laisves TV сабраў у прамым эфіры больш за 5 мільёнаў еўра, каб купіць для ўкраінскіх ваенных беспілотнік Bayraktar TB2. Грошы на рахунак паступалі з хуткасцю 1500−1700 еўра ў хвіліну.

Галерэя «400 квадратаў» у Triniti закрылася пасля звароту Бондаравай. ГЗК не працягнуў дамову арэнды

У траўні ў галерэі «400 квадратаў» праз адзін дзень працы закрылі выставу сучаснай скульптуры. Прычынай стаў зварот актывісткі Вольгі Бондаравай. Гэта падзея супала з заканчэннем дамовы арэнды з гандлёва-забаўляльным цэнтрам. Па словах прадстаўніка галерэі, ГЗК не захацеў яго падаўжаць.

Суддзю, які апраўдаў актывістаў, вызвалілі ад пасады. Афіцыйна — скончыўся тэрмін паўнамоцтваў

Суддзю суда Смаргонскага раёна Дзмітрыя Дамарада вызвалілі ад пасады ў сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў. Раней ён спыніў справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Людмілы Сульжыцкай, якую судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Таксама ён апраўдаў смаргонскага актывіста Аляксандра Паплаўскага, паведамляе «Наша Н**а». Рэдакцыя Hrodna. life прааналізавала указ № 186 «Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў».

У Гродне ліквідавалі «Честь Родины». Арганізацыя рыхтавала да паступлення ў міліцэйскія ВНУ

Абласны спартыўна-патрыятычны клуб «Честь Родины» ліквідавалі па рашэнні Гродзенскага абласнога суда 24 траўня. Прычынай сталі не ліквідаваныя своечасова парушэнні ў дакументацыі. Арганізацыя рыхтавала дзяцей да паступлення ў ваенныя і міліцэйскія ВНУ і праводзіла сустрэчы з ветэранамі АМАП і спецназа. Аб сітуацыі Hrodna. life распавёў кіраўнік арганізацыі Аляксандр Багалюбаў.

Прыбяруць апошнюю гадзіну мовы і літаратуры: польскую школу ў Гродне з 2022 года русіфікуюць дашчэнту

У гродзенскай польскай школе (СШ № 36) з 2022 года пачнуць выкладаць на рускай мове. Пра адмену апошняй гадзіны польскай мовы і літаратуры паведаміла дырэктарка сярэдняй школы № 36 Данута Сурмач. У бацькоў гэта інфармацыя выклікала «глухую злосць і бяссіле», сказала Hrodna. life маці вучня школы Наталля. Па словах Наталлі, бацькі будуць прасіць каб пакінулі гадзіну польскай мовы, «бо абяцанняў ніякіх не далі».

Палітвязень дапамагаў беларусам эвакуявацца ад пераследу ў Літву. Яго асудзілі да 4,5 гадоў калоніі

Суд Шчучынскага раёна 31 траўня асудзіў 30-гадовага палітзняволенага Яўгена Буйніцкага да чатырох з паловай гадоў узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 110 базавых велічыняў (3 520 рублёў). Яго прызналі вінаватым па ч. 3 арт. 371 КК — наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы, здзейсненае арганізаванай групай. Ён дапамагаў эвакуявацца з Беларусі людзям, якія ратаваліся ад палітычна матываванага пераследу, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Яўген Буйніцкі. Фота: Вясна

У Германіі вышла кніга з гісторыямі беларусак — сярод іх ёсць гарадзенкі

Гераіні дзевяці гісторый Дароты Данілевіч — 10 беларусак і 1 беларус. Пяць аповядаў - пра людзей з Гродна. У кнігу увайшлі гісторыі дырэктаркі дзіцячага хоспіса Вольгі Вялічкі, журналісткі Ірыны Новік, студэнткі Маргарыты Шыша, сёстраў Жаны Захаркевіч і Надзеі Сцепанцовай, гісторыя Вольгі Каракінай, што чакала з турмы палітвязня Дзмітрыя Фурманава. Таксама гераінямі кнігі сталі журналістка Наталля Лубнеўская, палітых Вольга Кавалькова, студэнтка Дыяна Ігнаткова, дэфектолаг Іна Трусава.

Книга «Белы спеў» о женщинах Беларуси вышла в Германии. Фото: Hrodna.life

З Гродзенскай вобласці дазволілі вывозіць «забаронку» да канца году

Пры выездзе з Гродзенскай вобласці ў Польшчу і Літву фізічныя асобы могуць вывозіць прадукты без абмежаванняў. Адмену лімітаў да канца 2022 года зацвердзіў Гродзенскі аблвыканкам.

Супраць Гродзенскай тытунёвай фабрыкі ўвялі новыя санкцыі

Еўрасаюз зацвердзіў шосты пакет санкцый супраць Расіі. У яго патрапілі і беларускія прадпрыемствы. Сярод іх Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман». Гэта адбылося 3 чэрвеня, у 100-ы дзень вайны Расіі супраць Украіны.

Як у Гродне прайшоў Фестываль нацыянальных культур

«Калі вы будзеце дарыць нам энергію, мы падорым вам яшчэ больш», — абяцалі на армянскім падворку перад нацыянальным танцам. Армянін прасіў даць прастору, адвесці дзяцей, і кареглазых барадатыя мужчыны пачалі энергічна рухацца. 4 чэрвеня Гродна святкаваў другі дзень XIII фестывалю нацыянальных культур, дзе рускіх размясцілі насупраць украінцаў, у цэнтры было каля 200 сілавікоў, а міністр культуры жадаў краіне мірнага неба. Віктар Шалкевіч жа расказаў, чаму замест фестывалю нацкультур паедзе на вёску.

Фестываль нацыянальных культур-2022. Фота: Hrodna.life
Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024