Літоўцаў будзе менш, латышоў не будзе наогул. Якія перастаноўкі будуць на Фестывалі нацыянальных культур у Гродне

Падворкі на ХІІІ Фестывалі нацыянальных культур будуць працаваць 4 чэрвеня. Пляцоўка рускіх знаходзіцца насупраць пляцоўкі украінцаў. Так было і раней, але падчас вайны гэта выглядае неадназначна. Hrodna.life спытаў арганізатараў і кіраўнікоў дыяспар, ці не выклікае гэта дыскамфорту ва ўдзельнікаў фестываля. А таксама чаму латышы не прымуць удзел у гэтым годзе.

Фестываль нацыянальных культур у Гродне 2018 г. Фота: Hrodna.life

«Будуць хадзіць у госці адны да адных»

«Мы разглядалі гэтае пытанне [дыскамфорт удзельнікаў рускай і украінскай дыяспары — Hrodna.life]. Але ўдзельнікі фестывалю сказалі, што яны не супраць, каб падворкі былі насупраць адзін аднаго. І нават сказалі, што будуць хадзіць у госці адны да адных. Руская дыяспара гатова сустрэць украінцаў з караваем. Усё добра, у нас у дыяспарах канфлікту няма», — сказала Hrodna.life дырэктарка Фестывалю нацыянальных культур Вольга Антоненка.

Што кажуць у дыяспарах

Украінскую дыяспару прадставіць грамадскае аб’яднанне «Ватра». Рускую дыяспару на фестывалі прадставіць грамадскае аб’яднанне «Русь». На сваім падворку ўдзельнікі прадставяць нацыянальную кухню, таксама выступяць музычныя калектывы.

«Я не думаю, што гэта [размяшчэнне падворкаў - Hrodna.life] неяк паўплывае. Не думаю, што будуць якія небудь канфлікты», — сказаў Hrodna.life кіраўнік Беларускага грамадскага аб’яднання «Русь» Мікалай Сяргееў.

Кіраўнік украінскай дыяспары абяцаў адказаць на пытанні Hrodna.life пазней, але ў выніку мы так да яго і не датэлефанаваліся

Схема размяшчэння падворкаў на XIII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур

Чаму ў праграме фестывалю няма латышоў, а літоўцы не маюць уласнага падворка

«Арганізацыя латышоў некалькі гадоў таму самаліквідавалася. Таму не заяўляліся на фестываль, а іх кіраўніца, калі не памыляюся, з’ехала», — сказала Hrodna.life дырэктарка Фестывалю нацыянальных культур Вольга Антоненка.

Літоўскай дыяспары звычайна вылучалі асобны падворак. Але ў гэтым годзе літоўцаў размясцілі разам з італьянцамі, немцамі, эстонцамі і грэкамі.

«У літоўскай арганізацыі былі пытанні па перарэгістрацыі. І зараз меншая колькасць, таму мы прынялі рашэнне аб’яднаць іх з іншымі дыяспарамі. Грэкі, напрыклад, даволі позна падалі заяўку на ўдзел у фестывалі, — сказала Вольга Антоненка. — Казахі звычайна таксама прадстаўлялі вялікую дыяспару, але ў гэтым годзе яны не будуць выстаўляць сваю юрту, але будуць выстаўляць башкіры».

Падчас папярэдняга Фестывалю нацыянальных культур, які адбыўся ў Мінску, літоўская дыяспара была таксама нешматлікая.

Калі адбудзецца фестываль

ХІІІ Фестываль нацыянальных культур адбудзецца з 3 па 5 чэрвеня. Ад вуліцы Замкавай да плошчы Леніня размесцяць 17 падворкаў. Яны будуць працаваць толькі адзін дзень 4 чэрвеня. Упершыню ў фестывалі прыме ўдзел дыяспара Манголіі. У сувязі з гэтым на алеі Сяброўства ў Каложскім парку пасадзяць новае дрэва.

Беларускі падворак размесцяць на плошчы Леніна. Там прадставяць усе рэгіёны Беларусі.

Праграма XIII Рэспубліканскага фестываля нацыянальных культур

Што яшчэ будзе на Фестывалі нацыянальных культур

У першы дзень фестывалю, 3 чэрвеня, арганізатары плануюць адкрыць Дом рыбака на вуліцы Замкавай. У другі дзень на вуліцы Тэльмана, у скверы каля культурнага цэнтра «Фестывальны» і абласнога КДБ адкрыюць тэматычную скульптуру. Яна прысвечана фестывалю.

У рамках фестывалю будуць працаваць выставы, адбудуцца канцэрты і майстар-класы. Дзяўчаты з прадстаўленых у Беларусі нацыянальных аб’яднанняў пакажуць нацыянальныя строі.

Акрамя гэтага, арганізатары запланавалі круглы стол «Беларусь — наш агульны дом: адзінства нацый і пакаленняў». Ён адбудзецца ў галерэі імя Тызенгаўза [маецца на ўвазе не даўно існуючая прыватная «Галерэя Тызенгаўза», а новая прастора ў адноўленым будынку былога архіва — Hrodna.life]. Там павінны сабрацца кіраўнікі 21 нацыянальнага аб’яднання і іншыя зацікаўленыя, хто менавіта БелТА не ўдакладніла.

Падчас круглага стала, арганізатары правядуць прэзентацыю кнігі «Сёстры Хатыні». У ёй сабралі звесткі аб 309 населеных пунктах Гродзенскай вобласці, якія пацярпелі падчас Вялікай Айчыннай Вайны.

Падчас фестывалю плануюць паказаць дзве выставы. У экспазіцыі «Беларусь наш агульны дом: адзінства нацый і пакаленняў» прадставяць фота і асабістыя рэчы «вядомых дзеячоў, якія ўнеслі ўклад у развіццё краіны ў пасляваенны перыяд». Маюцца на ўвазе палітычныя дзеячы, вайсковыя начальнікі, дзеячы культуры, адукацыі, навукі, спорта.

Як даўно ў Гродне праводзяць фестываль нацыяльных культур

Фестываль нацыянальных культур традыцыйна праводзіцца ў Гродне раз на два гады з 1996 года. У фестывалі ў 2018 годзе ў Гродне ўдзельнічалі прадстаўнікі 36 нацыянальнасцяў. У той жа год адкрылі культурны цэнтр «Фестывальны» на Тэльмана. Чарговы фестываль павінен быў адбыцца ў 2020 годзе ў 13-ы раз. Яго вырашылі перанесці на год праз каранавірус. У 2021 у Гродне яго зноў вырашылі не праводзіць. Праўда, у верасні 2021 яго адкрыццё правялі на Дзень горада ў Мінску з удзелам 25 нацыянальнасцяў. Летась фестывалю споўнілася 25 гадоў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024

«Ледзь галаву не адрэзала». Байкеры ў лесе Гродна знайшлі пастку з дроту — у справу ўмяшалася міліцыя

Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…

20 лістапада 2024