Фрык-тэатр «Гексаген» павінен быў выступіць на Ночы музеяў у Гродне. Гэта абурыла праўладную актывістку Вольгу Бондараву. У выніку афіша падзеі знікла з сайта Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры (ГЦК). Па горадзе пайшлі чуткі, што «Гексаген» наогул плануюць выгнаць з цэнтра. Журналіст Hrodna.life спытаў пра адмену мерапрыемства і будучыню тэатра ў дырэктара ГЦК Уладзіміра Сацюка.
У чым справа?
У межах міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры арганізаваў 20 траўня творчы праект «Вне времени». У межах яго павінна адбыцца экскурсія «Рамантыка XVIII стагоддзя» па парку імя Жылібера. На ёй павінен выступіць фрык-тэатр «Гексаген».
Гэта не задаволіла праўладную актывістку Вольгу Бондараву. Яна напісала ў сваім Telegram-канале, што акторы тэатра нібыта «выступаюць супраць дзяржаўнай улады», а ў «ГЦК ім даюць зялёнае святло».
18 траўня Бондарава патэлефанавала ў ГЦК і размаўляла з кіраўнічкай аддзелу культурна-масавай працы. Яна патрабавала, каб з афішы мерапрыемства прыбралі ўзгадку пра тэатр «Гексаген», а таксама асоб, якія з ім супрацоўнічаюць.
Пасля гэтага афіша мерапрыемства з удзелам фрык-тэатра «Гексаген» знікла з сайта ГЦК. Паводле інфармацыі Hrodna.life, прэтэнзіі Бондаравай абмяркоўваліся на ўзроўні Гродзенскага аблвыканкама.
Што будзе з Ноччу музеяў і «Гексагенам»?
Мерапрыемства «адбудзецца дакладна», але ці выступіць на ім тэатр «Гексаген» — невядома. «Не магу адказаць дакладна», — сказаў Hrodna.life дырэктар цэнтра культуры Уладзімір Сацюк.
«Што будзе — я не ведаю. Сёння застанецца» ["Гексаген" у складзе цэнтра культуры — Hrodna.life], заўтра не ведаю. Я сам буду вырашаць. Мне не трэба раіць, што рабіць. У мяне такіх 45 калектываў", — адказаў Сацюк.
Паводле інфармацыі Hrodna.life, экскурсія дакладна пройдзе без удзелу «Гексагена» — гэта было вырашана яшчэ за дзень да падзеі.