Пасяджэнні па справе ўладальніка крамы «АвтоЗапчасти» Віктара Рукшы пачаліся ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 17 траўня. Яго судзяць за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі (арт. 424 ч. 3 КК) і ўхіленне ад выплаты падаткаў (арт. 243 ч. 2 КК у рэдакцыі да 26 траўня 2021 года). У жніўні 2020 года Віктар паскардзіўся на сілавікоў. На яго завялі крымінальную справу. Некалькі месяцаў Рукша спрабаваў абскардзіць у судах акты, на падставе якіх яго абвінавацілі, але безвынікова.
Па ч.3 арт. 424 КК Віктару пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі са штрафам або без штрафу і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, па ч. 2 арт. 243 КК — да сямі гадоў пазбаўлення волі з тымі ж абмежаваннямі. Суддзя — Віталь Лабоцкі.
Справа пасля скаргі на сілавікоў
58-гадовы Віктар Рукша — уладальнік крамы аўтазапчастак на вул. Гарнавых, 6. Падчас пратэстаў 11 жніўня 2020 года сілавікі забеглі ў памяшканне і затрымалі ўнутры аўтара Hrodna.life Руслана Кулевіча і двух супрацоўнікаў крамы. Віктар напісаў скаргу на дзеянні сілавікоў і папрасіў правесці праверку аб перавышэнні паўнамоцтваў сілавікамі.
Пасля гэтага сапраўды распачалі справу — але супраць Віктара. У краму прыйшлі з упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю (УДФР КДК), апячаталі яго, а падатковая падала пазоў аб ліквідацыі фірмы.
$ 203 693 нявыплачаных падаткаў
Прычынай для гэтага стала тое, што некалькі гадоў прыватная кампанія нібыта хавала сапраўдныя даходы. У эфіры АНТ казалі пра суму 525 тысяч рублёў ($ 203 693) нявыплачаных падаткаў і яшчэ 12 тысяч ($ 4655) падаткаў з заробкаў «у канвертах». Віктар у судовым пасяджэнні заявіў, што УДФР канфіскавалі і ўзялі за аснову не бухгалтарскую праграму, а аператыўна-складскую. Гэтай праграмай карысталіся менеджэры па продажах для ўліку і аналізу тавараў па складзе. Што тычыцца выплат супрацоўнікам, ён выплачваў ім дапамогу са сваёй кішэні.
Віктара ўзялі пад варту 22 лютага. Да гэтага ён некалькі месяцаў судзіўся з Камітэтам дзяржкантролю і абскарджваў рашэнні эканамічнага суда Гродзенскай вобласці. Усе рашэнні былі прынятыя не ў яго карысць. 17 лютага яго фірму ТАА «Рукша» ліквідавалі праз суд.
Чытайце таксама:
- У Гродне праз суд ліквідуюць ТАА «Рукша». У яго краме падчас пратэстаў затрымалі Руслана Кулевіча
- Паскардзіўся на сілавікоў - атрымаў крымінальную справу. Уладальнік крамы аўтазапчастак у Гродне павінен у бюджэт $ 200 000 і паўгода судзіцца з УДФР
- Ліквідавалі фірму гродзенца, які паскардзіўся на сілавікоў. Ён чатыры разы абскарджаў рашэнні дзяржкантролю