У Гродне прадаюць «дом з ільвамі» на Студэнцкай. Колькі ён каштуе і чым незвычайны

На продаж выставілі комплекс былой станцыі пералівання крыві на вул. Студэнцкай. Асноўны будынак — двухпавярховы «дом з ільвамі» («Дом немаўляці», «дом са змеямі») 1906 (1905) г. пабудовы. Яго пачатковы кошт — 930,6 тыс. руб. ($ 372 тыс.), піша Telegram-канал Urban Hrodna.

Участак былой абласной станцыі пералівання крыві плошчай 0,1892 га з будынкамі і добраўпарадкаваннем можна арандаваць на 50 гадоў.

Студэнцкая, 6 — «дом з ільвамі». Фота: Дзяржаўны камітэт па маёмасці

У лот уваходзяць два цагляныя будынкі з жалезнымі стрэхамі, надворны склеп, аднапавярховы цагляны гаспадарчы блок са складам, цагляны гараж, крыты шыферам, павець-склад на заднім двары і інжынерныя камунікацыі. На ўчастку растуць чатыры дарослыя дрэвы. Двор выходзіць да ракі Гараднічанкі. Участак суседнічае з барам «Бардо» і банкетнай залай Stanislavski (былы рэстаран H2O). Зараз вуліца тупіковая, але ў перспектыве, згодна з генпланам, яе збіраюцца працягнуць да вул. Будзёнага.

Паводле ўмоў аўкцыёну, нерухомасць можна рэканструяваць пад аб’ект грамадскага прызначэння. Пры куплі прыйдзецца падпісаць ахоўнае абавязацельства на нерухомую матэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць, якой з’яўляюцца будынкі на вул. Студэнцкай.

Студэнцкая, 6. Фота: Дзяржаўны камітэт па маёмасці

Надзел знаходзіцца ў водаахоўнай зоне ракі і ў зоне аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў (гістарычны цэнтр).

Зараз будынкі належаць абласному клінічнаму цэнтру «Псіхіятрыя-Наркалогія». Яны пустуюць з 2014 года, калі станцыя пералівання крыві пераехала на Вішнявец.

Аўкцыён пройдзе 14 чэрвеня ў 12:00. Заяўкі на ўдзел прымаюць да 8 чэрвеня, да 16:00. Да падачы заявы трэба ўнесці задатак у 94 тыс. руб.

Гісторыя будынкаў

Дом № 6 — той самы «дом са львамі», пабудаваны ў 1906 г. (па іншых звестках — 1905), сказана ў выданні «Біяграфія гарадзенскіх вуліц». У дакументах аўкцыёну паказаны 1925 год пабудовы. Двухпавярховы будынак строга сіметрычны, парадны ўваход — у цэнтры. Выразнасць афармлення фасадаў дасягнута спалучэннем неатынкаваных цагляных сцен і афарбаваных у белы карнізных цягаў, пілястраў і аконных ліштваў, а таксама выкарыстаннем каваных кратаў парапета ў выглядзе перавітых змеяў.

Першы паверх правага крыла з асобным уваходам з тарца быў адведзены для прыёму прыватнага лекара. Астатнія памяшканні былі жылымі. Паводле легенды гаспадар камяніцы загінуў ад уласнага аўтамабіля ў гаражы: ручка стартара спружыніла і ўдарыла яго па галаве. У 1950-х гадах будынак аддалі пад «Дом малюткі», а пасля пад станцыю пералівання крыві.

Дом № 4 пабудаваны ў пачатку ХХ ст. (па дакументах аўкцыёну — у 1910 г.). Невялікі аднапавярховы цагляны будынак амаль правільнай кубічнай формы — прыклад позняй эклектыкі. Мясцовыя жыхары называлі яго «дом суддзі», хоць на самай справе тут жыў адвакат. Пасля там размяшчалася рэгістратура станцыі пералівання крыві.

Дамы на Студэнцкай. Фота: Дзяржаўны камітэт па маёмасці

Саму вуліцу назвалі Студэнцкай ў 1931 г. у гонар студэнтаў розных навучальных устаноў Антонія Тызенгаўза, якія адкрыліся ў горадзе ў другой палове XVIII ст.

Чытайце таксама: Улица Студенческая перестанет быть тупиковой: почему это очень хорошо для гродненцев и туристов

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенскі «Кронан Парк Гатэль» прызналі найлепшым гатэлем ў краінах СНД

Гатэль «Кронон Парк Гатэль», размешчаны ў лесапарку Пышкі ў Гродне, атрымаў прэмію Travel Time Awards…

7 красавіка 2025

У Беларусі рэзкі рост пазбаўлення бацькоўскіх правоў — дасягнулі «рэкорду» за апошнія 9 гадоў

У 2024 годзе бацькоўскіх правоў у Беларусі былі пазбаўлены бацькі 3 955 дзяцей. Гэта найбольшая колькасць…

7 красавіка 2025

Гродзенец набіў татуіроўку ў памяць рэпера Пашы Тэхніка

Жыхар Гродна набіў на шчыкалатцы татуіроўку з выявай расійскага рэпера Пашы Тэхніка і подпісам “Досвидания”.…

7 красавіка 2025

Нерухомасць тыдня: на Дзевятоўцы прадаюць кватэру з чарапашкамі-ніндзя і аб’ёмнай картай свету на сцяне

На сёмым паверсе дома па вуліцы Ліможа, 48Б выстаўлена на продаж трохпакаёвая кватэра плошчай 74,8…

4 красавіка 2025

Лакацыі паводле фільмаў пра вайну, парад і ўзяцце Тэкстыльшчыкаў замест Рэйхстага. Што плануюць у Гродне на 9 траўня?

У Гродне рыхтуюцца да святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы аб'яднаюць пад канцэпцыяй…

4 красавіка 2025

У Гродне падаражэў праезд у гарадскім транспарце — і на прыгарадных маршрутах

З 5 красавіка ў Гродне талоны на праезд у гарадскім грамадскім транспарце даражэюць на 10…

4 красавіка 2025