Па рашэнні Гродзенскага абласнога суда ліквідавалі грамадскую арганізацыю «Краязнаўчае таварыства — Коматава». Кіраўнік заплаціць тры базавыя велічыні (96 рублёў) дзяржпошліны. Арганізацыя даследавала гісторыю мясцовых цэркваў і зберагала гісторыка-культурную спадчыну. Рэдакцыя Hrodna. life прааналізавала дакументы, якія трапілі ў яе распараджэнне, і спытала старшыню Васіля Сямко, як ён будзе дзейнічаць далей.
UPD 27 чэрвеня. Гродзенскае грамадскае аб’яднанне «Краязнаўчае таварыства — «Коматава» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Старшыня арганізацыі спрабаваў абскардзіць прысуд.
«Краязнаўчае таварыства — Коматава» ліквідавалі за некалькі судовых пасяджэнняў. Пачаліся яны 22 красавіка ў Гродзенскім абласным судзе. Істцом было Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Суддзя — Сяргей Піпко.
Што парушыла краязнаўчае таварыства?
Падстава для ліквідацыі - нібыта парушэнні арганізацыяй закона і ўласнага статута на працягу года пасля пісьмовага папярэджання. Мяркуючы па іскавай заяве за подпісам начальніка Галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама Алены Юргель, пасля праверкі дзейнасці арганізацыі знайшлі парушэнні. Напрыклад:
- Старшыня падаў выпіску з рашэння Гродзенскага райвыканкама ад 16 лютага 2011 аб тым, дзе размяшчаецца грамадскае аб’яднанне. Аказалася, трэба было яшчэ заключыць дагавор арэнды або бязвыплатнага карыстання. Васіль жа лічыць, што інфармацыя аб дазволе выканкамам выкарыстоўваць яго кватэру для офіса арганізацыі прадастаўлена.
- Апошняе пасяджэнне Агульнага сходу, на якім адбыліся выбары членаў у Выканаўчы савет і Рэвізійную камісію, прайшло 14 лютага 2016-га. Паўнамоцтвы выбарных органаў аб’яднання скончыліся 13 лютага 2021 года, што супярэчыць статуту.
- Пасяджэнні Выканаўчага Савета праводзяцца не радзей за адзін раз у квартал. Аднак з прадстаўленых пратаколаў вынікае, што ў 3 квартале 2021 года, у 3 і 4 кварталах 2020 года, у 2 і 4 кварталах 2019 года пасяджэння Выканаўчага савета не праводзіліся. «Рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя ў перыяд эпідэміі каранавіруса рэкамендавана не праводзіць сходы», — адказаў Сямко.
- Кіруючы орган ГА складаецца з не менш чым трох членаў грамадскага аб’яднання. У выпадку змяненняў у складзе выбарных органаў грамадскага аб’яднання трэба праінфармаваць рэгіструючы орган у дзесяцідзённы тэрмін. Склад змяніўся ў сувязі са смерцю яго члена Сямко І.М. Аднак, новы член у не абіраўся, звесткі аб змене складу ГА не прадстаўлены. «У сувязі са смерцю члена Выканаўчага з Сямко І.М. выконваючую пасаду бухгалтара загадам прызначаная Сямко С. К. і ў далейшым на сходзе была б зацверджана. Іншай кандыдатуры не было», — напісаў старшыня.
Таксама «Краязнаўчае таварыства — Коматава» няправільна аформіла некаторыя справаздачныя дакументы, пра што іх праінфармавалі. Па стане на 30 сакавіка 2022 года справаздачнасць грамадскім аб’яднаннем за 2021 год не прадстаўлена і не размешчана ў інтэрнэце. «Даведаліся аб няправільнасці формы толькі з іскавай заявы», — паведаміў ім Сямко.
Да таго ж, ён сцвярджае, што без дакументаў, якія ў яго канфіскавалі на праверку, зрабіць справаздачу было немагчыма. Удакладняць ва ўладаў, як яму паступіць у такой сітуацыі, Васіль не стаў.
Старшыня: справа сфабрыкаваная
Пенсіянер і краязнаўца Васіль Сямко займаўся даследаваннем гісторыі Каматоўскага праваслаўнага прыходу з блаславення Уладыкі Арцемія з 17 лютага 2005 года. Пра гэта сам 81-гадовы Сямко напісаў у лісце ў Гродзенскі абласны суд.
«Дзіўна, пры афармленні нашага ГАА „Краязнаўчае таварыства — Коматава“ нам паведамлялі: не бойцеся цяжкасцяў, мы своечасова будзем інфармаваць, калі і ў якія тэрміны прадстаўляць. Новы склад Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама не даваў інфармацыі нам па зменах заканадаўчых актах і спасылках да іх, аб пераездзе па новым адрасе можна было сабраць прадстаўнікоў аб’яднанняў і правесці семінар або асновы па абароне правоў у перыяд дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў», — напісаў Сямко. Ён лічыць, што справа аб ліквідацыі сфабрыкаваная.
Ён прасіў дазволіць арганізацыі скончыць збудаванне мемарыяльнага знака памяці продкам славянскага народа, «які будзе гарантам захаванасці гэтага гістарычнага месца». Такі помнік побач з вёскай Коматава, дзе археолагі знайшлі адну з старажытных стаянак чалавек, Сямко марыць паставіць ужо не першы год.
«Бязладдзе на месцах»
«Каб сродкі былі, можа я і далей [абскарджваў]… Хоць, усё можа быць, і я і да Вярхоўнага Суда дабяруся < … > Я на судзе сказаў: я не спынюся, таму што лічу, што гэта неправамоцна. Так затрымаўшы [дакументы], спецыяльна стварылі такую абстаноўку, каб закрыць гэтую арганізацыю. Хоць мы не палітычная арганізацыя, мы займалася краязнаўствам, памяццю продкаў < … > Я ж лічыў, што я для дзяржавы вёў пошук», — распавёў Hrodna.life Сямко.
Васіль хоча сабраць вынікі працы ў кнігу і выдаць, але ў яго няма сродкаў на гэта. Займацца краязнаўствам можна і без грамадскага аб’яднання, лічыць Сямко. Адзіны момант — аб’яднанне давала магчымасць прымаць дапамогу ад спонсараў.
У свой час Васіль звяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі, але, па яго словах, звароты не даходзілі. Ён хацеў данесці «чалавеку ля руля» пра «бязладдзе на месцах».
Чым займалася арганізацыя?
Коматава — вёска ў Гродзенскім раёне ў складзе Абухоўскага сельсавета. Арганізацыю зарэгістравалі ў 2011 годзе, калі рыхтаваўся пуск Гродзенскай ГЭС і ваколіцы Коматава чакала затапленне. Мэта арганізацыі - даследаваць гісторыю мясцовых цэркваў, садзейнічаць захаванню і аднаўленню гісторыка-культурнай спадчыны. Кіраўнік арганізацыі - ураджэнец вёскі краязнаўца Васіль Сямко. На 2020 год у складзе было 14 чалавек.
Дзякуючы арганізацыі Гродзенскі райвыканкам усталяваў на помніку археалогіі Коматава-5 інфармацыйны стэнд на рускай, беларускай, англійскай і польскай мовах.
Чытайце таксама:
- У Гродне праз суд ліквідуюць краязнаўчае таварыства «Коматава»: у ім было 14 чалавек, яно ўсталёўвала памятныя знакі
- Псіхолагі, навукоўцы, спартсмены, журналісты. Больш за 20 грамадскіх арганізацый ліквідуюць у Гродне
- У Беларусі некамерцыйныя арганізацыі пасартуюць па ступені «фінансавання тэрарызму». Раней іх масава ліквідавалі