Экстрэмісцкай прызналі першасную арганізацыю Беларускага Незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ «Гродна Азот». Гродзенскі абласны суд таксама прыняў рашэнне аб забароне дзейнасці арганізацыі і яе ліквідацыі. Падрабязнасці працэсу невядомыя — яго зрабілі закрытым з-за дакументаў, «якія змяшчаюць службовую інфармацыю абмежаванага распаўсюджвання».
Дзейнасць арганізацыі «супярэчыла патрабаванням заканадаўства і была спалучаная з распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў», заключылі ў судзе. Судовае рашэнне павінны выканаць неадкладна, паведаміла пракуратура Гродзенскай вобласці.
Паводле ч.1 арт. 12 Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» арганізацыя, зарэгістраваная на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, прызнаецца экстрэмісцкай, яе дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняецца, яна ліквідуецца і выкарыстанне яе сімволікі і атрыбутыкі забараняецца на падставе рашэння суда.
Маёмасць, якая належыць арганізацыі і засталася пасля задавальнення патрабаванняў крэдытораў, пры ўмове іх недатычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці будзе канфіскаваная.
Працэс быў закрытым
Разглядаць справу пачалі 10 траўня ў закрытым судовым пасяджэнні. «Разгляд справы ў адкрытым судовым паседжанні можа прывесці да разгалашэнню звестак, якія складаюць ахоўную законам таямніцу, якая змяшчаецца ў матэрыялах справы», — палічыла прадстаўнік пракуратуры Гродзенскай вобласці Ганна Саук. Суддзя Жанна Краўчанка з ёй пагадзілася.
Старшыня арганізацыі Андрэй Ханевіч не змог патрапіць на працэс — ён адбывае адміністрацыйны арышт. Намеснік старшыні працаваў ў сваю змену на прадпрыемстве. Раней старшыня казаў Hrodna.life, што будзе абскарджваць прысуд.
Рэпрэсіі супраць прафсаюза
27 красавіка пасля праверкі пракуратура Гродзенскай вобласці прыпыніла дзейнасць першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ «Гродна Азот». У Гродзенскі абласны суд накіравалі заяву аб прызнанні экстрэмісцкай арганізацыяй прафсаюза, забароне яе дзейнасці і ліквідацыі. Прычынай стала нібыта ўдзел кіраўніка і членаў першаснай арганізацыі ў спробе арганізаваць страйк на прадпрыемстве «выключна ў палітычных мэтах».
Гэтаму папярэднічалі публікацыі ў карпаратыўным выданні «Гродзенскі хімік», у якім выказвалі незадаволенасць працай незалежнага прафсаюза. А таксама — прызнанне інфармацыі ў закрытым чаце для сяброў арганізацыі экстрэмісцкай.
Чытайце таксама: Суд аб ліквідацыі незалежнага прафсаюза «Гродна Азот» зрабілі закрытым. Старшыня не прыйшоў - адбывае арышт