У Беларусі плануюць запусціць аналаг сэрвісаў Booking і Airbnb для браніравання жылля ў падарожжах. Сэрвіс ствараюць на базе сайта «Белкрай». Пра гэта Office Life паведаміў заснавальнік сайта Барыс Якавіта.
«Наш праект „БелКрай“ ужо дастаткова добра вядомы ў Беларусі сярод аграсядзібаў і гідаў. У нас два асноўных накірунка — сядзібы і экскурсіі. Для апошніх анлайн-браніраванне ўжо рэалізавана, і з гэтым сэрвісам мы нават выйшлі за межы краіны каля года таму», — сказаў Якавіта.
Раздзел з жыллём зараз працуе ў выглядзе інфармацыйнага каталога. Яго стварылі шэсць гадоў таму і дасюль не змянялі. У планах — пераўтварыць яго ў паўнавартасны сэрвіс браніравання.
Яго хочуць запусціць у пачатку ліпеня. Там можна будзе наладжваць каляндар занятасці жылля і цэны. Турысты змогуць браніраваць і аплочваць жыллё.
Чаму з Беларусі сышлі Booking i Airbnb?
З пачаткам вайны Расіі супраць Украіны 24 лютага 2022 года замежныя кампаніі масава пачалі пакідаць рынак Беларусі і Расіі альбо прыпыняць на неакрэслены час працу. У пачатку сакавіка сэрвісы бранавірання жылля і гатэлей Booking.com и Airbnb закрылі магчымасць здымаць кватэры і нумары ў гатэлях Беларусі і Расіі.
Што з турыстычнымі рэсурсамі ў Гродне?
Мабільную прыладу для турыстаў «Grodnо guide» запусцілі ў канцы 2020 года. Гэта звычайная мапа Гродна з сэрвіса «Яндекс.Карты» якую сумясцілі з каталогам гатэляў, хостэлаў, аб’ектаў харчавання, гістарычных і культурных аб’ектаў.
Улады ў Гродне плануюць выдаткаваць больш за 8,5 тыс. рублёў на абслугоўванне мабільнай прылады і сайта для турыстаў. Станам на 15 сакавіка 2022 года, ніякія аб’екты на мапе ў Android-версіі прылады не адлюстроўваліся. Не запампоўваліся таксама турыстычныя навіны.
У Google Play прыладу спампавалі каля 100 чалавек. Пяць з іх паставілі высокія адзнакі - сярэдняя складае 4,8. У AppStore у прылады няма адзнакаў і інфармацыі аб колькасці спамовак.
Чытайце таксама: Мабільны гід з памылкамі і прэзентацыя для кітайцаў: улады спрабуюць развіваць турызм у Гродне, але ў экспертаў ёсць пытанні