Суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна 6 траўня асудзіў Святлану Анціпкіну на 1,5 гады “хатняй хіміі”. Прычынай стаў абразлівы каментар у “Аднакласніках” пад публікацыяй з фота старэйшага лейтэнанта міліцыі Ленінскага РАУС Гродна Уладзіміра Казлоўскага. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал “Право имеют” са спасылкай на праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Выхавацельку дзіцячага садка Святлану Анціпкіну асудзілі па арт. 369 КК (“Абраза прадстаўніка ўлады”). З яе спагналі 1,5 тыс. рублёў. У такую суму ацаніў свае маральныя пакуты Казлоўскі. 800 рублёў Анціпкіна пералічыла за дзень да суда.
Паводле абвінаваўцы, каментар быў зняважлівы і ўтрымліваў ненарматыўнае выказванне. Акрамя гэтага Анціпкіна адрэагавала на допіс у суполцы рэакцыяй “клас” і тым самым размясціла яго на сваёй старонцы ў “Аднакласніках”. Казлоўскага суд дапытаў анлайн.
Хто такі старэйшы лейтэнант Уладзімір Казлоўскі
Уладзімір Казлоўскі – той самы міліцыянт, які падчас пікету 29 мая 2020 года ў Гродне паваліўся на зямлю падчас затрымання Сяргея Ціханоўскага. Пазней у міліцыянта выявілі ўдар пярэдняй брушной сценкі, але яго не шпіталізавалі.
Чытайце таксама: Милиционер, который упал на пикете Тихановской в Гродно, ранее уже участвовал в «политических «делах
Каго яшчэ судзілі за абразу Казлоўскага
За абразу Казлоўскага 2 верасня 2021 года паводле арт. 369 КК асудзілі на тры гады “хатняй хіміі” мінчука Руслана Літвіна. Паводле абвінавачання, 31 кастрычніка 2020 года ён пакінуў абразлівы каментар пад фота Казлоўскага ў Telegram-канале “Каратели Беларуси”.
Казлоўскі ў той раз таксама не прыехаў на суд і таксама заявіў прэтэнзію на 1500 рублёў за нібыта маральную шкоду. Суд пазоў Казлоўскага задаволіў.
Па той жа артыкуле асудзілі мінчука Андрэя Васілеўскага — 27 кастрычніка 2021 года ён атрымаў 2,5 гады «хатняй хіміі». Абвінавачванне грунтавалася на каментары ў “Аднакласніках”.
Казлоўскі тлумачыў, што ў той дзень яму прыйшло “больш за тысячу абраз, пагроз прымянення гвалту ў дачыненні да яго, яго родных і блізкіх”. Каментар абвінавачанага нібыта “дыскрэдытаваў яго ў вачах грамадскай думкі, нанёс удар па аўтарытэце, прынізіў прафесійныя якасці”.
У траўні 2021 на гродзенскіх судах па “Справе Ціханоўскага” ўчастковы Казлоўскі запатрабаваў ад аднаго з абвінавачаных 8000 рублёў маральнай кампенсацыі.
У снежні 2021 года суд Савецкага раёна Гомеля асудзіў 47-гадовага дальнабойшчыка Андрэя Дзямідава на тры гады “хіміі”. Прычынай стаў каментар пра Казлоўскага ў “Аднакласніках”, як і ў выпадку з Анціпкінай.
За час усіх судовых паседжанняў Казлоўскі спагнаў за абразу сябе ўжо 5,5 тыс. рублёў.


