Амаль траціна апытаных падтрымлівае вайну ў Украіне, 40% - супраць. Пры гэтым беларусы не лічаць сябе вінаватымі ў нападах з тэрыторыі Беларусі, успрымаюць санкцыі занадта жорсткімі, і не гатовыя ўключацца ў вайну. Праз паўтара месяца ад пачатку вайны ва Украіне даследчыкі аналітычнага цэнтра Chatham House спыталі беларусаў, як яны да яе ставяцца.
Chatham House апытаў 823 рэспандэнты з 8 па 18 красавіка 2022 з дапамогай інтэрнэт-інтэрв'ю (CAWI). Выбарка адпавядае структуры гарадскога насельніцтва Беларусі, сцвярджаюць даследнікі. Яе скарэктавалі паводле полу, узросту, памеры населеных пунктаў і ўзроўню адукацыі. Удзельнічалі толькі карыстальнікі інтэрнэту. Хоць згодна з рознымі крыніцамі, 75−82% насельніцтва Беларусі выкарыстоўвае інтэрнэт, інтэрнэт-карыстальнікі больш эканамічна і сацыяльна актыўныя. Ёсць імавернасць, што падтрымка палітыкі Аляксандра Лукашэнкі можа быць трохі вышэйшай, чым адлюстравана ў апытанні, бо яго прыхільнікі часцяком менш сацыяльна і эканамічна актыўныя, чым яго праціўнікі, адзначаюць даследчыкі. Таксама даследчыкі адзначылі ўплыў боязі рэспандэнтаў пры праходжанні апытання. Статыстычная хібнасць выбаркі не перавышае 3,6%.
Мяркуючы па апытанні, 33% рэспандэнтаў вызначана не падтрымліваюць ваенныя дзеянні Расіі ва Украіне, 7% - хутчэй не падтрымліваюць. У суме 32% апытаных у рознай ступені падтрымліваюць вайну. Пры гэтым у асноўным апытаныя чакаюць негатыўных наступстваў ад вайны і для краіны, і для сябе асабіста. Вызначана пазітыўных для Беларусі наступстваў вайны чакаюць 8%, 11% называюць іх хутчэй пазітыўнымі, чым негатыўнымі. 34% чакаюць вызначана негатыўных наступстваў для Беларусі, 19% - хутчэй негатыўных.
Большасць апытаных (53%) лічыць, што ваенныя дзеянні будуць доўжыцца па меншай меры яшчэ некалькі месяцаў. На месяц разлічваюць 16%, 10% - на некалькі тыдняў, а вось 18% чакаюць, што вайна зацягнецца на гады. У выніку, грамадства ўспрымае канфлікт больш зацяжным, чым гэта здавалася яму раней, адзначаюць даследчыкі. З апытанных усяго 30% рэспандэнтаў чакалі, што канфлікт працягнецца яшчэ некалькі месяцаў. Прырост у гэтую групу здарыўся з групаў, якія раней лічылі, што канфлікт будзе доўжыцца ад некалькіх дзён да прыкладна месяца.
Чытайце таксама: «Россия не может проиграть эту войну». Лукашенко рассказал о своей роли в войне в Украине и о возможности ядерного удара
Нягледзячы на падзел меркаванняў у падтрымку і асуджэнне вайны, большасць апытаных (60%) чакаюць пагаршэння ўзроўню жыцця для простых беларусаў у бліжэйшыя тры месяцы. Толькі 10% думаюць, што яно палепшыцца. 63% чакаюць больш жорсткіх санкцый, 41% - немагчымасці купіць валюту, 66% - рэзкага росту коштаў, 44% - дэвальвацыі рубля.
Ці вінаватыя беларусы ў тым, што адбываецца?
Грамадства не згодна з тым, што просты беларус вінаваты ў сітуацыі, якая склалася. Апытаныя лічаць, што не заслугоўваюць такога негатыўнага стаўлення да сябе ад іншых краін, як расіяне. Усяго 15% апытаных у рознай ступені бачаць віну звычайных беларусаў у тым, што з іх тэрыторыі здзяйсняюцца ваенныя дзеянні супраць Украіны. Пры гэтым ёсць разуменне — санкцыі закрануць простых людзей.
Тыя з апытаных, хто не падтрымлівае дзеянні Расіі, часцей лічаць беларусаў таксама вінаватымі ў канфлікце; у той жа час яны часцей думаюць, што не заслугоўваюць такога ж негатыўнага стаўлення, як расіяне. У большасці сваёй усе групы рэспандэнтаў - як якія падтрымліваюць, так і тыя, што не падтрымліваюць дзеянні Расійскай Федэрацыі - згодныя з тым, што беларусы не заслугоўваюць негатыўнага стаўлення.
Як поспехі ў Расіі?
У ацэнцы паспяховасці дзеянняў расійскіх войскаў беларусы падзяліліся: тыя, хто падтрымлівае дзеянні Расіі, хутчэй лічыць, што яе дзеянні паспяховыя; тыя, хто не падтрымлівае, часцей кажуць, што поспехаў няма.
Актыўнага ўмяшання ў вайну жадае мала хто з рэспандэнтаў. Падобныя вынікі апытання былі і ў сакавіку. Падтрымаць дзеянні Расіі, але не ўступаць у ваенны канфлікт гатовыя 27% беларусаў - на 1% менш, чым раней. За поўны нейтралітэт і вывад усіх замежных войскаў выказаліся 23%, на 2% менш, чым раней. Асудзіць дзеянні Расіі, але не ўступаць у ваенны канфлікт хочуць 11% (было 15). Узяць удзел у вайне на баку Расіі хочуць 6%, на баку Украіны — 3%.
А раптам вайна?
Беларусы хутчэй не чакаюць, што вайна перакінецца на тэрыторыю Беларусі і што беларускія войскі будуць удзельнічаць у канфлікце. У іншы сцэнар вераць усяго 11%. Аднак 57% асцерагаюцца, што краіну ў вайну ўцягне Расія. 24% у рознай ступені вераць, што прэвентыўны ўдар з боку Беларусі выратаваў яе войскі ад атакі Украіны.
Калі ж вайна ўсё ж пачнецца і ў Беларусі, 29% закупяцца прадуктамі і лекамі, 24% пачнуць эканоміць, 10% - купляць валюту, 21% будзе рыхтавацца да пераезду, а 10% - пакінуць краіну як мага хутчэй. Сваё звычайнае жыццё працягнуць 28%. На антываенныя акцыі гатовыя хадзіць 15%, 7% будуць усяляк падтрымліваць удзел Беларусі ў вайне, і толькі 9% гатовыя ўступіць у шэрагі беларускай арміі.