У Беларусі пачаліся вялікія выхадныя — пасля суботы і нядзелі чакае непрацоўны панядзелак і Радаўніца ў аўторак. Hrodna.life паглядзеў, дзе ў горадзе можна адпачыць гэтымі днямі і што цікавага чакае гродзенцаў.
Субота — канцэртаў дзень
Суботнім вечарам 30 красавіка канцэрты чакаюць адразу ў некалькіх барах Гродна — застаецца толькі выбраць.
У бары «Five-No» чакае музычны вечар з брэсцкім гуртом «Сразу Май» пры падтрымцы гурта «Родник». Пачатак — у 21:00, afterparty да 04:00. Адрас — вул. Вялікая Траецкая, 46 (былы «Quester»). Уваход — 5 руб.
Тату-салон «Храброе сердце» праводзіць дабрачынную вечарыну «ДВОР-НЯШКІ». Можна дапамагчы знайсці дом і выжыць бяздомным коцікам. На вечарыне выступяць: Юры Дубовік (гурт «Вочы»), Зміцер Брытанаў (Race of Dreamers), Зміцер Казека і Сяргей «Іракез». Пачатак — у 19:00. Адрас — Леніна, 30. Уваход вольны. На вечарыну можна прынесці: корм (сухі, вільготны); напаўняльнік; цацкі; дапамогу ў стэрылізацыі і кастрацыі (аплаціць у клініцы); дапамогу ў аплаце лячэння хворых катоў (аплаціць у клініцы); кіпцяточкі; коўдры, пакрывалы, іншае баваўнянае рыззё; аўтадапамогу (жывёлам часта неабходная транспарціроўка ў ветклінікі і з яе). Пытанні па тэлефоне: +375 298 802 222.
У бары «Сон» адбудзецца сеанс аўдыё-візуальнага гіпнозу ад сталічнага прома-гурта NERVANA. Арганізатары абяцаюць максімальны камфорт і атмасферу для поўнай рэлаксацыі розумаў і целаў удзельнікаў вечара ў кампаніі NERV, TAINA, YUNIS. Адрас — Тэльмана, 4. Кошт сеансу: 10 руб. з рэпостам афішы ў сторыс не пазней за 22:00 у дзень мерапрыемства, 15 руб. без рэпоста.
Для аматараў рынга ў начным клубе «База» у суботу пройдзе чацвёрты турнір па адзінаборствах «Fight Time Promotion». У праграме 11 прафесійных баёў па правілах кікбоксінга, тайландскага бокса і ММА. Удзельнічаюць гродзенскія байцы, у рынг выйдуць і найлепшыя спартсмены Беларусі, чэмпіёны свету і Еўропы. Пачатак — 18.00. Адрас — вул. Перамогі, 35. Уваход — стандарт (стоячы) 25 руб., камфорт (седзячы) 35 руб. Праўда, арганізатары адзначаюць, што свабодных сталоў ўжо няма.
Традыцыйна да 1 траўня ў Гродне ўключаюць фантаны. Імпрэза, звязаная з воднай стыхіяй, пачнецца ў суботу каля самага вялікага фантана ў парку Жылібера ў 21.00.
Ёсць і сумныя падставы выйсці ў горад. 30 красавіка ў творчай прасторы «Свободная студия» — апошні дзень працы. У 18.00 можна прыйсці туды развітацца, абняцца і патанчыць. Адрас — вул. Маставая, 31. Уваход вольны.
1 траўня — свята ў парку, выстава сабак і стэндап у бары
1 траўня ў парку Жылібера будзе працаваць выязны гандаль. З 10.30 на летняй эстрадзе пачнецца канцэрт,
У Пышках адкрыюць сезон на танцпляцоўцы. З 14:30 да 15:00 выступяць творчыя калектывы Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры, з 15:00 да 18:00 пройдзе танцавальна-забаўляльная праграма.
На тэрыторыі базы адпачынку «Прывал» пройдзе Рэспубліканская выстава сабак. Пачатак — 10.00.
У сямейнай творчай прасторы «Маяк» на Горкага ў нядзелю пакажуць інтэрактыўную казку «Хто такая маці?». Казка разлічана на дзетак ад двух гадоў. Малых чакаюць танцы, гульні і творчасць. Імпрэзы будуць у 10.30−11.30 і 12.00−13.00. Кошт — 15 руб., для другога дзіцяці з адной сям'і - 10 руб., бацькам квіток не патрэбны. Папярэдне трэба запісацца ў дырэкт або па тэлефоне +375 33 312 47 00 (Наталля).
У рэстаране «Пешков» 1 траўня можна будзе зрабіць дзве падстаўкі пад шклянкі з эпаксіднай смалы. Пачатак -12:00. Адрас — Горкага, 27. Кошт — 50 руб. Запіс і дадатковая інфармацыя па тэлефоне + 375 292 222 427.
У кафэ «Авакава» увечары можна будзе пагуляць у «Мафію» — бясплатна, з папярэднім запісам. Пачатак — 19.00. Адрас — Кірава, 3.
У бары «Гудзіні» травень сустрэнуць стэндапам. На свабодны мікрафон трэба запісацца загадзя. Сбор гасцей з 17.30, пачатак у 18.00. Адрас — вул. Леніна 13. Уваход вольны.
В бары «Сон» 1 траўня пакажуць кінастужкі «Як скрасці мільён» і «Найлепшая прапанова». Пачатак кінавечара ў 19.30 і 22.00. Адрас — Тэльмана, 4.
Гастрафэст ужо ідзе
У Гродна ўжо пачаўся трэці рэспубліканскі гастрафэст. Ён працягнецца да 15 траўня. Тэмай фестывалю выбралі легендарных асобаў і іх смакавыя перавагі. Усе сэты на «Gastrofest.Легенды «каштуюць 34 руб., удзельнічаюць 12 устаноў горада. Месцы можна рэзерваваць загадзя.