У Беларусі пачынаецца эксперымент: у дзяржаўных установах аховы здароўя медыцынскія паслугі звыш аб’ёму гарантаванай дзяржавай бясплатнай дапамогі платна будуць аказваць па выхадных. Гэта закране не ўсе медустановы. У Гродне месцам такога эксперыменту выбралі гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.
Пастанова аб эксперыменце з платнымі медпаслугамі ў выхадныя дні апублікавалі на Нацыянальным прававым партале. Дакумент распрацаваны на запыт грамадзян, адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Выбраныя медустановы будуць аказваць платныя медыцынскія паслугі ў дзяржаўныя святы, непрацоўныя святочныя дні і ў выхадныя па жаданні грамадзян. Паслугі павінны адносіцца да «планавай першаснай, спецыялізаванай, высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі». Выключэннямі складуць медыцынскія паслугі дзецям і трансплантацыі органаў і тканак. Экстраная дапамога, да прыкладу, уваходзіць у аб’ём гарантаванай дзяржавай бясплатнай медыцынскай дапамогі і застанецца бясплатнай.
Каб рэалізаваць рашэнне, у штатны расклад увядуць дадатковыя пасады служачых (прафесій рабочых), якія ўтрымліваюцца за пазабюджэтныя сродкі. Аплачвацца будзе кошт знаходжання ў стацыянары, у аддзяленнях дзённага знаходжання, медыцынскія ўмяшанні, лекавыя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння і медыцынская тэхніка, не ўключаныя ў Рэспубліканскі фармуляр медыцынскіх вырабаў і Рэспубліканскі фармуляр лекавых сродкаў, і іншыя выдаткі, панесеныя ўстановамі аховы здароўя.
Эксперымент працягнецца роўна год — з 1 траўня 2022 года да 1 траўня 2023 года. Пасля гэтага да 1 ліпеня 2023 года Міністэрства аховы здароўя будзе аналізаваць вынікі і перадасць у Савет Міністраў свае прапановы па ўдасканаленні аказання платных медыцынскіх паслуг грамадзянам Беларусі ў дзяржаўных установах аховы здароўя.
Якія яшчэ ўстановы ўдзельнічаюць у эксперыменце
Акрамя Гродзенскай БХМД з рэгіёнаў у эксперыменце ўдзельнічаюць Віцебская, Магілёўская, Гомельская, Брэсцкая абласныя клінічныя бальніцы, Віцебскі абласны клінічны спецыялізаваны цэнтр, Барысаўская цэнтральная раённая бальніца і Астравецкая цэнтральная раённая клінічная бальніца.
У Мінску — бальніца хуткай дапамогі, абласная клінічная бальніца, абласная дзіцячая клінічная бальніца, 3-я гарадская клінічная бальніца, навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, РНПЦ «Маці і дзіця» і РНПЦ «Кардыялогія».
Чытайце таксама: