Некамерцыйныя арганізацыі ў Беларусі збіраюцца кантраляваць, каб яны не “фінансавалі тэрарызм”. Гэтым зоймецца Камітэт дзяржаўнага кантролю, паведамілі у ведамстве 28 красавіка.

У ведамстве збіраюцца выпрацаваць механізмы кантролю за некамерцыйнымі арганізацыямі. У планах – карэкціроўка заканадаўства, навучальныя мерапрыемствы з прадстаўнікамі НКА і “спецыяльнае маштабнае мерапрыемства” па ацэнцы рызык. Ацэнку збіраюцца правесці ў бліжэйшы час.

У ацэнкі дзве асноўныя задачы. Першая – выявіць формы НКА, у якіх ніжэй рызыка ўключэння ў злачынную дзейнасць. Другая – сканцэнтраваць кантроль на тых формах НКА, якім прысвояць высокую і сярэднюю ступень рызыкі.

Ліквідацыя арганізацый у Гродне

Летам 2021 года ў Беларусі пачаліся ліквідацыі дзесяткаў грамадскіх арганізацый. Больш за 10 арганізацый у Гродне ліквідавалі па рашэнні суда, сем – па рашэнні выканкамаў, некаторыя пачалі працэс ліквідацыі самастойна. Многія арганізацыі не былі звязаны з палітыкай, а займаліся настольнымі гульнямі, развіццём спорту і інфраструктуры, адукацыяй, аховай прыроды, краязнаўствам.

Ліквідацыя працягваецца і ў 2022 годзе. Напрыклад, у красавіку праз суд збіраліся ліквідаваць Гродзенскае грамадскае аб’яднанне “Краязнаўчае таварыства – Коматава”. Арганізацыя займалася вывучэннем гісторыі цэркваў, захаваннем і аднаўленнем гісторыка-культурнай спадчыны.

Сітуацыя ў краіне

У сакавіку 2022 года колькасць прымусова ліквідаваных некамерцыйных арганізацый дасягнула адзнакі 382 арганізацый, а колькасць некамерцыйных арганізацый, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі – 271. Такім чынам, грамадзянскі сектар Беларусі, пачынаючы з пасады выбарчага перыяду 2020 года, страціў ужо 653 зарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў, фонды, недзяржаўныя установы і асацыяцыі, падлічылі праваабаронцы Lawtrend.